Мы сыдзем, далёкая зорка,
З нябёс на твае камяні.
На дзіўных, нязнаных узгорках
Зямныя запалім агні.
Зямную, любімую песню
Спяе касманаўтаў сям'я
Пра шчасце, што ходзіць ля весніц,
Пра любую зорку — Зямля.
I зноў у блакіце ракеты
Пакінуць свой вогненны след.
Завуць касманаўтаў планеты
У новы, расчынены свет.
Калі б не свяціла Сонца,
Ці ж быў бы я?
Калі б Зямля не кружыла,
Ці ж быў бы я?
Калі б не было ў мяне Маці,
Ці ж быў бы я?
Таму i слаўлю я Сонца,
Таму i слаўлю Зямлю я,
Таму i слаўлю я Маці,
Слаўлю жыццё!
Быў нада мною Заг.
Да неба нос задзіраўся
у бюракрата-зага.
О, як пільна сачылі
Загавы вочы-шылы,
Каб хадзіў я
толькі па яго інструкцыях,
Без зігзагаў,
Каб слова яго
(гаворачы, ён глядзеў
з высокай сваёй вышыні)
я лавіў на ляту,
Каб моўчкі, ківаючы галавою — але, але! —
выслухоўваў я
любую яго лухту,
Каб я забываў на сябе,
каб рабіў толькі так i так,
Каб перад ім — о, ён вялікі у гэтым свеце!
поўзаў я, як чарвяк.
Ды я не думаў
яму паддавацца,
Выкручвацца i згінацца.
Я нёс —
маё права! —
Яму ў зубы
заяву.
Пытальнікам вылупіў вочы.
Так, я штатнае месца
па ўласнай ахвоце
вызваліць мушу.
У павучыную сетку вачэй
хай ловіць іншую муху!
Нада мною ж будзе ад сёння
Справядлівейшы самы загадчык —
Сонца.
За яго настроем
толькі i буду сачыць дзень за днём,
як сланечнік.
Аднаму яму
буду я падпарадкавацца
вечна.
Зялёная Дуброва — яго абход.
Сонца ніколі яе не мінае.
Тут будуць маімі —
кожны яго узыход i заход,
яго лясы i ўраджаі,
Яго — пад Ласінай балоцінай — клік,
яго арахі за Падліп'ем,
Яго раўкі,
Яго метлюкі,
яго салавей у ліпе...
Тут буду я жыць.
Журавель — у зары.
Старыя засаўкі ў лопуху.
Тут некуды ў зоры
гадоў вятры
нясуць нашу хату, як лодку.
Даўно нас выветрыла з яе,
не знаю, якой залевай.
Як птушкі з гнязда — хто куды —
разляцеліся мы
па голлях жыццёвага дрэва.
Устане маці.
Месяца грай.
Клятчатымі коўдрамі
ложкі засцелены.
Дзеці! Дзеці!
Гукай не гукай —
толькі вецер за сценамі.
Сышлі
(цяпер адно пісем чакай).
Што ж, не было тут дзецям разгону.
Пайшлі па свеце
шукаць свой хлеб,
сышлі з дому.
У вушах — галасы, галасы.
(Пецярых, без бацькі — бацьку забрала вайна —
нас выхавала маці.)
У кожнага зараз
галінка свая —
абжывай ды мацней трымайся.
У Валі — швейнае атэлье ў «раівоне»
(з іголкі жыве Валя);
У Зіны — мінскі трактарны завод
(як яна церпіць
той грукат i скрогат?);
У Аліка — нейкі Белсаўпроф
(хоць i няцяжкая ў яго работа,
але зарабляе нядрэнна);
У Яні — завод у Старых Дарогах,
на якім робяць сітро.
У Косціка...
Адзін толькі Косцік
галінку сваю
знайсці дагэтуль не змог.
Усё не адвыкне ён ад зямлі,
што — як малы быў — плугам чапаў,
усё не забудзе бацькаў парог.
Кінуў работу, пісаў.
Думае жыць з мазаля,
вольным хлебам
у вольным свеце —
Без начальства, без службы...
Дзеці, дзеці...
З далёкай вандроўкі
(Вы калі-небудзь бачылі,
Як ходзяць Гончыя Псы, Андрамеда i Рыбы?)
Вярнулася сёння Сонца
да лагоў Зялёнай Дубровы.
Яго прачакаліся тут.
Захапіў без яго усе землі Мароз —
акупант гэты люты,
Зачыніў прыроду на свае замкі,
Спыніў усяго жывога токі.
Жахнулася Сонца:
як апусцелі яго, багатыя на расліннасць,
надзелы
Дзе падзяваліся птушкі?
Куды пазнікалі мядзведзі,
i вавёркі i вожыкі?
Працёршы воблакам твар
(начавала Сонца за Галым Балотам)
узялося яно за працу.
Небам, небам — пайшло адмыкаць
(якія светлыя i бездакорныя ў яго ключы!)
зямлю-маладу са срэбнай цямніцы.
Выпусціла — ну ж і вясёлы лес! —
лісце бяроз i калін
з цесных пупышак-каморак,
Вольную волю дала траве-мураве,
Крапіве — ля платоў,
дурнап'яну, чабору.
Дачуліся птушкі ў сваёй эміграцыі
пра высокае шэсце Сонца,
Ляцяць — паспробуй спыні тыя крылы! —
да мілых бацькоўскіх дуплянак,
да купін сваіх i соснаў.
Злятаюцца (колькі крыку i гаму!)
жаваранкі i шпакі,
удоды, гyci, заранкі,
Ластаўкі, качкі, зязюлі, буслы,
кані i канаплянкі...
Дадому! Дадому!
Да тумановага краю!
Хаджу я пад небам — нашай сіняй страхою,
i — вырай за выраем —
ix сустракаю.
Бо i сам я — гэткая ж птушка.
Правільней, я не ведаю, хто я.
Завяла мяне сцежка-вілюшка
У няведамыя травастоі.
Што за вербачкі там, ля даліны?
Ці не вы гэта, Перавалокі?
О як ціха! У гуле чмяліным —
Толькі я ды аблокі.
Читать дальше