Гэтыя сродкі рэпрэсій ужываліся да розных людзей рэгулярна або аднаразова, у большай ці меншай ступені ў залежнасьці ад індывідуальных акалічнасьцяў. Мэтай заўсёды было прымусіць да пакоры: да такіх паводзін і сьцьвярджэньня таго, чаго жадала бліжэйшая партыйная ячэйка ПАРП.
Гэтая палітыка праводзілася зь вялікай энэргіяй. Яшчэ ня скончыўся 1949 год, а навуковая думка была задушаная, ВНУ поўныя недавучаных крыкуноў, прэса маніла і паўтарала бессэнсоўныя штампы, літаратура была закабалена, а мастацтва і архітэктура спынены ў разьвіцьці. Кіраўнічых пасадаў у эканоміцы былі пазбаўлены спэцыялісты, якія ў 1945 і 1946 гг. прыняліся за працу. Іх замянілі вылучэнцамі партыі зь нізкім інтэлектуальным, а часта і маральным узроўнем. Рабочыя адчулі цяжар бязьлітаснай эксплюатацыі, а сялянаў працягвалі запалохваць калектывізацыяй і нязноснымі падаткамі.
Кожнаму стала ясна, што палітыка ПАРП была палітыкай падпарадкаваньня Польшчы саветам без увагі ні на інтарэсы Польшчы ў цэлым, ні на інтарэсы якой-небудзь польскай грамадзкай клясы [18] На гэтыя трагічныя падзеі эміграцыя пазірала моўчкі. Прынамсі, у Польшчу не даходзілі яе пратэсты. Факт таксама, што сусьветная грамадзкая думка ня выказалася ў абарону парушаных у Польшчы правоў чалавека, а таксама не асудзіла палітычнага ўціску, парушэньня правоў чалавека і невыкананьня міжнародных дамоўленасьцяў. Аб тым, што дзеелася ў Польшчы, не было чуваць у прэсе, не гаварыла пра гэта радыё на Захадзе, славутыя інтэлектуалы не падпісвалі пратэстаў, палітычныя партыі і прафсаюзы не высылалі тэлеграм. Калі эміграцыя тады ўсё-ткі беспасьпяхова намагалася паказаць сусьветнай думцы праўду аб Польшчы, трэба было б выявіць адпаведныя дакумэнты. Гэта б ачысьціла эміграцыю ад закіду бязьдзейнасьці ў найцяжэйшыя моманты нашай гісторыі і было б яшчэ адным довадам капітулянцкай палітыкі Захаду перад саветамі. Магло б здавацца, што антысавецкія выступы маглі тады разьлічваць на зычлівае прыняцьце, бо ж пэрыяд сардэчных стасункаў паміж саветамі і Захадам тады ўжо скончыўся. Распачыналася т.зв. «халодная вайна», і таму існавалі сілы, якія былі схільныя выступаць супраць савецкай палітыкі. Сьведчаньнем гэтага ёсьць рэакцыя Захаду на падзеі ў Чэхаславаччыне. Дасюль помняцца акалічнасьці адхіленьня Вэнэша і сьмерці Яна Масарыка. Аб тым, што брутальная ліквідацыя апазыцыі мела месца і ў Польшчы, на Захадзе ня ведаюць, што дагэтуль прыносіць нам вялікую шкоду. Не зьбіраюся сьцьвярджаць, што актыўнасьць эміграцыі ў гэтай справе мела б нейкі ўплыў на савецкую палітыку ў Польшчы. Але б яна дадала маральнай падтрымкі апазыцыі ў Польшчы, а гэтага ніколі нельга недаацэньваць.
.
г) Пазыцыя грамадзтва
Каб цалкам зразумець насьледкі сталінізму ў Польшчы, трэба ўсьвядоміць, як польскае грамадзтва зрэагавала на ліквідацыю апазыцыі і татальную атаку ПАРП на ўсё, што польскае. Гэта важна таму, што пазыцыя, якая тады аформілася, трывае зь невялікімі толькі зьменамі дагэтуль і надалей вызначае стаўленьне грамадзтва да ўлады ў ПНР.
Пад уплывам сталінскай палітыкі партыі польскае грамадзтва падзялілася на чатыры катэгорыі.
На самым версе апынуліся апаратчыкі саветызму. Іх зазвычай атаясамліваюць з функцыянэрамі партыі, дарма што фармальна ня ўсе яны ўваходзяць у склад апарату ПАРП. Істотна тут тое, хто ажыцьцяўляе ўладу. Яны праніклі ня толькі ў апарат партыі, але таксама і ў органы адміністрацыі, сфэру юстыцыі, бясьпекі, а таксама сталі на чале эканомікі, ВНУ, творчых саюзаў і прэсы. Гэта яны праводзілі саветызацыю польскіх установаў і аказвалі націск на паасобныя асяродкі і людзей. Яны распараджаліся жыцьцём і сьмерцю, вязьніцай або свабодай, поступам або дэградацыяй, прывілеямі або зьдзекамі што да простых людзей. Яны вырашалі, хто будзе гаварыць, а хто маўчаць, а таксама, што трэба гаварыць. Для кожнай групы, такой, як літаратары, эканамісты, юрысты, і на кожным заводзе, вучэльні, установе і фабрыцы не існавала ніякіх сумневаў, у чыіх руках насамрэч знаходзіцца ўлада, і, такім чынам, з кім трэба быць асьцярожным. Адрыў «апаратчыкаў» ад грамадзтва, у якім яны дзейнічалі, быў поўным. Адрыў гэты ўзмацняўся сьвядома праводжанай палітыкай. Яны мелі права купляць у спэцыяльных, лепей забясьпечаных крамах «за жоўтымі фіранкамі» . Яны езьдзілі ў спэцыяльныя дамы адпачынку, пасылалі сваіх дзяцей у спэцыяльныя элітныя школы і карысталіся спэцыяльнымі лячэльнямі. Надзвычай рэдка здаралася, каб «апаратчык» пазбаўляўся гэтых прывілеяў. Нават калі ён кепска спаўняў свае абавязкі, то пасьля «зьняцьця» з адной пасады яго перамяшчалі на іншую на такім жа ўзроўні. Нават калі ён адхіляўся ад партыйнай лініі, г.зн займаў унутры партыі апазыцыйную пазыцыю, то мог пазбавіцца сваёй функцыі, але захаваць прывілеі, якія яму прызначаліся як бы пажыцьцёва, калі не спадкаемна. Зразумела, яму прызначалася пэнсія, значна большая, чымся ў звычайных людзей.
Читать дальше