Зазванілі у Канстанцы
Рана ва ўсе звоны.
Тлум сабраўся кардыналаў
Гладкіх і чырвоных,
Як бугаёў на выпасе,
I натоўп прэлатаў,
I тры папы, і баронства,
I князёў багата.
Сабраліся, як Іуды
На суд непраўдзівы
Супроць Хрыста. Сваркі, гоман —
То раве, то вые,
Нібы нейкі дзікі табар
Ці кагал у школе...
I — ўсім разам як зарвала!..
Як кедр сярод поля
Ліванскага,— у кайданах
Стаў Гус перад імі.
I акінуў нечасцівых
Орлімі вачымі.
Затрасліся, пабялелі,
Моўчкі азіралі
Мучальніка. «Што ж вы мяне —
На дыспут пазвалі?
Ці каб глядзець на кайданы?»
«Маўчы, чэх бязверы...» —
Гадзюкаю зашыпелі,
Зараўлі, як зверы.
«Ты ерэтык! Ты ерэтык!
Ты сееш расколы!
I нязгоды развіваеш,
Свяцейшае волі
Не прымаеш!.. Адно слова! —
Ты богам пракляты!
Ты ерэтык! Ты ерэтык!..» —
Раўлі ўсе прэлаты.
«Ты усобнік!.. Адно слова —
Ты ўсімі пракляты!..»
Паглядзеў Гус на прэлатаў,
Дый пайшоў з палаца.
«Пабаролі! Пабаролі!..»
Нібы звар’яцелі.
«Аўтадафэ! Аўтадафэ!..» [94] Аўтадафэ! Аўтадафэ! — пакаранне смерцю на кастры (з партугальскай мовы).
—
Гуртам заравелі.
I ўсю ноч банкетавалі
Папы, бароны... Ўсе пілі
I сп’яна Гуса пракліналі,
Аж покі звоны загулі.
I дзень настаў... Ідуць маліцца
Ксяндзы за Гуса. 3-за гары
Выходзіць сонца, аж гарыць.
I сонца хоча падзівіцца,
Што будуць з праведным тварыць?!
Зазванілі ва ўсе звоны.
I павялі Гуса
На Галгофу у кайданах...
I не пахіснуўся
Перад агнём. На агні стаў
I моліцца богу.
«О госпадзі міласэрны!
Што зрабіў я злога
Гэтым людзям, тваім людзям?
За што мяне судзяць?
За што мяне распінаюць?
О людзі вы, людзі!
Маліцеся! Вы — нявінны!
І з вамі так будзе!
Маліцеся! Прыйшлі зверы злыя
У авечых шкурах,
Кіпці распусцілі...
Ні горы, ні муры
Не схаваюць. Разальецца
Чырвонае мора
Крыві. Крыві з дзяцей вашых...
О гора! О гора!
Унь яны! Ў адзежах ясных
Іх лютыя вочы...
Ужо ў крыві...
«Палі! Палі!
Крыві! Крыві хочуць!
Крыві вашае!..» I дымам
Праведнага ўкрыла.
«Маліцеся! маліцеся!
Госпадзі, памілуй,
Даруй ты ім — не ведаюць!..»
Ды не чутна стала!
Вакол агню, як сабакі,
Ўкруг манахі сталі.
Баяліся, каб не вылез
Гадзюкаю з жару
Ды не павіс на кароне
Або на ціары.
Пагас агонь, дзьмухнуў вецер
І попел развеяў.
I бачылі на ціары
Чырвонага змея
Людзі простыя. Манахі
Te deum [95] Te deum laudamus — «Цябе, бога, славім» (лац.) — каталіцкая малітва.
спявалі.
Разышліся па хаўтурах
I хаўтуравалі
I дзень і ноч, аж папухлі.
Малою сям’ёю
Прыйшлі чэхі, зямлі ўзялі
З таго кастра, з ёю
Пайшлі ў Прагу. Гэтак Гуса
Ксяндзы асудзілі,
Запалілі... Ды божага
Слова не спалілі,
Не згадалі, што вылеціць
Арол з па-над хмары —
Замест гуся — і расклюе
Папскую ціару.
Дык няхай ім! Разбрыліся,
Як тыя вароны,
З крывавага таго свята
Манахі, бароны,
Парасселіся ў будынках,
Клопату не маюць,
Банкетуюць, час ад часу
Te deum спяваюць.
Ўсё зрабілі... Ды чакайце!
Унь над галавою
Стары Жыжка з Табарова [96] Стары Жыжка з Табарова — Ян Жыжка. Пасля смерці Яна Гуса ўзначальваў вызваленчую барацьбу народных мас Чэхіі супраць каталіцкай царквы, феадальнага прыгнёту і нямецкага засілля. Гэтая барацьба вылілася ў гусіцкія войны. Табароў — адзін з цэнтраў гусітаў.
Махнуў булавою.
У нядзелю раным-рана
Поле крылася туманам,
На кургане сярод поля,
Як пахілая таполя,
Маладзіца маладая
Нешта к сэрцу прытуляе
Ды з туманам размаўляе:
«Ой, тумане, тумане,
Мой ты лёс-гараванне!
Чаму мяне не схаваеш
У гэтым кургане?
Чаму ты мяне не ўгоніш
У гэту зямельку,
Маёй долі не засыплеш,
Не ўбавіш мне веку?
Не душы мяне, тумане,
Схавай толькі ў полі,
Каб ніхто не знаў, не бачыў
Маёй цяжкай долі...
Я не адна: у мяне ёсць
I бацька і маці...
У мяне ёсць... Туманочку!!.
Тумане, мой браце!..
Нехрышчоны мой сыночак,
Мой любы саколе!
Не я цябе хрысціць буду
На марную долю,
Перахрысцяць цябе людзі,
Я ж не буду знаці,
Як завешся... Дзіця маё!
Жыла я ў багацці...
Не лай мяне! Я выпрашу
I вымалю ў бога
Долю, выплачу слязамі
Для сына малога!»
Пайшла полем праз туманы,
Ішла і рыдала,
Ды праз слёзы ціха-ціха
Пра ўдаву спявала,
Як яна ў рацэ Дунаі
Сыноў пахавала.
«Ой, у полі магіла,
Удава там хадзіла,
Ой, хадзіла, гуляла,
Зводу-зелля шукала.
Зводу-зелля не знайшла,
Ды сыноў двух прывяла,
У кітайку спавіла
I Дунаю аддала,
Ціхі-ціхі Дунай!
Маіх дзетак забаўляй,
А ты, жоўценькі пясок,
Даглядай сыноў, браток,—
Іх купай, спавівай
I сабой накрывай!»
Читать дальше