Дарэмна лаеш мяне ты, крытык,
Дарэмна поўніш газету крыкам,
Дарэмна колеш шпількай насмешкі,
Што я апяваю маленства сцежкі.
Я буду ўсё роўна — не прызнаю тваё вета! —
Клікаць вобразы роднага свету.
Там ліпы як ліпы i вербы як вербы —
Растуць як хочуць пад вольным небам.
A сцежкі тыя, палявыя дарогі
Пратоптваюць самі людскія ногі.
I салавей там не ў клетцы — вольна
Пяе салаўісе ў цёмных вольхах.
У ясным тым свеце — ў нябыт ён не кануў! —
Ніхто не хавае за пазухай камень.
Усё ў вачах там напісана шчыра,
Там два на два — заўсёды чатыры.
Там чорнае — чорнае, рыжае — рыжае,
Слуп ёсць слуп i грыжа ёсць грыжа.
Там з нараджэння жыве ў мяне маці —
Садзіць картоплю, сее макі,
Ідзе («хоць каня брыгадзір калі дасць») у поле:
Кланяецца буракам,
Прарэджваючы ды праполваючы,
Лён бярэ на загоне, між двух палікаў —
Не зарасла хаця б яе «пайка».
А вечарам дома — толькі ўпраўляйся — працы:
Гарбузнік сячэ для свіней
(«ненажэры, каб на ix пранцы»),
Агуркі палівае, куранят частуе крупою,
Каля печы круціцца з чапялою...
Усе вяскоўцы мае
(хто час ліхалецця не помніць?),
Як шклянку, дзень свой працаю поўняць.
Даўно яны ведаюць, знаюць, як трэба,
Колькі каштуе скарынка хлеба.
Там ca стала (не думайце, што з-за грошай!)
Ніколі не скінуць пад ногі крошак.
Па сцежках тых родных так ходзіцца лёгка:
Там хочацца лётаць, з рэхам галёкаць.
Там можаш грому смяяцца вясёла,
Пусціцца па лужынах пад вясёлку.
Там ходзяць — к ночы — туманы нячутна,
Пад ногі сцелецца лістам трыпутнік,
Святляк запальваецца за гародамі
I мак таўкуць камары — на пагоду...
Мы ж сцежкі маленства чамусь забываем,
Сябе ад сябе — дзівакі — адрываем.
Душу нашу губяць з узростам наросты:
З'ядае яе кар'ерызму кароста,
Смоўж зайздрасці смокча i смокча штоночы
Ці шашаль нажывы ушчэнт яе точыць.
Сцежкі маленства, сцежкі маленства!
Вы — лекі ад розных людскіх калецтваў.
Па вашай траве, па вашых росах
Часцей бы ступаць нам нагою босай,
Часцей бы да вас нам усім прычашчацца,
Ад бруду ўсялякага ачышчацца.
Лячыцца вашых крыніц чысцінёю
Ды матчынаю слязою святою.
Расла травінка на вясёлым полі —
У родным свеце, у расяным прыволлі.
Але аднойчы злосны ўсхадзіўся вецер
I, вырваўшы, панёс яе па белым свеце.
I вось лятае травінка ад поля да поля,
Сядзе i тут жа ўверх уздымаецца —
перакаці-поле.
Дзе ёй спыніцца, дзе ўкараніцца — не знае:
Не міла травінцы глеба чужая.
Коціцца далей i далей.
Такая ўжо доля:
Век між зямлёй i небам перакаці-поле.
Ад цямна да цямна —
на нагах мурашка.
Сук, большы ў сем раз за сябе,
схапіла i бяжыць: не цяжка!
I выхадных ёй не трэба,
снуе i снуе ля свайго палаца,
Што значыць —
любая праца!
За лесам сінім, на градцы нязнанай
Спялілі ягады журавы.
A ўвосень сабралі i ўсім караванам
Панеслі ў кошыках да сінявы.
Хацелі данесці да цёплага поўдня
Роднага краю дары.
Ды свіснула бура i з дзюбаў раптоўна
Сарвала кошыкі ўсе ўгары.
Як сонцы маленькія, на імшары
Скаціліся ягады з вышыні.
Ад той пары журавы i зараз
Шукаюць, шукаюць ix дзень пры дні.
Знайшлі ix i людзі, аблюбавалі,
І вось, калі загарацца кляны,
Ідуць на балота і, нібы каралі,
Збіраюць у кошыкі ды ў збаны
Чырвоныя ягады жураўліныя —
Журавіны.
Замятае, лісцем замятае
Поплаў, пасекі, раўкі далін.
Завядзі, дарожка залатая,
У краіну вольх i арабін.
Там цвіце — мой сон заўсёдны — верас,
Па нізах віецца дзераза
I блішчыць расінка раннем шэрым
На травінцы кожнай, як сляза.
Хай бягуць за голлямі аблокі...
Годы уцякаюць — не лічы...
Глянь, пад елкай — рыжык крутабокі
Ды баравікі, нібы карчы,
Ды ў агні нягаснучым асіны —
Не атушаць ix i туманы —
Сняць свае, зялёныя i сінія,
Чэрвеньскія ночы, як чаўны...
Так кожнаму наканавала
Доля — міл ці не міл:
Усе мы адыдзем памалу
За небасхіл.
Ды ў сонечным свеце, за брамай,
Залётная каня, крычы! —
Будуць цвісці гэтаксама
Яблыні i касачы.
Белай сям'ёю крылатай —
Новага лета паслы —
Будуць на поплаў за хатай
Зноў апускацца буслы.
Читать дальше