Даўней бацькі казалі мне:
— У нас вясна фіялкавая.
Ты пакланіся ёй, вясьне,
Яна неабыякавая.
Яна сьмяецца раз на год
Падсьнежнікамі, прымуламі.
Другі на сёлета зварот
Малілі, а ня вымалілі.
Вясны падвойнай не спаткаць
З вярбой, з дубцамі зрэзанымі.
На рунь ідзе, і адцьвітаць
Пачне кустамі бэзавымі.
Ты пакланіся ёй, вясьне,
Ды з песьняю вясьнянкаваю.
Яна ў Палескай старане
Ў сакавіку фіялкавая.
А завітае раз на год,
Кусты распусьціць бэзавыя,
I цэлы год на паварот
Шляхі ў наш край адрэзаныя.
Таму дзьвюх вёснаў не чакай.
Павінны быць усьцешанымі,
Што на вясьне сьмяецца гай
Бярозамі, алешынамі.
Паветра ў сонечныя дні
Аж сокамі насычанае.
I ты глыбей яго ўдыхні —
Сваё, незапазычанае.
...Мінаюць сталыя гады.
I я ў куты аддаленыя
Забраўся. I вясна — сюды.
Цьвітуць сады міндалевыя.
А як вярнуўся да радні —
I вуліца асьнежаная,
I холад, і ў завеях дні,
I з цёплаю адзежынаю.
Але і тут ідзе на спад:
Цяпло павее сонечнае,
Пакрые белым цьветам сад.
Цьвіценьне хмельна-слодычнае...
I сёньня словы даўніны —
Нямыя, незасьведчаныя.
У гэтым годзе дзьве вясны
Сьпяваюць мне расквечаныя.
Не разумелі мы
Цудоўнага багацьця на Палесьсі,
Не вычувалі радасьці
Ад вохнай сенажаці
I ня слухалі сьпеваў прыроды:
Цьвіркуноў у траве,
Жабаў на балоце,
Зязюлі ў лесе,
Пеўняў на сяле.
Мы ня бачылі
Нашых палескіх зьвяроў:
Мядзьведзя-ласуна,
Хітрай ліскі,
Вёрткай ласкі,
Лася і сарны,
Зайца і вожыка.
Мы рыбу лавілі сецямі,
Не шкадуючы малявак.
А рыбы было — процьма!
Зіхацелі жывым срэбрам
Шчупакі, карасі і плоткі.
I ўсё гэта нас
Не хвалявала,
Не расчульвала.
Мы нічым не захапляліся —
Ні звонам жаўрука ў полі,
Ні сьвістам салаўя ў садзе,
Ні клёкатам бусла на высокім вязе.
Дар бацькаўшчыны
Прымалі мы, як належнае,
Як натуральна звыклае.
Не цанілі.
Не заўважалі.
Не прыглядаліся.
Дразды, гракі і галкі —
Чорныя птушкі
I, здавалася нам,
Ніякай розьніцы няма.
Вароны, шпакі і вераб'і —
У шэрых сьвітках.
А ці ўсё шэрае?
А сьнягіры ў чырвоных камізэльках!
А пярэстыя берасьцянкі і сініцы!
А яшчэ жоўтагрудыя чыжы
Ды іншыя непазнаныя.
Зьвяры Палесься
I крылатыя стварэньні,
Вамі ня цікавіліся мы.
Цьвіль абыякавасьці
Пакрывала наш хатні спакой.
Мы ня чулі, ня бачылі...
Мы сьпявалі чужое, дробязнае.
Дабрадзейныя справы, учынкі прыгожыя
I братэрскія сувязі — мне не варожыя.
У далёкіх краёх, у чужой старане
Навучылі дарогі любові мяне.
На дарогах — сустрэчы, здарэньні цікавыя.
Разам з гэтым знаходжу ня толькі забавы я.
Бачу гора і радасьці добрых людзей,
I адказ на праблемы гарачых падзей.
Бачу я, што і шчасьце зьвінiць не падковаю,
Што той дзедавы сымбаль у змрок адышоў.
Людзі часта дарогай ідуць памылковаю
Да ідэяў, — дарогай дурных кірмашоў.
Раса, нацыя, кляса, рэлігія, партыя
Для сяброўства хіба перашкоды упартыя?
Дык навошта пастаўлены вечны бар'ер?
А душа чалавека! А добры намер!
А спагаднай усьмешкай нядоля спатканая!
Слова ўцешнае грэе жыцьцё на зямлі.
Ёсьць здалёку сябры, а паблізу каханая.
З цёплай ласкі — і краскі ў душы зацьвiлi.
Край малочны. Дабрыня!
Еў сыры я ў Амстэрдаме.
Хатні сыр ім не раўня,
А яго хацеў-бы я...
Мы даўней рабілі самі.
У гліняных гладышох
Малако за дзень скісала.
А пад бэлькай у клінкох
Сыр бурштынам цьвёрдым сох,
Ён ня кроіўся, як сала.
Сыр крышылі секачом
На кавалкі, на драбочкі.
Той, галяндзкі, на вачох
Нарадзіўся галышом, —
Гэты выняты з сарочкі,
З палатнянага клінка.
Ён крыху саланаваты.
Клапатлівая рука
Прыкладала да сырка
Смак прыемны роднай хаты.
Што за сыр! Грызі грызьма!
Тут, шкада, яго няма.
Заглянуў я да суседа
З беларускім караваем.
Ён чакаў мяне. Ён ведаў,
Што мы ў шахматы згуляем.
I згулялі, і сустрэлі
Цёплы вечар, весьні подых.
Мы пачуцьці разагрэлі
На задумных хітрых ходах.
Пешкі сьпешна — у атаку,
Конь улукаткі ўжо скача,
А кароль маўклівы знаку
Не дае, што будзе здача.
Читать дальше