1 ...8 9 10 12 13 14 ...27 Чым растлумачыць імкненне групы маладых хлопцаў патрапіць менавіта ў гэтае вучылішча? Адказаць на гэта пытанне даволі складана… Бывае ж так, знойдзецца адзін смяльчак і пацягне за сабою астатніх. Адыгралі, канечне ж, сваю ролю і спрыяльныя чыгуначныя зносіны паміж Віцебскам і Бежыцай».
А ў 1950-я гг. – новае адкрыццё Беларусі. У Нізку Сяргей і Аляксей трапілі ў знаёмы ім з дзяцінства сялянскі свет. Дапамагалі бацькам па гаспадарцы. А эцюды пісалі ў полі, на лузе, на малацьбе, ля вады.
Калі ў 1953 г. братоў прынялі ў Саюз мастакоў, ім далі ў Мінску і невялікую кватэру. А яшчэ – майстэрню ў мансардзе. Хлопцы перавезлі бацькоў у Мінск. Ранейшая трывалая сувязь з Нізком абарвалася. А вёска цягнула да сябе, вабіла сваімі тэмамі, сваёй прасторай. І старэйшы брат параіў: вясной і летам – у Голацк, на Пухавіччыну.
«Натура, прырода былі нашымі выратавальнікамі і сябрамі, – расказваюць Ткачовы. – Пасля пераезду бацькоў у Мінск прыгледзелі сімпатычную вёску бліжэй да горада… Голацк палюбіўся нам. Кватаравалі мастакі ў Ганны Лявонцьеўны Прохарчык. Муж яе загінуў на фронце. Засталіся два сыны. Сталаваліся ўсе разам. Малака і бульбы хапала ўдосталь». Асабліва пасябравалі мастакі з Жорам – малодшым сынам гаспадыні. Гэта ён пазіраваў ім ля калодзежа, менавіта яго дзяўчаты абліваюць вадою.
Ткачовы ўспамінаюць:
– У Голацку Жора стаў як бы сувязным звяном паміж намі і вясковай моладдзю. Школа, сцены якой хуценька запаўняліся нашымі эцюдамі, на тры летнія месяцы рабілася своеасаблівым мастацкім клубам.
Эцюды Голацкага перыяду (прыйшоўся яго пік на лета 1953 г.) мастакі захоўваюць і цяпер. Гэта ці не самыя каштоўныя рэліквіі ў іх творчым архіве: «Яны не толькі ўспаміны пра той слаўны час, але і па сённяшні дзень крыніца натхнення для нас», – гавораць Ткачовы.
Вялікі натурны эцюд «У полі» напісаны з групы падлеткаў на фоне поля, дзе ўжо скасілі збажыну, дзе ўсе фігуры можна пазнаць. Ён рэпрадуцыраваўся ў часопісах, манаграфіях. А карціны, якія былі напісаны крыху пазней («Ля калодзежа» і «У полі. Самалёты ляцяць»), сталі на доўгі час візітоўкай братоў Ткачовых. Яны экспанаваліся на Усесаюзнай мастацкай выстаўцы ў Маскве – у Траццякоўскай галерэі. У 1955 г. «голацкія карціны» былі паказаны і на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве.
Дзе ж цяпер работы, якія створаны на беларускім матэрыяле? У экспазіцыях музеяў Пензы і Астрахані. Варыянт карціны «Ля калодзежа» перададзены ў музей братоў Ткачовых, які ў 1995 г. быў адчынены на іх радзіме – у Бранску.
Вышыні, якія адолелі браты Ткачовы і разам, і паасобку, – Вёска, яе вялікасць Вёска! Вяселлі і хаўтуры, нараджэнне дзіцяці і вясковая дзятва, старыя і маладыя…
Сёння карціны Ткачовых знаходзяцца болей, чым ў ста (!) музеях свету. А яшчэ – у прыватных калекцыях у Англіі, Бельгіі, Германіі, Галандыі, Італіі, Канадзе, Кітаі, ЗША, Тайвані, Францыі, Паўднёвай Карэі, Японіі… Між іншым, у 1998 г. ў Кітаі (на рускай і кітайскай мовах) выдадзены велізарны альбом «Рускія мастакі браты Ткачовы». Работы Ткачовых прадаваліся на аўкцыёне Сотбіс.
