Але чый кароль — пабачым.
Кожны йдзе сваёй дарогай.
Праз няўдачы мы ня плачам,
Ня сьмяемся з перамогай.
Я з табой, сусед, сябрую,
Ты паходзіш з майго краю.
Не каня прайграў, ня збрую —
Дзелім лусту караваю.
Сарваў я ў жыце каласок.
Пазногцем адшчыкнуў сьцябло,
Зрабіў з яго сьвісьцёлку.
Падзьмуў напорна —
Малое сьцятае сьцябло
Тонка засьпявала.
Ці ня кроў зялёная
Ў ім гаманіла?
Гэта было даўным-даўно,
На мяжы майго дзяцінства.
А ўжо мінула паўстагодзьдзе.
I азваўся голас тэй сьцяблінкі.
Былы жытнёвы стогн
Выпесьціў песьню
Сьпелага ўраджаю.
Я сьпяваю, я граю
Не на сьцяблінцы —
На лістох паперы.
А зялёны колас?
Цяпер — не сарву.
Расьці сабе ў полі,
Узьнімайся налітым зернем,
Чакай свайго жніва.
Шасьцеў аер з трысьцём-чаротам,
Зьвінелі нудна камары.
Плач куліковы над балотам
I клёкат бусла на зары.
А час імглой той сьвет завесіў,
Расьцёрта ўсё, бы ў макатры.
Сякуць-пілуюць на Палесьсі,
Пустэчай цешацца вятры.
Цяпер ідзе мэліярацыя,
Няма дрыгвы і куліка.
А буслу сьніцца эміграцыя,
Дзе сьпевы жаб з-пад лазьняка.
I ён гняздо сваё пакіне,
I будзе горка сумаваць,
Але пачне ў чужой краіне
Зноў бусьлянятак гадаваць.
Там жыўнасьць у вільготным лесе
Пакуль што людзі не зьвялі.
Расьце спакойнае палесьсе
На тэй нязьведанай зямлі.
Зашмулены шкумацік памяці:
Вакзал. Чыгуначны даўжэзны мост.
Вы за руку мяне трымаеце,
I мы над рэйкамі ідзем наўпрост.
Дайшлі па мосьце да сярэдзіны.
I сам ня ведаю, чаму я тут
I пачуцьцём якім заведзены.
Стаім. А ўнізе цягнікоў маршрут.
Вы штосьці горача гаворыце.
За грукатам ня чую вашых слоў.
А дзесьці гулкі рух у горадзе
I радасны наплыў вясновых сноў.
Усьцешаная тэй хвілінаю,
Мая душа сьпявала і цьвіла...
Гляджу ў мінуўшчыну глыбінную.
Хто вы? Даўно схавала вас імгла.
А можа ў згадках вы паўстанеце,
Ці разарвецца маіх думак ніць.
Зашмулены шкумацік памяці...
Я не магу чагосьці аднавіць.
Панядзелак, аўторак, серада і чацьвер,
Потым пятніца прыйдзе, субота, нядзеля.
Тыдзень — музыка ў словах. I любоў, і давер,
I прыгожа прадзецца натхненьня кудзеля.
Крута круціцца спрытнае верацяно
Нітка тонкая мрояў віецца, ня рвецца.
Сьпеў салодкі, далёкі я чую даўно,
Бачу радасьць на кожнай былінцы, на кветцы.
Добры тыдзень — ня злыдзень. Ён сьпявае са мной.
Панядзелак, аўторак... — лічу да нядзелі.
Пералік узьнімае мой рытмічны настрой,
Словы самі карону на верш мой надзелі.
Панядзелак, аўторак, серада і чацьвер,
А за пятніцай — вікэнд: субота, нядзеля.
Адпачынак. У вырай. Я — свабодны цяпер.
Я пішу дзеля шчасьця людзкога і дзеля
Тых, якія паэзію любяць маю.
Сёньня пішацца лёгка. Мой тыдзень сьпявае.
На сівую зіму ня гляджу, а пяю,
Бо трымаецца сіла ў грудзёх веснавая.
Дзеля мяне цьвіла зямля ўся,
З маленства мне сьпяваў абшар.
Я часта песьняй захапляўся
Ля хат сялянскіх і кашар.
Ды трапіў я ў цяжкую фазу
Майго турботнага жыцьця,
Як бэз вясны ў пустую вазу
Галінкай сьцятай бяз лісьця.
На раздарожжы золка, гразка...
А я — на цёплым пачуцьці.
У келіх торкнутая краска
Жыве, і здольная цьвісьці.
Відаць, напоеная сьвежай
Крыштальнай вільгацяй яна.
Праменьне падае мярэжай
Скрозь шыбы вузкага вакна.
Яшчэ пялёсткі не завялі,
Яшчэ ня стомлена рука.
I я плыву на бурнай хвалі
Аж да апошняга радка.
Няма дажджу. I сад стаіць пануры.
А зерне, пахаванае ў зямлі,
Перамагае змрочныя хаўтуры, —
Жывыя сокі ўгору паплылі.
Я над зямлёй, дагледжанай і любай,
Стаю гаспадаром. Ваду ўсплясну,
I парастак сваёй зялёнай дзюбай
Грудок праб'е, вітаючы вясну.
Праб'е грудок у радаснай трывозе,
Зірне на сьвет, зірне і на мяне,
Як першае лісьцё на вербалозе,
Маю душу ўсхвалюе, закране.
Сьцябло расьце. Зямліца ня сухая,
Удзячная любоўнай дабраце.
Пупышка на галінцы разбухае
I краскаю вясёлаю цьвіце.
Читать дальше