Гадоў нямала прамінула,
Вады нямала працякло,
На хутар ліха заглянула,
I слёз нямала там было.
Бабусю Насцю пахавалі
I дзеда ледзь адратавалі,
Па свеце ліха прагуло,
Пасля заснула. Стаў нанова
Патроху хутар ажываць,
I шчасце зноў прыйшло з дубровы
Да дзеда ў хату спачываць.
Ужо Марка чумакуе
I восенню не начуе
Ні ў хаце, ні пад хатай,—
Каго-небудзь яму сватай!
Стары думае: «Каго ж бы?»
I просіць парады
У наймічкі. А наймічка
Да царэўны б рада
Сватоў паслаць: «Трэба ў Маркі
Запытаць самога».
«Добра, дачка! Запытаем
Ды за справу з богам!»
Сталі радзіцца, пытацца,
А пасля з сватамі
Пайшоў Марка. Вярнуліся
Людзі з ручнікамі,
З святым хлебам абмененым.
Высваталі панну —
Хоць бы гетману самому,
Дык было б да стану.
I дзе яны гэтакае
Дзіва напаткалі?!
«Дзякуй жа вам! — стары кажа,—
Цяпер, каб вы зналі,
Да канца давесці трэба —
Дзе, калі вянчаці,
Дый вяселле! Вось яшчэ што:
Хто ў нас будзе маці?
Не прыждала мая Насця!..»
Заліўся слязамі.
А наймічка ўхапілася
За вушак рукамі,
У парозе абамлела.
Ціха стала ў хаце,
Толькі наймічка шаптала:
«Маці... маці... маці!»
Цераз тыдзень маладзіцы
Каравай мясілі
На хутары. Стары бацька,
Колькі мае сілы,
З маладзіцамі танцуе
Ды двор вымятае,
Каго ўбачыць на дарозе —
У двор запрашае,
Ды гарэлкаю частуе,
На вяселле просіць,—
Забегаўся, аж самога
Ледзьве ногі носяць.
Чуцен рогат і гармідар
Аж на ўсім падвор’і.
Павыносілі начоўкі
З новае каморы.
Кожны ўходжваецца: варыць,
Падмятае, мые —
Чужыя ўсё. Дзе ж наймічка?
Пайшла яна ў Кіеў
Памаліцца. Прасіў стары,
А Марка аж плакаў,
Каб яна была за матку.
«Не, Марачка, дзякуй!
Быць мне маткай не да твару —
Багатыя ж людзі,
А я наймічка... Смяяцца
Кожны з цябе будзе.
Няхай бог вам памагае!
Пайду памалюся
Усім святым у Кіеве
Дый да вас вярнуся.
Як прымеце мяне ў хату,
Пакуль маю сілы,
Папрацую...»
Шчырым сэрцам
Паблагаславіла
Свайго Марку... Заплакала,
Пайшла за вароты.
Разгарнулася вяселле —
Музыкам работа
I падковам. Гарэлкаю
Сталы, лавы мыюць,
А наймічка кандыбае,
Спяшаецца ў Кіеў.
Прыйшла ў Кіеў — не спачыла,
У мяшчанкі стала,
Нанялася ваду насіць,
Бо грошай не стала
На імшу святой Варвары.
Насіла, насіла,
Копаў з восем зарабіла,
Шапачку купіла
Потым Марку ў пячэрах
Івана святога,
Каб галоўка не балела
Ў Марка маладога.
I пярсцёнак у Варвары
Нявестцы дастала,
I, адбіўшы ўсе паклоны,
Дамоў пакульгала.
Вярнулася. Кацярына
I Марка сустрэлі,
Запрасілі яе ў хату,
За стол з ёю селі,
I паілі, і кармілі,
Пра Кіеў пыталі,
А пасля яе ў пакоі
Адпачыць паслалі.
«За што яны мяне любяць?
За што паважаюць?
О мой божа міласэрны!
Можа, яны знаюць...
Дагадаліся ўжо, можа...
Хаця не,— сказала,—
Яны добрыя...» I Ганна
Цяжка зарыдала.
Тройчы крыга замярзала,
Тройчы раставала,
Тройчы ў Кіеў Кацярына
Ганну выпраўляла,
Быццам маці. I ў чацвёрты
Правяла ў дарогу
Пад курган той, што на полі,
Ды прасіла бога,
Каб хуценька вярнулася:
Без яе ж у хаце
Неяк сумна, быццам хату
Пакінула маці.
Раз у нядзелю на прачыстай
На прызбе на сваёй Трахім
Сядзеў сабе ў кашулі чыстай,
Капелюшы. А побач з ім
Унук з сабакам забаўляўся.
А ўнучка, ў матчынай спадніцы,
Прыйшла, як ходзяць маладзіцы,
Да дзеда ў госці. Засмяяўся
Стары і ўнучку прывітаў,
Нібы сапраўдную кабету.
«А булкі дзе ж табой падзеты?
Ці мо хто ў лесе адабраў?
Ці мо забылася ты ў хаце?
А мо зусім не напякла?
Э, сорам! Вылітая маці!»
Аж зірк! — і наймічка ўвайшла
У двор. Пабег дзед сустракаці
З унукамі сваю Ганну.
«А Марка ў дарозе?» —
Ганна ў дзеда спыталася.
«Яшчэ ўсё ў абозе».
«А я ледзьве дадыбала
Да вашай хаціны.
Не хацела паміраці
Адна на чужыне.
Каб хоць Маркі дачакацца!..
Нешта цяжка стала...»
I з клуначка яна ўнукам
Гасцінцы вымала:
Медалікі і крыжычкі,
Пацерак шнурочак
Ярыначцы і чырвоны
З фольгі абразочак,
А для Карпа салавейку
Ды конікаў пару,
А чацвёрты аж пярсцёнак
Ад святой Варвары
Кацярыне, а старому
З восачку святога
Тры свечачкі. Толькі Марку
I сабе нічога
Не прынесла: не купіла —
Грошай не хапіла,
Зарабіць жа не прыйшлося.
«Яшчэ асталося
Бараначка палавінка».
Дзецям раздзяліла.
Читать дальше