Пасля шпіталя – новая рэдакцыя новай франтавой газеты: спярша – на Паўднёвым фронце, а затым у складзе 4-га Украінскага… Яшчэ адно раненне. Вайну Левін закончыў у Берліне, карэспандэнтам газеты 3-й ударнай арміі «Фронтовик». Удзельнічаў у штурме рэйхстага. Адным з першых ваенных журналістаў напісаў пра сцяганосцаў, якія ўсталявалі Сцяг Перамогі над рэйхстагам.
Яшчэ пяць пасляваенных гадоў маёр Левін служыў у Групе савецкіх войск у Германіі. Затым карэспандэнт-ардэнаносец (кавалер двух ордэнаў Чырвонай Зоркі, двух ордэнаў Айчыннай вайны II ступені, двух медалёў «За баявыя заслугі») прыязджае ў Екацярынбург. Урал становіцца другой радзімай Юрыя Абрамавіча.
Толькі ў 1971 г. падпалкоўнік Левін звальняецца з вайсковай службы. У 1970-я працуе ўласным карэспандэнтам «Литературной газеты», шмат вандруе па гарадах Урала, іншых рэгіёнах краіны.
У 1992 г. Юрыя Абрамавіча прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў Расіі.
– Мяркую, што гэта магло адбыцца і раней, шмат гадоў назад, – расказвае журналіст і паэт Вадзім Дулепаў. – Імя Левіна вядома на ўсёй уральскай прасторы. Але сам Юрый Абрамавіч надзвычай сціплы чалавек, да сваіх творчых набыткаў адносіўся як да звычайнай работы газетчыка, публіцыста. Цяпер Левін – аўтар больш 20 кніг.
Творчыя здабыткі нашага земляка высока ацэнены ў Екацярынбургу. У 2005 г. Левіна адзначылі губернатарскай прэміяй – «За значны ўклад у развіццё культуры Урала». У 2007 г. Юрыя Абрамавіча ўзнагародзілі прэміяй «Прызнанне».
А вось што расказваў некалі сам Юрый Абрамавіч:
– Мяне заўсёды радавалі новыя журналісцкія сустрэчы. Я з захапленнем адкрываю цікавых людзей. Рады таму, што лёс падарыў мне знаёмства з Васілём Субоціным, Васілём Гросманам, Ільёй Эрэнбургам, Дзмітрыем Стонавым, Паўлам Бажовым… Удзячны і за ўвагу, якая вось цяпер даходзіць да мяне з радзімы, з беларускай старонкі. Гэта прыдае сілы…
Сустрэча наша з Юрыем Абрамавічам Левіным так і не адбылася. Недзе на пачатку другой паловы 2008-га пазваніў Вадзім Дулепаў: «Не стала Юрыя Абрамавіча…».
…Углядаюся ў вокладкі кніг Юрыя Левіна, якія дасланы з Екацярынбурга, – «Рэха саракавых», «Камбат», «Я вярнуся, матуля!..» Думаю пра тое, колькі выпала выпрабаванняў на яго пісьменніцкую, журналісцкую долю. Будзем спадзявацца, што імя Юрыя Левіна ўвойдзе ў айчынныя энцыклапедыі і літаратурна-краязнаўчыя даведнікі. Наш зямляк, несумненна, таго варты. Мо з’явіцца яго біяграфія ў новым выданні энцыклапедычнага даведніка «Сузор’е беларускага памежжа»?
Страх – не толькі ў забойствах і здрадах
У злобы няма межаў, але толькі тады, калі ў чалавека няма каранёў, няма сумлення, няма сапраўднага людскога падмурка.
Валерый Казакоў – член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Жыве і працуе ў Маскве. Узначальвае ФНКА «Беларусы Расіі». Піша прозу, займаецца паэзіяй. Кандыдат сацыялагічных навук. Кнігі выдае ў Мінску і Маскве. Нядаўна ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Я сустрэўся з земляком у Маскве і задаў пытанні, якія звязаны з мастацкімі інтарэсамі Валерыя Мікалаевіча. А атрымалася, што размова пайшла ўвогуле пра жыццё.
– Валерый Мікалаевіч, у вас ёсць такі раман – «Цень Гобліна». Дык што ж гэта такое – «эпоха габлінізацыі»?
– З аднаго боку гэта тое ж самае, што і перамога камунізму ва ўсім свеце… Звычайная падманка, якая дае магчымасць нейкай меншасці зручней латошыць кішэні безумоўнай большасці. Нашы з вамі кішэні. А з іншага боку – гэта даволі складаная дэградацыя чалавечай істоты, адвечнай сутнасці чалавека, ягонай душы. «Гоблін» – гэта нейкі сімвал разбэшчанасці нашага часу, вобраз істоты ў людскім абліччы, якой усё дазволена ў гэтым свеце. І гэты нячысцік жыве не ў казках і містычных трылерах, а зусім побач з намі. Ён ходзіць на працу, абдымае кабету, выкладае нейкія, часам зусім незразумелыя, навукі… Нават можа кіраваць чым заўгодна, але ён не зусім чалавек, бо пад скурай і нятаннымі строямі няма нічога людскага, там толькі адно – прага да багацця і задавальненне самалюбства. «Габлінізацыя» у нейкім сэнсе сугучная глабалізацыі, якую нам і навязваюць ужо не першае дзесяцігоддзе сапраўдныя гобліны. І дзіўныя адбываюцца рэчы: масточылі амаль стагоддзе Савецкі Саюз і калгасы, а зараз тых барацьбітоў ужо і нябачна. Яны ўжо самі ў вялікім калгасе Еўрасаюза, дзе ўсё настолькі агульнае, што неяк і няёмка робіцца. Зараз гэтыя еўракалгаснікі аж пенай пырскаюць у падтрымку нейкай талерантнасці. І нашыя «габляняткі» ім падскугольваюць: цярпімасць, цярпімасць! Толькі неяк другое чуецца: цярпі, Ясь, цярпі, Іванка! А ці трэба нам цярпець усю іх гідоту? А галоўнае: які з гэтага сэнс?.. Можа быць, след трохі паварушыць мазгамі і успомніць: гэта якраз талерантнасць дала магчымасць спаліць мільёны людзей у Першай і Другой сусветных войнах; гэта якраз, хаваючыся за талерантнасць, тыя «гобліны» прывялі да ўлады Гітлера і Сталіна. Гэта ўсё тая ж прага цярпець, дабіваючы традыцыйную сям’ю і мараль. Толькі чамусьці цярпець павінны тыя, каму загадалі. Сёння загадваюць нам?.. Надта неяк аднабока адбываецца. Двайныя стандарты выяўляюць усё сваё нутро…
Читать дальше