Гэта велізарная зьмена да лепшага для ўнутранай сытуацыі ў краіне. Яна адбылася зь зьдзіўляльнай хуткасьцю [53] Пра тое, што існуюць умовы для ўзьнікненьня апазыцыі, я пісаў у нарысе «Адзіны шлях» (Kultura, № 3 (294), marzec 1972, перадрук у O myśl polityczną, Londyn, 1976). Я таксама сьцьвярджаў, што трэба чакаць хуткага разьвіцьця апазыцыі ў Польшчы.
. Яе ўмагчыміў перадусім прагрэс у палітычнай сьвядомасьці грамадзтва, гэта значыць, усё больш шырокае разуменьне таго, што адзіным шляхам здабыцьця чаго-небудзь ад уладаў ёсьць нязломнае сьцьвярджэньне сваіх правоў, пазыцыя салідарнасьці перад варожай людзям уладай і пераадоленьне страху. Такім чынам, дагэтуль маўклівая апазыцыя пачала набываць актыўную пазыцыю. У дадзены момант, аднак, яшчэ адносна малая частка звычайных людзей прыняла гэтую пазыцыю. Але маса дагэтуль маўклівых апазыцыянэраў агромністая. Таму актыўная апазыцыя мае вельмі шырокую базу ў грамадзтве.
Таксама і палітыка ўладаў цяпер іншая, чымся ў мінулым. У дачыненьні да ўдзельнікаў чэрвеньскіх падзеяў былі, праўда, ужытыя постфактум брутальныя рэпрэсіі, але рэакцыю ўладаў на самыя падзеі і іх палітыку да ўзьнікаючай апазыцыі можна назваць хутчэй стрыманымі. Прычынай гэтага ёсьць слабасьць і няпэўнасьць улады, якія паходзяць ад страху перад магчымасьцю сапраўды масавага руху. Гаворка ідзе аб палітычнай слабасьці ўлады, бо тэхнічных сродкаў у яе досыць.
Гэта, аднак, зусім не азначае, што ўлада адмовілася ад барацьбы з апазыцыяй. Варта хутчэй меркаваць, што побач з дагэтуль ужыванымі паліцэйскімі рэпрэсіямі яна намерана ўжываць сродкі палітычнай барацьбы.
б) Тры перашкоды на шляху незалежніцкай апазыцыі
Незалежніцкая апазыцыя, якая так стыхійна разьвілася ў 1976/1977 гг., павінна лічыцца зь перашкодамі, якія яна абавязкова напаткае на сваім шляху. Ад іх пераадоленьня залежыць яе будучыня.
Першай зь іх ёсьць пасіўнасьць грамадзтва і яго ляяльнасьць да ўлады. Вышэй я абмаляваў (разьдзел 4) падзел грамадзтва паводле палітычнай пазыцыі, які ў Польшчы сфармаваў сталінізм. Сярод гэтых групаў «апаратчыкі» і «актывісты» існуюць і надалей у амаль нязьменным выглядзе і колькасьці. Тым ня менш, зьмены адбыліся ў групе «добранадзейных» і «маўклівай» апазыцыі. А менавіта, павялічылася колькасьць «добранадзейных» , г.зн. тых, хто дазваньня падпарадкоўваецца рэжыму і не праяўляе схільнасьці да якой-колечы апазыцыі. Гэта не зьяўляецца вынікам павелічэньня націску ўлады. У параўнаньні з пэрыядам сталінізму націск істотна зьменшыўся. Гэта хутчэй натуральны вынік некалькіх дзесяцігодзьдзяў, якія не прынесьлі прынцыповых зьменаў у пануючай у Польшчы сыстэме і шматкроць пакладалі канец усім надзеям. Пакаленьне, якое брала ўдзел у барацьбе за незалежнасьць, састарылася, і частка яго ўжо не жыве. Польская інтэлігенцыя, якая была носьбітам нацыянальнай традыцыі, ужо ня тая, якой была [54] Пар. уступ да зборніку маіх артыкулаў «O myśl polityczną», Londyn, 1976.
. У выніку многія з тых, каго напрыканцы сталінізму можна было залічыць да маўклівай апазыцыі, зьмянілі сваю пазыцыю. Уладкаваліся неяк у рамках існуючага ладу, дбалі толькі пра свае інтарэсы і цяпер для польскай справы страчаны. Цяжка сказаць, які цяпер абсяг гэтага працэсу разлажэньня, але ён безумоўна адбываецца. Ён абумоўлены ўмовамі, у якіх змушаны жыць палякі, а не рэалізацыяй нейкай палітычнай канцэпцыі. Ён, аднак, знаходзіць апірышча ў дактрыне, якая ўважае абарону «субстанцыі» або фізычнага існаваньня нацыі за найважнейшую справу [55] Дактрына гэтая, маючы сваю крыніцу ў антыпаўстанскай ідэалёгіі нацыянальных дэмакратаў, здабыла цяпер досыць шмат прыхільнікаў у розных галінах грамадзкай думкі.
. Абарона «субстанцыі» , на жаль, прыводзіць простай дарогай да замірэньня з пануючым у Польшчы рэжымам. Таму яна супадае з інтарэсамі партыі і падрывае шанцы разьвіцьця любой апазыцыі. Апазыцыйныя дзеячы павінны ўсьведамляць гэтую небясьпеку і энэргічна ёй супрацьдзейнічаць.
Але працэс ператварэньня групы «маўклівай апазыцыі» набыў таксама і іншую якасьць. Калі з аднаго боку яна разлажылася і павялічыла колькасьць «добранадзейных» , то з другога яна ўзмацнілася і кансалідавалася, ператвараючыся ў яўную і актыўную апазыцыю. Можна спадзявацца, што якраз гэты працэс будзе набываць размах.
* * *
Другая перашкода, якая можа напаткаць аўтэнтычную апазыцыю ў будучыні, ёсьць зьмена палітычнага клімату і надыход палітычных замаразкаў, вяртаньне да палітычных рэпрэсій да апазыцыі. На жаль, трэба лічыцца з тым, што такая фаза савецкай палітыкі раней ці пазьней можа наступіць. Шэрагі апазыцыі тады парадзеюць, а яе цэнтры будуць змушаныя прыстасавацца да іншых умоваў. Можна, аднак, меркаваць, што гэтым разам нават жорсткія рэпрэсіі ня здолеюць цалкам зьнішчыць апазыцыю, а, як гэта ўжо бывала ў нашай гісторыі, выклічуць тым самым большую рашучасьць і пастанову ажыцьцяўляць цалкам кансьпірацыйную дзейнасьць. Да гэтага апазыцыя мусіць быць падрыхтавана.
Читать дальше