3 журбой,
Узятай напракат,
3 яхіднай стоенаю ўсмешкай
Каля труны паэта
Кат
Стаяў сярод людзей няўцешных.
Валокся ён за імі ўслед
3 мужчынскаю слязой скупою
I ўсім расказваў,
Што сусед
Памёр,
Нябога,
3 перапою.
I цешыўся —
Усім на зло —
Сваёю ўдачай непадсуднай.
Ды толькі
На душы было
Чамусьці
Горка і паскудна.
***
... Нясуць дзяўчаты юбіляру краскі.
Прэм'ер схіляе нізка галаву...
А мне не трэба афіцыйнай ласкі.
Я без дзяржаўных кветак пражыву.
Жыццё мне дорыць простыя прэзенты
Шумлівы лес
I ціхую ваду.
Адыдуць рэзідэнты, прэзідэнты.
I сам я ў свет інакшы адыду.
Забудуцца праклёны і законы.
Мінецца мімалётная бяда.
I будзе лепшым дарам —
Лес зялёны
I ціхая блакітная вада...
***
Шаноўны дружа мой,
Калі ўсур'ёз
Прыняць усе твае самаўсхваленні,
Дык трэба тут жа,
Не схаваўшы слёз,
Перад табою ўпасці на калені.
Ты так сябе спасціг і ацаніў,
Што мы,
Дурныя,
Ўрэшце зразумелі:
Мы б ні густых гаёў,
Hi плодных ніў
У родным краі
Без цябе
Не мелі.
Пішы гісторыю свайго жыцця,
Пішы,
Бо ці даўмеюцца пасля
Нашчадкі
У лабірынтах скрыўджанай душы
Шукаць твае загадкі і пачаткі.
Каму ж,
Як не табе,
Вядомы лепш
Вышыні ўзлёту
I глыбіні цноты,
Тваёй самаахвярнасці ясноты,
I кожны гнеўны спіч,
I мудры верш?
Цытуй сябе,
Любімага,
Цытуй.
Хто ж,
Як не ты,
Збярог усе цытаты,
Дзе кожны юбілей і сабантуй
На строгі ўсенародны ўлік узяты?
Збяры свае прароцтвы
і гразьбу,
Надзеі
I няспраўджаныя мары
I падрыхтуй для вечнасці
«Грасбух»,
Хай нават і ў адзіным экземпляры.
***
I ў задуменні вечаровым,
I ў дзённым клопаце сваім
Заўсёды быў я з родным словам,
Нідзе не разлучаўся з ім.
Калі яно са мной дружыла,
Я шчаслівейшы быў з людзей,
I хмельна кроў бурліла ў жылах,
I песня рвалася з грудзей.
Калі ж яно ўва мне змаўкала
I адцалялася на міг,
Я халадзеў душой завялай
I быў няшчасны і нямы.
Яно,
Як сонца,
Без спачыну
Свяціла ўсім маім гадам.
Дык як жа я яго пакіну?
Дык хіба ж я яго прадам?..
***
На шырокім лузе,
На папары,
У затоцы ціхай,
У трысці
I буслы, і качкі ўсе —
Па пары.
Так ужо заведзена ў жыцці.
Пад дажджом,
Пад ветрам радыяцый,
Калі ўсё пастаўлена на кон,
Толькі ўдвух і можна пратрымацца
Гэтакі няпісаны закон.
У цяжкой мітрэнзе шматвяковай
Удваіх
Заўжды прасцей было
I гняздо ад ворагаў ахоўваць,
I падлёткаў ставіць на крыло.
Вось і чалавеку
Не да твару
Не захоўваць мудрасці ключы —
Вечна
Богам дадзеную пару,
Як жыцця заруку,
Берагчы.
***
Зноў наш сад вечаровы весніцца,
Сыпле з яблынь ружовы цвет.
Ты стамлёна ідзеш за весніцы,
За блакітным туманам услед.
3 хмарак першыя зоркі выцеклі,
За бярозкамі вецер прыціх.
Ты вось-вось схаваешся ў прыцемках,
Не пачуўшы крокаў маіх.
Пачакай мяне за варотамі,
Дзе буяе духмяны май.
Непаўторнае,
Незваротнае
Хоць на міг адзін затрымай.
Прыпыніся з журбой-вячэрніцай
На старых раздарожках нямых.
Можа, нешта ўсё-такі вернецца.
Хоць на міг.
На кароткі міг...
***
Пад маім акном
У ліпкім лісці,
Дзе ў пупышках дрэмле ранні цвет,
Цёплай майскай ноччу
Пасяліўся
Малады няўрымслівы сусед.
I ажно да ранку
Недарэчы
Рассыпав свой вясновы свіст
Над маёй бяссонніцай старэчай
Гэты закаханы скандаліст.
Ну а я сабе ўздыхаю цяжка
Адзабытай радасці наўзбоч...
Што ж ты, салавей,
Малая пташка,
Адпяваеш дні мае ўсю ноч?..
***
Жаночае цела чаруе таемнаю музыкай —
То скрыпка заплача,
То сумна пакліча габой...
У лёгкай, як ветрык, спаднічцы,
Кароткай і вузенькай,
Дзяўчына
Як быццам плыве
Над травой лугавой.
То ўскінецца прутка,
То раптам абвяне са скрухаю,
То вочы заплюшчыць,
То гляне гарэзна наўкруг...
А я ўсё гляджу закахана
I слухаю,
Слухаю,
Як поўняцца музыкай
Сэрца,
I неба,
I луг...
***
Я чытаў,
Як сляпы,
Тваё цела рукамі.
I збянтэжанасць піў
3 тваіх вуснаў глыткамі.
Читать дальше