Пры гэтых умовах «апаратчыкі» набылі ўсе рысы дамінуючай грамадзкай клясы. У іх паводзінах, як гэта звычайна бывае з чальцамі дамінуючай клясы, навідавоку была самаўпэўненасьць і, больш таго, пагарда да звычайных людзей. Іх назвалі «валадарамі сацыялістычнай Польшчы» ці папросту «ўбэкамі» (што не азначала, што ўсе яны служылі ў Міністэрстве Бясьпекі). Іх баяліся і ненавідзелі. Гэта доўжыцца дасюль. Таму што хоць гэтую клясу і стварыў сталінізм 1948–1956 гг., яна не перастала існаваць, калі сталінізм мінуўся. Яе кіраваньне сапраўды памякчэла, але яна надалей кіруе ў Польшчы і будзе кіраваць, дакуль у Польшчы будзе доўжыцца саветызм. Дзеля гэтага існаваньне гэтай клясы і яе дамінуючая роля ёсьць асноўнымі рысамі гэтай грамадзкай фармацыі.
Другая катэгорыя людзей, якую стварыў сталінізм у Польшчы, былі т.зв. актывісты. Яны былі пераважна партыйнымі, хаця і беспартыйных сярод іх было шмат.
«Актывісты» добраахвотна і беззасьцярожна падтрымлівалі рэжым. Гаварылі, пісалі і рабілі ўсё, чаго чакала ад іх улада, і нават больш. Старанна выконвалі функцыі, якія ім былі прызначаныя, і не адхіляліся ніколі ад лініі партыі. Карысталіся шмат якімі прывілеямі і даходзілі да высокіх пасадаў.
Ад «апаратчыкаў» яны, аднак, шмат у чым адрозьніваюцца. Перадусім яны не займалі пасадаў, што давалі сапраўдную ўладу. Або самі не імкнуліся да гэтага, або з розных прычын (часта палітычная мінуўшчына) не дапускаліся да іх. Паколькі яны не валодалі ўладай, то мелі значна меншую магчымасьць шкодзіць людзям у параўнаньні з «апаратчыкамі» . Каб утрымліваць свае прывілеі, ім усьцяж даводзілася заігрываць з уладай, бо іх пазыцыя да канца не была стабільная. Свае прывілеі яны маглі лёгка страціць. Якраз у гэтым палягае найвялікшае адрозьненьне паміж «актывістамі» і «апаратчыкамі» . Нягледзячы на карыстаньне шмат якімі прывілеямі, «актывісты» належалі да тых, хто баіцца, а не да тых, каго баяцца, да маральна надцятых, а не да тых, хто надломваў. «Актывістаў» нельга лічыць асобнай грамадзкай клясай. Гэта была хісткая і вельмі дыфэрэнцыяваная катэгорыя. Мяжа паміж «актывістамі» і іншымі катэгорыямі не заўсёды была выразнай.
Трэцюю катэгорыю можна вызначыць як добранадзейныя. У гэтую катэгорыю трэба залічыць масу партыйных, г.зн. усіх тых, хто ня быў «апаратчыкам» або «актывістам» . У яе ўваходзілі, аднак, і беспартыйныя. «Добранадзейныя» беззасьцярожна падпарадкоўваліся рэжыму, але адрозьніваліся ад «актывістаў» тым, што гэта была пасіўная ляяльнасьць, а ня поўная ініцыятывы актыўнасьць. Яны без усялякага супраціву выконвалі ўсе распараджэньні «апаратчыкаў» і дазвалялі ўжываць сябе ў якасьці інструмэнту партыі, атрымліваючы за гэта мізэрныя ўзнагароды і жалюгодныя прывілеі. Нават у прыватных размовах яны не дазвалялі сабе крытыкаваць партыю. Таму падавалася, што яны цалкам замірыліся са сваёй прыніжальнай сытуацыяй. Але па сутнасьці іх дамінуючым пачуцьцём быў страх перад «апаратчыкамі» .
Чацьвертая катэгорыя — гэта ўвесь астатні народ, усе звычайныя людзі. Залежныя ад улады адміністрацыйна і эканамічна, яны жывуць у галечы і на практыцы пазбаўленыя якіх-небудзь правоў. Часта запалоханыя і заўсёды дэзарыентаваныя, яны не маглі дзейсна супраціўляцца ўціску, які аказваўся «апаратчыкамі» . І таму хадзілі на сходы, прымалі рэзалюцыі (аднадушна), бралі ўдзел у выбарах (бяз выбару), вырашалі свае справы ў розных інстанцыях кіруючай улады. Усё гэта было непазьбежна, бо жыцьцё мусіла ісьці. Спроба адкрытага непаслушэнства цяжка каралася і пры гэтым не прыводзіла да нічога.
Нягледзячы на гэты вонкавы канфармізм, «звычайныя людзі» ўнутрана ніколі не прызнавалі рэжым і ніколі яму цалкам не падпарадкоўваліся. Яны саступалі перад націскам, але толькі тады і толькі настолькі, наколькі да гэтага выразна змушала ўлада. Яны заўсёды мелі пачуцьцё, што гэтая ляяльнасьць прыніжае іх. Пра «апаратчыкаў» яны не гаварылі іначай, чымся «яны» , лічачы іх чужой і варожай сілай. Сваім поглядам яны давалі вольнае выяўленьне ў прыватных размовах ува ўласным коле, а ня годных даверу «апаратчыкаў» , «актывістаў» або «добранадзейных» маглі лёгка распазнаць. Яны неяк пераадольвалі цяжкасьці штодзённага існаваньня, часта кпілі зь бюракратычных нонсэнсаў, якія ўскладнялі ім жыцьцё [19] Пра гэтых звычайных людзей нядаўна з прызнаньнем пісаў Кісель («O humor krajowy», Kultura, № 5 (368), maj 1978, str. 102–106). Ён вельмі слушна сьцьвердзіў, што якраз яны вынесьлі «на сваёй скуры гэтую актуальную “польскую справу” і што якраз зь імі можна «дагаварыцца... на тэму таталітарызму, яго камізмаў, парадоксаў і абсурдаў».
.
Читать дальше