Не завідуй багатаму:
Багаты не знае
Ні прыязні, ні любові —
Бо ён іх наймае.
Не завідуй магутнаму,
Бо той прымушае.
Не завідуй і слаўнаму:
Слаўны добра знае,
Што не яго людзі любяць —
Любяць тую славу,
Што ён цяжкімі слязамі
Выліў на забаву.
Маладыя ж як сыдуцца —
Дык люба ды ціха,
Як у раю. А паглядзіш —
Варушыцца ліха.
Не завідуй жа нікому,
А зірні наўкола;
Няма раю на ўсёй зямлі,
Як і ў небе гола.
Шафарыку [80] Шафарык П. Й. (1795—1861) — чэшскі і славацкі вучоны, прафесар Пражскага універсітэта. Яго працы прысвечаны этнаграфіі, археалогіі, гісторыі, філалогіі славян. Яны садзейнічалі культурнаму збліжэнню і яднанню славянскіх народаў.
Падпалілі ў суседа
Новую хаціну
Злыя людзі, нагрэліся,
Пайшлі на спачынак,
Ды забылі шэры попел
Па ветры развеяць.
Ляжыць попел на ростані,
А ў попеле тлее
Іскра агню вялікага.
Тлее, не згасае,
Жджэ падпалу, як той помснік,
Часу дажыдае,
Злога часу. Тлела іскра,
Тлела, ўсё чакала
На ростані, на шырокай
Ды ўжо гаснуць стала.
Вось так нямчура запаліла
Вялікі дом наш. I сям’ю,
Сям’ю славянаў падзяліла
I ціха, ціхенька ўпусціла
Нязгоды лютую змяю.
Паліліся крыві рэкі,
Пажар загасілі.
А нямчуры пажарышча
Й сірат падзялілі.
Вырасталі ды ў кайданах
Славянскія дзеці
I забыліся ў няволі,
Што яны на свеце!
А на даўнім пажарышчы
Іскра брацтва тлела —
Датлявала і чакала
Цвёрдых рук ды смелых.
I прыждала... Стала бачыць
У тым тле глыбока
Агонь добры смелым сэрцам,
Смелым орлім вокам!
I засвяціў любамудры,
Светач праўды, волі...
I славянскія народы
У цьме і няволі
Пералічыў да аднаго,
Пералічыў трупы,
А не славян. I ты стаўся
На вялікіх купах —
На ростані усясветнай —
Іезекіілем [81] Іезекііль — біблейскі прарок.
.
I — о дзіва! Трупы ўсталі
I вочы раскрылі,
I брат з братам абняліся,
I прагаварылі
Слова ціхае любові
Навекі і векі!
I паплылі ў адно мора
Славянскія рэкі!
Слава табе, любамудры,
Чэху-славяніне,
Што не даў ты патануці
У нямецкай плыні
Нашай праўдзе! Тваё мора
Стане морам новым!
Будзе скора яно поўным,
I паплыве човен
З шырокімі ветразямі,
Са стырном удалым,
Паплыве па вольным моры,
На шырокіх хвалях.
Слава табе, Шафарыку,
Вавекі і векі,
Што сабраў ты ў адно мора
Славянскія рэкі!
Прывітай жа ў сваёй славе
I маю нябогу,
Лепту-думку нямудрую
Пра чэха святога,
Вялікага мучальніка,
Пра слаўнага Гуса!
Прымі, ойча. А я ціха
Богу памалюся,
Каб усе славяне сталі
Добрымі братамі,
I сынамі сонца праўды,
I ерэтыкамі,
Вось такімі, як Канстанцкі
Ерэтык вялікі! [82] Канстанцкі ерэтык вялікі — Ян Гус (1369—1415) — сацыяльны і рэлігійны чэшскі рэфарматар, натхняльнік антыфеадальнай і нацыянальна-вызваленчай барацьбы чэшскага народа. За выкрывальныя выступленні супраць царквы быў агалошаны ерэтыком і спалены ў г. Канстанцы.
I мір свету падаруюць,
I славу вавекі!
Камень, его же небрегоша зиждущий, сей бысть в[о] главу угла; от господа бысть сей, и есть дивен во очесех наших.
Псалом 117, стих 22
«Кругом няпраўда і няволя,
Народ замучаны маўчыць.
I на апостальскім прастоле
Чарнец адкормлены [83] Чарнец адкормлены. Шаўчэнка мае на ўвазе папу рымскага.
сядзіць.
Крывёй гандлюе пад’ярэмных
I рай у наймы аддае!
Цару нябесны! Надарэмны
Твой суд і царствіе твае.
Разбойнікі, людаеды
Праўду пабаролі,
Асмяялі тваю славу
I сілу і волю.
У кайданах зямля плача,
Як па дзецях маці.
Няма каму раскаваці,
Аднадушна стаці
За евангелле той праўды,
Якой прагнуць людзі!
Няма каму! Божа! Божа!
Ці ж то так і будзе?
Не! Настане час вялікі
Нябеснае кары!
Ці разломім тры кароны
На гордай ціары! [84] Ці разломім тры кароны на гордай ціары? Ціара (тыяра) — карона рымскіх пап. Спачатку яна мела форму высокай мітры (шапкі), а з часам папы дадалі тры вянцы-кароны — сімвалы ўлады папы як суддзі, заканадаўцы і свяшчэннаслужыцеля.
Так, разломім! Благаславі
На помсту, на мукі,
Благаславі мае, божа,
Няцвёрдыя рукі!»
Вось так у келлейцы праўдзіва
Іван Гус думаў разарваць
Аковы пеклавы!.. I дзіва,
Святое дзіва паказаць
Вачам нязрачым.
Читать дальше