…І, канешне ж, памятаюць вялікіх рускіх мастакоў, якія спрычыніліся да лёсу народа Беларусі, і ў Голацку, на Пухавіччыне.
Лейтэнант Загорын – палкоўнік з беларускіх Васілевіч
Нядаўняя смерць слыннага рускага паэта Андрэя Вазнясенскага нагадала такую гісторыю. Яшчэ раней памёр у вёсцы Пціч, што на Пухавіччыне, за лічаныя метры ад музея «Дудуткі», палкоўнік у адстаўцы Андрэй Андрэевіч Захарэнка…
Тут, у «Дудутках», вёсцы Пціч, гасцяваў па запрашэнні публіцыста Яўгена Будзінаса і Андрэй Вазнясенскі. Але мала хто ведаў, што не мінаў рускі паэт і вясковай хаты, дзе стала прапісаўся былы ваенны журналіст Андрэй Захарэнка. Прычына простая – яны знаёмыя з даўняй пары 1960-х гг. У Вазнясенскага нават верш ёсць – «Лейтэнант Загорын»:
Я во Львове. Служу на сборах, в красных кронах, лепных соборах.
Там столкнулся с судьбой моей
лейтенант Загорин. Андрей.
Далей ішло ўдакладненне прозай: «Дзіўна… Нават Андрэй Андрэевіч, 1933, 174. Боты 42. Ён даў мне сваю гімнасцёрку. Яна самкнулася на маіх грудзях тугая, як скура таполі. І раптоўна над маёй галавой загаманіла чужое жыццё, як гамоняць кроны… “Дзіўна”, – падумаў я». Дзіўнага, праўда, было няшмат. Праводзіліся зборы не проста афіцэраў запасу, а ваенных журналістаў. Так у тыя ж 1960-я на Ціхаакіянскім флоце пазнавалі жыццё і службу беларускія пісьменнікі Уладзімір Караткевіч, Генадзь Кляўко, Рыгор Барадулін. А Вазнясенскаму выпаў Львоў. Ды – і сустрэча з цікаўным да культуры, мастацтва, літаратуры цёзкам Андрэем Андрэевічам. Наш зямляк нарадзіўся ў Рэчыцкім раёне, у Васілевічах. Яго малодшыя браты таксама выбралі журналістыку, літаратуру. Палкоўнік Леанід Захарэнка рэдагаваў некаторы час «Белорусскую военную газету». На вялікі жаль, Леанід Андрэевіч таксама памёр. А другі брат – Мікола Захарэнка, драматург, паэт, які жыве і працуе на Лагойшчыне. Адна з п’ес Міколы Андрэевіча была пастаўлена ў Нацыянальным Акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Андрэй Захарэнка, які на ніве ваеннай журналістыкі даслужыўся да палкоўніка, працаваў у «Красной звезде», напісаў некалькі аповесцяў. Адна друкавалася і па-беларуску – у «Настаўніцкай газеце». Быў Андрэй Андрэевіч знаёмы і з Бэлай Ахмадулінай, іншымі паэтамі, пісьменнікамі. На яго лецішчы ў Пцічы гасцяваў і рускі драматург Аркадзь Пінчук. Між іншым, нараджэннем – таксама з рэчыцкіх Васілевіч. Ён, Аркадзь Пінчук, першую сваю кнігу апавяданняў выдаў у Мінску, па-беларуску. І ў Саюз пісьменнікаў уступіў у Мінску. Адну з рэкамендацый даў земляку народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін.
Читать дальше