1 ...6 7 8 10 11 12 ...27 – На пачатку аднаго з вашых раманаў чытач адразу такую будучыню разглядае: «У лясах лютуюць ліхія людзі, а ў гарадах – не меней ліхія чыноўнікі…». Атрымліваецца, што зло выцісне дабрыню, спагаду, цеплыню чалавечых зносін?
– Ад таго і лютуюць, што мы самі далі ім такую магчымасць. Мы да іх як да людзей, а яны ужо даўно гобліны. Мы неяк усе разам разгубіліся і стаім, здзіўлена назіраючы, як ліхвярыстыя людцы расцягваюць супольную маёмасць. Мы дзівімся, а яны пхаюць сабе ў кішэні, у торбы, у банкі і за мяжу. Там жа зараз, лічаць яны, калгас! Дзе, хто, каго і як спыніць… У такім калгасным гармідары, маўляў, нешта дакладна і палічыць немагчыма. Я, у большасці, не паважаю сучасных багацеяў, яны надзвычай шэрыя і не цікавыя людзі. Вы калі-небудзь зазіралі ў іх маёнткі?
– Не, не той сацыяльны статус…
– Вось там – музеі! Што таннейшае з каштоўнасцяў – тут, дома, а галоўнае – па замежных вілах. Я жыву ў цэнтры Масквы. І часцяком хаджу да працы пехатой. Цудоўнае старасвецкае дойлідства запаскудзілі шыльдамі скрозь адных банкаў і гандлёвых кампаній! Уся іх дапамога Расіі, Айчыне сваёй – даць якую капейку таму-сяму на выбары на ўсялякі выпадак, і ўсё. За дваццаць з лішнім гадоў што яны зрабілі для сваіх постсавецкіх краін і для тых, хто сёння на іх гарбаціца? Можа быць, стварылі якія музеі, а можа, хтосьці пабудаваў за свой уласны кошт дзіцячы садок, дом, школу ці той жа лядовы палац? Я не ведаю, можа быць, хтосьці з вас і чуў пра такое? Ужо зараз паміж імі і намі бездань! Сумна, але жыццё ўсё паставіць на свае месцы. Дабро неўміручае, калі ты сам не адчыніш сваю душу «гобліну». На тым і стаім!
– Вы на свае вочы пабачылі тое, што рабілася ў Афганістане, прымалі ўдзел у антытэрарыстычнай аперацыі ў Чачні… Ёсць межы ў чалавечай злобы, агрэсіі?
– Па-першае, павінен заўважыць, што я не лічу сябе «афганцам». Камандзіроўкі журналіста – гэта адно, вайна па-сапраўднаму – зусім другое. Па-другое, я не браў удзел у вайне на Каўказе. Так, быў, шмат што бачыў і там, і там, але зброі ў руках не трымаў. Я згодзен у самай пастаноўцы пытання: у людскога бязлюддзя няма мяжы. Звер спіць у кожным з нас. І складваюцца такія варункі, што ён раптоўна прачынаецца. І суняць тады гэтую нечалавечую істоту немагчыма, на крайні выпадак – даволі цяжка.
Я зараз пішу кнігу пра цяжкі лёс людзей, якія былі знявечаны Другой сусветнай вайной. Сустракаюся з жывымі сведкамі. Корпаюся ў архівах. Божа мой, Божа, што мы, людзі, рабілі самі на сваёй зямлі… Як здзекваліся адзін з аднаго, як катавалі, трушчылі, нішчылі самі сябе!.. Страх – не толькі ў забойствах і здрадах, страх – у тым, што і адны, і другія ўдзельнікі страшэннай, жахлівай бойкі былі перакананы ў поўнай сваёй праваце. Так, у злобы няма межаў, але ж гэта толькі ў тым выпадку, калі ў чалавека няма каранёў, няма сумлення, няма сапраўднага людскога падмурка, які складаецца з ведаў, традыцыі, кахання, сям’і.
– Васіль Быкаў, хаця і пісаў заўжды пра вайну, на самай справе даследаваў унутраны канфлікт чалавека, часцей звяртаў увагу на слабыя бакі ў паводзінах самай разумнай істоты на Зямлі. Вы сваім мастацкім досведам сцвярджаеце сілу чалавека? Ці ўсё ж лічыце, што паводзінамі кіруюць слабыя бакі характараў і ў цэлым слабыя бакі жыццядзейнасці?
– Васіль Уладзіміравіч – чалавек ад Бога! Ён як быццам выпадкова трапіў да нас на Зямлю. Трапіў, вобразна намаляваў словам, якія мы ёсць насамрэч, пакінуў нам гэтыя малюнкі, а сам кудысьці адыйшоў на хвілінку. На Беларусі шмат было талентаў і не менш яшчэ будзе. Але такі, як Быкаў, за ўвесь час быў толькі адзін. І невядома, ці прыйдзе яшчэ пісьменнік такога маштабу ў гісторыі нашай Айчыны. Так, як пісаў Быкаў, ніхто не напіша. У яго часам і вайна нейкая шэранькая, адзін «дождж», без баталій, без прыгожых момантаў і прыгожых подзвігаў, якія, канешне ж, былі.
Але якія волаты ў яго прозе жывуць, змагаюцца, кахаюць, гінуць… Гінуць, каб перамагло жыццё.
Што датычыцца маіх сціплых пісанняў. Спрабую пісаць тое, што бачыў, чуў, што на сэрцы тоіцца, што не дае спакою. Апошнім часам нават сам сабе здзіўляюся: у кніжках неяк нязручна хлусіць, у жыцці там-сям браханеш, не заўсёды праўду скажаш, а на старонках не атрымліваецца. Там пэўная чысціня кіруе. Яна – гаспадыня галоўная…
Мне крытыкі лепяць розныя мянушкі: «песіміст», «не мае веры ў перамогу над…». А калі такі зараз час?!. І якую чалавек павінен мець веру, калі яго самога за чалавека не лічаць?!. Ён жа так прылаўчыўся адно толькі да працы, гарэлкі і тэлевізара! Нягледзячы на ўсё сучаснае паскудства, я ўпэўнены, што сонечных людзей на свеце больш і мы пераможам!
Читать дальше