Дарогу засцілаў туман.
- Дай я паеду.
Ты нервова
Тапіла ўсё глыбей педаль...
- Дык ты спалячыўся амаль?
Праз тры гадзіны адмыслова
Спалячышся... На ўсё жыццё...
Прымерзла мокрае лісцё
Да шкла.
- Дай скіну.
- Здзьме ў дарозе.
Нібы на хуткай дапамозе
Кагосьці везла ратаваць,
Ты гнала.
- Кінь ты гэтак гнаць,
А то й каталіком не стану...
Насустрач рваліся з туману,
Сляпілі колкія агні...
- Яблонская, ну не гані!
- Няўжо баішся, праваслаўны?
Чапляешся за гэты свет?..
Сюжэт мы закруцілі слаўны:
Раман!.. Акторка і паэт!..
Класічны ў нас з табой сюжэт -
І ўжо фатальны, непапраўны.
- Дай руль!
- Не дам.
Дакладна ролі
Распісаны.
Табе - твая.
- Яблонская, пад хвост шляя
Табе папала?..
Прапаролі!
Прабілі кола!..
Слізгата...
- Газ скідвай!
Завішчэлі шыны!..
- Не тармазі!
Удар!
Машына
Сустрэчная -
уніз з маста.
І Вітаўт з пустаты і звону
Сказаў:
- Няма ў Хрысце Хрыста,
Калі ягонага закону
Няма ў табе. Прымі закон.
Сівы, як кургановы сон,
Стаяў з Міндоўгам поруч ён,
Абодва - даўніна сівая...
- Па белым снезе кроў сцякае, -
Казаў далей ён, -
Гэта - шлях.
Яго пачаў я пад Дуброўнай.
Самой сабе там стала роўнай
Літва - і прырасла на Жмудзь.
Шлях не даваў мне Жмудзь вярнуць
Зноў крыжакам. Так перамога
Паразай стала. Жартам Бога.
Так Жмудзь Літвою прырасла. -
Туга ў вачах яго плыла...
- Ты плыў, як човен без вясла, -
Працягваў Вітаўт, - і заблытаў
Сябе і ўсіх... Цяпер забіты
Паўстане на шляху тваім...
Ты ведаеш, што будзеш з ім
Рабіць?..
Не ўсе пра тое знаюць...
Шлях можа стаць зусім пустым.
Забітымі не прырастаюць.
Забітых дух -
атрута ў целе.
Абедзьве чашы апусцелі,
Як ты ў іх зазірнуў... Згарні
Штандары, а мячы
вярні.
- Каму вярнуць?.. Вы здані, міты...
На вас кальчугі ўсе прабіты,
Вы ў ранах з галавы да ног!..
- Вярні мне меч! - закончыў Вітаўт.
- Вярні мне меч! - пачаў Міндоўг. -
До слоў!
За зброю зноў бяруся.
Скажу адно -
што ў той раз мусіў
Сказаць, але забыўся ў скрусе,
Бо ўжо сівая галава...
Няма ніякай Белай Русі,
А ёсць Вялікая Літва!
І хітрая Літва малая,
Былая Жмудзь, пра тое знае,
Вялікая - не хоча знаць...
З чаго ты польку ў жонкі ўзяць
Надумаў?..
Вітаўт праваслаўным
Пражыў жыццё - і беспадстаўна
Надзеі меў на польскі трон...
Ты чуеш пустату і звон?..
"Цудоўны цяг імкне вышэй, -
Шапталі мне два сны сівыя, -
Літоўскі Зьніч гарыць ярчэй,
Чым крыж на полацкай Сафіі,
Чым на любым касцёле крыж..."
- Князі Вялікія! Спарыш -
Адзін арэх, ці два? - спытаў я. -
Каталіцызм і праваслаўе -
Не той жа шлях?
"Наш шлях -
паміж, -
Шапталі сны, -
не берагамі,
А рэчышчам, ракой самой.
Пакінь усё і кроч за намі..."
...І нахіляўся паміж снамі,
І плыў са снамі нада мной
Яблонскай твар... Бялей, чым белы...
- Ты цэлая?
- Ты цэлы?
- Цэлы,
пайшлі...
Абрыў.
Рака ў тумане.
Разбіты "Паланэз".
Мужчына малады ў сутане.
- О, Божухна!.. Святы айцец...
- Ты ведаеш яго?..
Сталёва
Шарэў твой твар...
- Ён з Чанстахова...
На Яснай Гуры меў служыць...
Мы да яго...
- Не можа быць...
- Паслаў яму Гасподзь збавенне
Ад нас...
Што ж мы ўчынілі?..
Жах!..
Ён жыў яшчэ... Не страх - здзіўленне,
Як шкло, плыло ў яго вачах.
"Так быць не можа, бо не можа
Так быць ніяк, ніяк, ніяк!..
Ну што ж гэта такое, Божа?!.
Ну што за знак?.. Ну што за знак?.."
Паліцыя.
- Вы разам?
- Так.
- Хто за рулём быў?
- Я.
- Няпраўда!
Я за рулём была.
- Ну, што ж...
- Мы ўсё зрабілі як найгорш -
І ўсё ж, і ўсё ж, і ўсё ж, і ўсё ж
Я рада быць з табой...
- Ты рада?..
З нябёс
на лёс,
на аўтастраду -
Са снегам дождж,
Са снегам дождж.
Ксёндз Караль Корсак, я без скуры...
Крані. Глядзі: на пальцах кроў.
Звіняць званы на Яснай Гуры:
Радзіны... Хрэсьбіны... Хаўтуры...
Читать дальше