Дый той пагрэбуе напэўна,
I адляціць адразу прэч...
Сказаў жартліва ён, ці гнеўна:
— Цяпер я хто? Пустая рэч!
Цяпер уцеха ўся за шклянкай
Благога таннага віна.
А хтосьці з жонкай, ці з каханкай...
Мне-ж — толькі ложак і сьцяна.
Браткі, за ваша п'ю здароўе!
Згадайма дзён мінулых звон,
Як малако пілі кароўе,
А на вясельлях самагон...
Пасьля зусім раскіс прамоўца,
Пачаў ён лаяць цэлы сьвет.
А я маўчаў. I ані слоўца.
Я ўспомніў дзедаў запавет:
Сілаю не выхваляйся,
У душы хвалька душы.
З мілаю не памыляйся,
Маеш грошы — не грашы.
Маё вандроўнае жыцьцё,
Жыцьцё на колах і на крылах.
Са мной сьвятое пачуцьцё —
Любоў да блізкіх і да мілых.
Мне блізкі, родны, мілы — той,
Хто цяплыню, людзкую шчырасьць
Ня студзіць гучнай балбатнёй,
А йдзе ў давер і ціхамірнасьць.
Я еду, плаваю, ляту,
I ўсюды чуюся, як дома.
А як наступяць на пяту, —
Маўчу, хоць і баліць, вядома.
Сяброўства з вершамі ў глушы
I ў шумным горадзе Нью-Ёрку.
Казала сэрца мне: пішы!
Я слухаў шчырую гаворку.
Пазнаў і сьвет і дзікуноў,
I ў пышных строях і паўголых...
Я ўсіх люблю. Маё ізноў
Жыцьцё на крылах і на колах.
Дарогі — наша школа,
Наш унівэрсітэт,
Шырокіх ведаў кола
I паэтычны сьвет.
Дарогі добра вучаць,
Хоць томяць часьцяком.
З людзьмі, з прыродай лучаць,
Знаёмяць з хараством.
I як не хвалявацца —
Паміж людзей расьцеш.
I радасная праца
Без перашкод і меж.
Дарогі — наш ратунак
Ад гора і нуды,
Найлепшы падарунак —
З вандроўкаю гады.
I можна палагодзіць
Час добры і ліхі,
Бо самалёт праходзіць
Блакітныя шляхі.
Вунь самалёт крылаты
Пад сонцам. Назірай!
Там — хмары быццам з ваты,
Вышэй — блакітны край.
Блакітным краем — раем
Прастора ў вышыні.
Дарогаю зьбіраем
Мы сонечныя дні.
I новыя сустрэчы,
Усьмешкі і цяпло.
Зьнікае сум старэчы,
Ізноў як і было.
Тэатры і музэі,
Тавэрны, кірмашы.
Мізэрнае марнее.
Мазаіка ў душы:
Пачуцьці, захапленьні,
Уражаньні і сьпеў,
I тыя лятуценьні,
Што зьдзейсьніць не пасьпеў.
Натхненьне. Зноў узьлёты
I думак матылі.
Чыгунка, самалёты
I ў моры караблі.
Наземныя дарогі,
Блакітныя шляхі.
Там гінуць ад зьнямогі
I слабасьць і грахі.
Зямляк мой, ты ў самоце,
Адчуўшы заняпад,
Глядзіш праз дзірку ў плоце
На расквітнелы сад.
А гэта — сьвет маленькі,
Дзе можна толькі цьмець
I, як на пні апенькі,
У шэрані трухлець.
Няўжо нішто ня кліча,
I цемрай заплылі
Натхненнае аблічча
I хараство зямлі?
Дарога добра вучыць,
Настаўніца яна.
Стамляе часам, мучыць,
Пазнаная здаўна.
Навошта да парога
Прысох ты, дамасед?..
Блакітная дарога
Вядзе ў прыгожы сьвет.
Па нашай плянэце —
Старэнькай зямлі
I ў сьмецьці і ў цьвеце
Дарогі прайшлі.
Дарога — дар Бога.
Дарога жыцьця
Вядзе ад зямнога
Да звышпачуцьця.
А гэта я словам
Акрэсьліць хачу,
Каб цешыцца новым,
Каб жар — уваччу.
Каб сьлёзы кіпелі —
Я выйду ізноў,
Амыты ў купелі
Народжаных слоў.
Я сёньня ў дарозе
I думкі мае
Ў пяшчотнай трывозе,
А сэрца пяе.
Бязьмежнасьць прасторы —
Зямля, акіян,
I пушчы, і горы,
I сьнег, і туман.
Дарога — дар Бога —
На радасьць вядзе,
I толькі слабога
Трымае ў бядзе.
Слабога ня целам,
А духам. I той
Акном залацелым
Выходзіць на свой
Пусты панадворак,
Ня бачыць красы —
Ні Альпаў, ні зорак,
Ні зьзяньня расы.
Ня бачыць нічога
На месцы старым.
Яму шлях-дарога
Страшней як Нарым.
Ён бавіцца ў хаце,
Дзе ўсё пад рукой,
Дзе думка аб страце
Нясе непакой.
Інакшай праявай —
Натура мая.
Каханай, ласкавай
Суцешаны я.
Я з ёю прамерыў
Нямала дарог.
Я ў шчасьце паверыў,
Знайшоў і зьбярог.
I з горсткаю згадак
Сядаю за стол.
У хаце парадак,
Утульна вакол.
Читать дальше