Так нарадзілася думка данесці праўду пра белыя плямы гісторыі і ўзнавіць справядлівасць у адносінах да гістарычных асоб, незаслужана забытых альбо абылганых.
– Хто вашы першыя настаўнікі на літаратурных сцежках?
– Маімі настаўнікамі перш-наперш і сёння з’яўляюцца кнігі. Гэта сачыненні Плутарха, Карамзіна, Салаўёва, Ключэўскага, Віскаватава і інш. І ўсё ж на маім жыццёвым шляху трапіўся чалавек, які, можна сказаць, блаславіў мяне на падзвіжніцкую працу. На жаль, Юрый Іванавіч Селязнёў, загадчык серыі «Жыццё знакамітых людзей» выдавецтва «Молодая гвардия», ужо пайшоў з жыцця. Ён цвёрда адстойваў гістарычную праўду, з гневам ставіўся да тых, хто акапаўся ў ідэалагічным аддзеле ЦК КПСС. Ён не дазволіў упасці духам, калі на майго героя генерала М. Скобелева абрушылася ўся нянавісць партыйнага бонзы А. Якаўлева. Я патрапіў у «чорны спіс», а сама кніга пра «палкаводца, Сувораву роўнага», ішла да чытача больш дзесяці гадоў.
– І ўсё ж, чаму персанажам адной з першых сваіх біяграфічных кніг вы абралі менавіта Скобелева, які ў войнах не перамагаў, як Сувораў ці Кутузаў?..
– Вельмі ганаруся, што першым у СССР падняў на шчыт яго светлае імя. Да слова, цяпер ужо не многія ведаюць, што белы генерал з’яўляўся ганаровым грамадзянінам горада Мінска, а пасля яго загадкавай смерці адна з вуліц губернскага горада была названа яго іменем. Скобелеў – славянскі Гарыбальдзі. Менавіта такой яркай, прыцягальнай для простага чалавека постаці нам, рускім, беларусам, украінцам – не хапае. Адно спадзяванне на праваслаўную царкву, якая ў сваім служэнні Госпаду не раздзяляе нашы народы. А вось у культуры – калі не «раздрай», то багацце прарэх. І адным «Славянскім базарам», грандыёзным і, безумоўна, шматвартасным і паслядоўным творчым праектам, ад іх не пазбавіцца. Маё прыватнае меркаванне такое: за агульнаславянскі «круглы стол» павінны ўсё ж сесці міністры культуры і інфармацыі Расіі, Беларусі, Украіны, парламентарыі ад культуры. Здарыцца такое – пудовую свечку ў храме за іх здароўе пастаўлю. А адпраўныя кропкі для такой справы ёсць – Дзень славянскага пісьменства і Дзень Хрышчэння Русі.
– Адна з вашых кніг серыі «Жыццё выдатных людзей» прысвечана Герою Савецкага Саюза генералу арміі Васілю Піліпавічу Маргелаву, камандуючаму паветрана-дэсантнымі войскамі. Дарэчы, хоць і нарадзіўся ў Днепрапятроўску, ён усё ж беларус. Наколькі складана было працаваць над гэтым жыццяпісам? Вы самі асабіста сустракаліся з Маргелавым?
– Васіля Піліпавіча Маргелава я па праве лічу «другім бацькам». Першая сустрэча з камандуючым ПДВ адбылася 3 снежня 1962 года, напярэдадні прыняцця воінскай прысягі. Па заканчэнні «вучэбкі» Васіль Піліпавіч «спакусіў» мяне і іншых малодшых камандзіраў паступіць у Разанскае вышэйшае ваенна-дэсантнае вучылішча. У тую пару яно рыхтавала не толькі страявых афіцэраў, але і давала грунтоўныя веды па адной з замежных моў. У дыпломе ў мяне запісана – «ваенны перакладчык».
Сустрэчы з камандуючым варты асобнай гутаркі, менавіта яны дазволілі мне стварыць тэлефільм «Дэсантнік № 1», а затым напісаць кнігу, якая пабачыла свет у серыі «ЖЗЛ». Да юбілею, 80-годдзя ПДВ, які адзначаўся 2 жніўня 2010 года, я са сваім сябрам, Героем Расіі Аляксандрам Маргелавым падрыхтаваў другое выданне, выпраўленае і дапоўненае. Без лішняй сціпласці магу сказаць, што дзякуючы нашым намаганням на малой радзіме выдатнага сына беларускага народа, у Касцюковічах, была адкрыта Алея Герояў, і першы помнік на ёй быў усталяваны чалавеку-легендзе В. П. Маргелаву. Такая ж падзея да 100-годдзя В. П. Маргелава адбылася і ў Санкт-Пецярбургу.
– Пракаменціруйце, калі ласка, выказванне (яно належыць П. Буасту): «У гісторыі ёсць сваё шарлатанства: яно ставіць сваіх герояў удалячынь для таго, каб схаваць усё тое нізкае і абуральнае, што маецца ў іх рысах»… Ці даводзілася вам нешта замоўчваць у лёсах сваіх герояў?
– Існуе такое ёмістае паняцце як «спасціжэнне гісторыі», і аўтар, які бярэцца за стварэнне твора, павінен цвёрда вызначыцца з жанрам. Калі гэта «голая» навука – даказвай сваю канцэпцыю дакументамі, падмацоўвай рэальнымі фактамі, але не «высмактанымі з пальца». І самае галоўнае – не дагаджай, не падлашчвайся, не будзь кан’юнктуршчыкам.
У мастацкім творы пісьменнік – вольны казак. Стварай, выдумвай, спрабуй, але не перагні, не перабольшы. Мастацкасць не азначае ўсёдазволенасць.
Але існуе яшчэ і трэці жанр – дакументальна-мастацкая проза. Я – яго верны прыхільнік і служка. Гэты жанр наскрозь абвяргае псеўданавуковасць і памкненні згладзіць вострыя вуглы і супярэчнасці. У аснове яго якасная літаратурная мова, жаданне давесці да чытача даходліва і проста самыя складаныя паняцці, а ў раскрыцці гістарычных фактаў прыбегнуць да гіпотэз. Прызнаюся, часам за межамі маіх твораў застаюцца некаторыя чалавечыя слабасці герояў. Але ж мастацкая дакументалістыка – не бульварная літаратура.
Читать дальше