Адным словам, гэты працэс прыводзіць да палітычнай сытуацыі, у якой шэраг гадоў знаходзіцца Фінляндыя. Гэта сытуацыя незалежнай дзяржавы, але не зусім. Абмежаваньне яе незалежнасьці палягае на нібыта добраахвотнай, стала практыкаванай ляяльнасьці перад савецкімі націскамі.
Можна было б зьдзіўляцца, што такі працэс адмаўленьня ад сваёй незалежнасьці ўвогуле магчымы. На жаль, яго праявы мы бачым у шмат якіх краінах. Яму спрыяюць фальшывая інфармацыя аб Савецкім Саюзе, індыфэрэнтнасьць у палітычных і грамадзкіх справах, адсутнасьць укарэненасьці дэмакратычных установаў, часам таксама аргумэнтацыя вялікіх прадпрыемстваў, зацікаўленых у гандлі з СССР, і заўсёды страх перад насьледкамі супрацьстаўленьня яго ціску. Праведзеная да канца фінляндызацыя азначала б распаўсюджаньне статусу паў-сатэлітаў на ўсе незалежныя дзяржавы Эўропы без патрэбы якой-колечы ваеннай інтэрвэнцыі з боку Савецкага Саюзу.
Хаця статус паў-сатэліта зьяўляецца прыніжальным для незалежнай дзяржавы, аднак пэрспэктыва зьмены статусу Польшчы са звычайнага сатэліту на фінскі статус, паў-сатэліцкі, можа падавацца прыцягальнай. На жаль, невядома, як гэтага дасягнуць. Працэс фінляндызацыі пасоўваецца толькі ў адзін бок: а менавіта, гэта працэс абмежаваньня незалежнасьці на карысьць залежнасьці ад саветаў. Ціск саветаў і схільнасьць да падпарадкаваньня гэтаму ціску — вось сілы, якія пасоўваюць гэты працэс наперад. Гэтыя сілы, ужытыя да Польшчы, не прывялі б да фінляндызацыі, але толькі да яшчэ большай залежнасьці Польшчы ад саветаў. Фінляндызацыя як мэта польскай палітыкі ёсьць звычайнай ілюзіяй.
Мы, безумоўна, спадзяемся, што Савецкі Саюз некалі аслабне да такой ступені, што ня будзе здольны ўтрымліваць сваіх сатэлітаў у паслушэнстве. Але тады мы будзем дамагацца незалежнасьці, а не фінляндзкага статусу.
в) Эўракамунізм
Часам даводзіцца чуць, што канцэпцыі эўракамунізму могуць мець нейкае значэньне для сёньняшняй палітыкі ў польскай справе [50] Гл. G. Herling-Grudziński i A. Michnik: «Dwugłos o Eurokomunizmie», Kultura, № 4 (355), kwiecieс 1977, дзе прадстаўлены розныя пункты гледжаньня на гэтую тэму. Таксама інтэрвію А. Міхніка для L’Espresso, прыведзенае ў Orzeł Biały — Na Antenie, № 149, styczeс 1977, str. 26, а таксама «Eurokomunizm i Europa Wschodnia» (зацемка аб артыкуле Г. Гэрлінга-Грудзіньскага ў Il Giornale 25.2.1978), Kultura, № 4 (367), kwiecień 1978, str. 70–73.
. Але дыскусія на гэтую тэму, як правіла, пакідае шмат няяснасьцяў.
Эўракамунізм — гэта тактыка камуністычных партый на Захадзе Эўропы здабыцьця ўлады легальным шляхам у рамках парлямэнтарных сыстэмаў. Гэтая тактыка патрабуе адмовіцца ад канцэпцыі дыктатуры пралетарыяту і пераканаць грамадзкую думку, што камуністычная партыя ня ёсьць агентурай Савецкага Саюзу. Без спаўненьня гэтых дзьвюх умоваў камуністычныя партыі ня маюць шанцаў прыйсьці да ўлады легальным шляхам. Гэтым тлумачацца памкненьні камуністаў здабыць новае аблічча ў грамадзкай думцы на Захадзе. Як эўракамуністы будуць паводзіць сябе пасьля прыходу да ўлады ў якой-небудзь краіне Заходняй Эўропы, гэтага мы дакладна ня ведаем, але прагнозы, што яны акажуцца дасканалымі дэмакратамі, здаюцца троху наіўнымі. Гэта, зрэшты, не адносіцца да нашай тэмы, бо мы не займаемся тут Заходняй Эўропай.
Калі, аднак, гаворка заходзіць аб справе незалежнасьці Польшчы, то мы добра памятаем, што заходнеэўрапейскія камуністы заўсёды былі нашымі ворагамі. Яны прымалі накінуты Польшчы саветамі лад і прызнавалі яго сацыялізмам. Партыі, падкантрольныя саветам у краінах народнай дэмакратыі, яны называлі братнімі партыямі і былі зь імі ў найлепшых стасунках. Яны не рэагавалі на тэрор, ілжывыя абвінавачваньні і сфабрыкаваныя працэсы. Ня бачылі ні палітычнага ціску, ні эксплюатацыі людзей працы. Гэтая пазыцыя захавалася дагэтуль. Апошнія выступы ў абарону правоў чалавека датычаць індывідуальных выпадкаў і ніколі не зьмяшчаюць асуджэньня ні ладу, што пануе ў Польшчы, ні кіруючай у ёй ПАРП.
Але яны ня толькі ня маюць ахвоты нам дапамагаць, але таксама ня маюць магчымасьці. Так дагэтуль і не атрымаўшы нідзе ўлады, яны самі чакаюць дапамогі ад «братніх партый» , якія знаходзяцца ўва ўладзе ў савецкім блёку.
Таму разьлічваць на эўракамуністаў у справе незалежнасьці Польшчы ёсьць палітычнай наіўнасьцю або манэўрам фракцыйнай апазыцыі, для якой хаўрус з эўракамуністамі можа прынесьці карысьць ува ўнутрыпартыйных разборках.
г) Дыялёг апазыцыі з партыяй
У размаітых выказваньнях мы чуем аб тым, што такі дыялёг быў бы пажаданы [51] Прэс-канфэрэнцыя ў Лёндане, Kultura, № 1–2 (352–353), styczeс–luty 1977, str. 163–165. Справаздача з прэс-канфэрэнцыі ў Tygodniu Polskim z dn.18.12.1976, str. 12. Інтэрвію Я.Кураня для Le Monde z 29.1.1977. K. Modzelewski: «List Otwarty do E. Gierka», Aneks, № 13–14, 1977, str. 49–70.
. Варта, аднак, папытацца, ці магчымы ён увогуле? Мы маем, безумоўна, наўвеце дыялёг, які павінна была б распачаць з партыяй аўтэнтычная апазыцыя.
Читать дальше