Тым ня менш, зазнаёміўшыся колькі гадоў таму зь летувісамі, я назіраў у іх пэўную нацыянальную экзальтацыю і нэрвовую абарону ад усяго, што зьяўлялася хоць нейкай пагрозай для летувіскасьці і што падавалася мне тады зразумелым, беручы пад увагу гісторыю. Але я пішу пра гэта таму, што такі стан у маіх выпадковых знаёмых быў дынамічным станам і падлягаў пераменам. Пры дапамозе перадусім Вільні. Таму былі людзі, для якіх ксэнафобія або неталеранцыя былі нечым абразьлівым. А паколькі жыцьцё ў Вільні штодня змушала іх да канфрантацыі пазыцыяў, да суіснаваньня з адметнасьцю, то цягам гэтых гадоў я назіраў іх эвалюцыю ў бок адкрытасьці і талеранцыі. Вось прыклад незаўважальнай працы, якая несупынна адбываецца на паўзьмежжах. І за гэтым стаіць па сутнасьці не праблема стаўленьня да нацыянальнасьці, рэлігіі ці ўзвычаеньняў, а духовага фармату, якім валодае чалавек.
Я мяркую, што напрыканцы будзе карысна прыгадаць апавяданьне Ежы Стэмпоўскага аб тым, як ён прыбыў з сваёй даліны Днястра ў цэнтральную Польшчу, магчыма, у Варшаву, і якое расчараваньне ён перажыў тады, калі сутыкнуўся там — прыводжу цытату — «з нацыянальнымі пачуцьцямі, якія выяўляліся крыкліва, галасіста, амаль бессаромна. Такія маніфэстацыі падаліся мне вельмі благім густам, свомым невукам і прастаком» .
Трымайся ў гэтай Варшаве, Аляксандру!
Кшыштаф Чыжэўскі
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
* Адкрыты ліст да Аляксандра Яцкоўскага, галоўнага рэдактара польскага часопісу «Konteksty. Polska Sztuka Ludowa» (Зацем перакладніка).
** Маецца на ўвазе перыяд, калі на чале Румыніі стаяў дыктатар Н.Чаўшэску (Зацем перакладніка).
З пэрспэктывы паўзьмежжа
Голас Іншага
З паўзьмежжам клопат — тым, што табе так дорага, ты нiколi ня зможаш завалодаць цалкам, ты заўсёды мусiш гэтым дзялiцца. А калi б так усё ж такi стала — у вынiку гвалту або iншай злыбяды — што нiхто апрача тваiх не прэтэндуе на гэтае месца, тады акажацца, што гэтага, так табе дарагога, ужо няма.
1.
Я ня быў упэўнены, цi гэтыя словы вымавiў сам Вiктар Вiнiкайцiс, зь якiм я стаяў на высокай строме кляштару над Вiграмi, цi гэта таксама быў нейкi iншы голас. Дагасала якраз восень 1990 году. Ён — са жмутом ключэй, якiя ён забраў са сваёй старажоўкi ўнiзе, адчыняючы i зачыняючы дзьверы ў касьцёл, кельлi i катакомбы, запальваючы i гасячы сьвятло, ляпаючы па сходах угару i ўнiз — патрапiў ужо выпытаць у мяне ўсё, да чаго я iмкнуўся, скiроўваючыся на паўзьмежжа. Калi мы затрымалiся на строме, спакойна i доўга паглядаючы на ўсходнi бераг возера, я ўжо толькi слухаў. Чый гэта быў голас? Сёньня ўжо няма сярод нас «апошняга самотнiка» , як мы называлi Вiнiкайцiса, а я i дагэтуль вяду дыялёг з голасам, якi я тады пачуў, з голасам Iншага.
Спачатку я быў перакананы, што ён хаваецца ў iншай мове, у iншай нацыянальнасьцi або канфэсii. Гэта не было пазбаўлена сэнсу. Я таксама адчуў, што павялiчылася мая ўражлiвасьць на голас людзей, якiя думаюць iнакш. А пры гэтым я заўважыў, што набываю дыстанцыю да сапраўднасьцi, раблюся алергiчным на маналёг, на iдэалёгiю, на выключнасьць адной пазыцыi...
