б) Роля каталіцкіх дзеячаў
Палітыку сьвецкіх каталіцкіх дзеячаў трэба разглядаць асобна ад палітыкі Царквы. Каталіцкая прэса, і перадусім «Tygodnik Powszechny» мае, бясспрэчна, вялікія заслугі ў тым, што на працягу многіх гадоў абвяшчала пагляды, незалежныя ад партыі. Цяжка, аднак, выказаць словы прызнаньня да розных каталіцкіх груповак, што бяруць удзел у палітычным жыцьці ПНР. Усё пачалося ад Pax’у*, які яўна супрацоўнічаў з партыяй у барацьбе з уплывамі Царквы. Гісторыя іншых групаў таксама вартая жалю. Яна прывяла да сэрыі расколаў, якія кожныя некалькі гадоў выносяць на паверхню новыя групы, усё больш згодніцкія ў дачыненьні да партыі. Усе дасягненьні каталіцкіх групаў у Сойме за пэрыяд у дваццаць гадоў — гэта пара някепскіх прамоваў, перадусім у 1968 годзе, некалькі рэзалюцый па добрых справах, але вельмі асьцярожных, і адзін голас, які ўстрымаўся, у галасаваньні над папраўкамі да Канстытуцыі.
Гэта можна тлумачыць ня толькі падатлівасьцю каталіцкіх дзеячаў на ўплывы асяродкаў улады, але і абмыльнай палітычнай канцэпцыяй. Як здаецца, яны разьлічваюць на тое, што паслухмянасьцю і гатовасьцю да кампрамісу здолеюць нечага дасягнуць. Але такая палітыка прыводзіць да страты аўтарытэту ў грамадзтве, а на партыю ня робіць ніякага ўражаньня. Гэтыя дзеячы атрыманьне некалькіх мандатаў у Сойме ўважаюць за посьпех, але адразу пасьля іх атрыманьня высільваюцца ў саступлівасьці, каб гэтых мандатаў ня страціць. Менш «гнуткія» , безумоўна, не вытрымліваюць гэтага спаборніцтва і выключаюцца з Сойму. Гэта прывяло да таго, што цяпер у Сойме няма ніводнай каталіцкай групы, якая б была хоць вонкава незалежнай.
У выніку дзейнасьць каталіцкіх групаў, якія ў рознай ступені калябарацуюць з рэжымам, служыць толькі маскаваньню таталітарнай сутнасьці ўлады ў Польшчы і стварэньню бачнасьці яе ўяўнага лібэралізму і талеранцыі спэцыяльна для наіўных чужаземцаў. Яе ніяк нельга залічаць да аўтэнтычнай апазыцыі. Нават тады, калі калябарацыя не датычыць нейкай партыйнай фракцыі, якая стаіць пры ўладзе [47] Любая форма саступкі ў сьветапоглядных пытаньнях можа толькі прынесьці шкоду каталіцкім групам. Ідэалёгія марксізму-ленінізму збанкрутавала цалкам, і няма нічога дзіўнага, што яе ранейшыя прыхільнікі гатовыя шукаць ратунку ў любым кампрамісе. Каталікі, аднак, ня маюць падставы для саступак, паколькі маральная пазыцыя Царквы ніколі не была ў Польшчы мацнейшай. Апрача гэтага, гэтымі саступкамі яны нічога не атрымаюць. Заігрываньні з камуністамі толькі кампрамэтуюць іх у вачах грамадзтва.
.
Найважнейшая рэч у тым, што манэўры каталіцкіх дзеячаў ня йдуць на карысьць Царкве. Нават калі яны не скіраваны непасрэдна супраць касьцёлу, як дзейнасьць Pax’у, яны шкодзяць яму ўскосна, ужываючы назву «каталіцызм» для прыхоўваньня дзейнасьці, што выклікае сур’ёзныя засьцярогі. На шчасьце, здаецца, што людзі ў Польшчы добра ўжо навучыліся адрозьніваць Царкву і прымасу ад розных каталіцкіх палітыкаў.
8. Палітычныя канцэпцыі і мэтады дзейнасьці апазыцыі
Існуе некалькі пытаньняў, зьвязаных зь дзейнасьцю апазыцыі, і адносна якіх дагэтуль яшчэ існуе шмат непаразуменьняў. Іх варта тут коратка абмеркаваць і растлумачыць.
а) Савецкая інтэрвэнцыя
У розных дыскусіях, што датычаць сытуацыі ў Польшчы, часта чуюцца асьцярогі перад узброенай савецкай інтэрвэнцыяй. Гэтая інтэрвэнцыя ўяўляецца нечым найгоршым, што можа нас спаткаць. І адначасна розныя партыйныя фракцыі даюць нам зразумець, што толькі яны змогуць зьберагчы нас ад гэткай інтэрвэнцыі. У гэтых аргумэнтах шмат міталёгіі, а часта і жаданьня зацямніць сытуацыю.
Перадусім трэба сьцьвердзіць, што савецкая інтэрвэнцыя ў польскія справы адбылася ў 1944–45 гады і яе насьледкі ва ўсёй паўнаце адчувальныя і дагэтуль. Ніводная новая інтэрвэнцыя нічога ня зьменіць у гэтай прыкрай сытуацыі. Доказам на карысьць гэтага будзе параўнаньне сытуацыі краін, у якіх паўторная ўзброеная інтэрвэнцыя адбылася (ГДР, Вугоршчына і Чэхаславаччына), і тых, дзе гэткай інтэрвэнцыі не было (Польшча, Румынія, Баўгарыя). Паміж палажэньнем у гэтых дзьвюх групах не відаць выразнай розьніцы.
Поўная гарантыя ад савецкай інтэрвэнцыі магчыма толькі ў сытуацыі, якая была б для Польшчы найгоршай, а менавіта, калі б польскі народ адмовіўся ад сваіх незалежніцкіх памкненьняў, калі б у ім вычарпалася палітычная думка і згніла маральнасьць. Адным словам, калі б палякі замірыліся зь няволяй. Тады пэўна ўзброеная інтэрвэнцыя нам ня будзе пагражаць. Таму трэба прызнаць, што стан пагрозы ў выглядзе савецкай інтэрвэнцыі ёсьць нармальным станам, у якім у цяперашніх варунках дадзена жыць палякам. Якраз гэтая пагроза сьведчыць, што мы яшчэ жывем.
Читать дальше