Я прыгадваю, як у маленстве бег да мамы, каб апавесьцi ёй, што здарылася ў двары i як я быў укрыўджаны сваiмi сябрамi. А потым прыходзiў мой брат i прыгадваў новыя дэталi, якiя я абмiнаў, i да таго ж iнакш iнтэрпрэтаваў хаду ўсяго сутыкненьня. Я злаваўся, што мой расказ ня можа быць канчатковым, што брат супраць мяне, што не магу пераканаць маму толькi ў маёй праўдзе. Цi не прыгадвае гэта сытуацыю лекцыі гiсторыi ў школе ў Сэйнах, калi настаўнiк — дапусьцiм, летувiс — прыступiў бы да абмеркаваньня тэмы польска-летувiскай вайны ў 1918–1920 гадох, маючы ў клясе польскiх i летувiскiх вучняў. Ён хацеў бы мець толькi летувiскiх, бо палякi ведаюць сваё. Таму, напэўна, i адны, i другiя па абодвух баках хочуць мець чыста польскiя i чыста летувiскiя школы. I можа якраз з прычыны такiх клопатаў згаданая лекцыя цалкам выдуманая, бо ў школе ў Сэйнах гавораць аб розных войнах па ўсiм сьвеце, але нiколi аб той, у якой дзядулi вучняў бiлiся памiж сабой, аб якой нагадваюць сямейныя архiвы i магiлы палеглых, цырымонiя наведзiнаў якiх адбываецца штогод.
З голасам Іншага iснуе клопат. У школе яго ўдаецца змоўчыць, але ў жыцьцi нiколi не ўдаецца заглушыць гэтай маўклiнi. Нязносна з гэтым жыць, але тут — на паўзьмежжы — нельга iнакш. Наколькi спакайнейшым горадам быў бы, напрыклад, Беласток, каб жа не такi Сакрат Яновiч. «Пiсьменьнiк ён, канечне, добры, — тлумачыў мне некалi адзiн уцьвелены журналiст, — але тое, што ён вырабляе, выходзiць за межы здаровага розуму» . Гаворачы гэта, ён нэрвова гартаў кнiгу ў пошуку аргумэнтаў, якiя б «выявiлi трызьненьнi гэтага беларуса» . Ён нешта там знайшоў, але ня быў да канца задаволены, i толькi коратка абагульнiў: але ж гэтыя людзi маюць вольны выбар, нiхто iх не змушае да таго, каб яны адмаўлялiся ад вывучэньня беларускай мовы або перакiдалiся ў палякаў. Самi таго хочуць. Тым часам Сакрат зацiнаўся i сьцьвярджаў, што дакуль гэтым людзям ня будуць створаныя ўмовы для азнаямленьня зь беларускай гiсторыяй i культурай, датуль нельга гаварыць аб iх вольным выбары. Але i сам Сакрат Яновiч не зазнае спакою ў сваiх Крынках, у якiя ён вярнуўся зь Беластоку некалькi гадоў таму. I гаворка ня йдзе ўжо толькi пра мясцовага ксяндза, для якога Госпад Бог разумее адно па-польску, а не па-беларуску. З палякамi яшчэ нiшто сабе, пасьля столькi гадоў спрэчак жыцьцё неяк склалася. У рэшце рэшт усе карты былi ўжо адкрыты i вядомыя, як каза аблупленая. I вось нi стуль, нi сьсюль на яго «беларускiх разлогах» зьявiлiся ўкраiнцы. У Бельску Падляскім выдаецца нават часопіс «Над Бугам і Нарвою» . Сацыёлагi, этнолягi i мовазнаўцы пачынаюць пiсаць аб гэтым спаважныя дысэртацыi, заснаваныя на тэрытарыяльных дасьледаваньнях. Сакрат мае свае аргумэнты, бярэ пяро, уступае ў дыспуты. Ён, аднак, усьведамляе, што ня здолее скляпаць сапраўднасьці на свой капыл, што раз прыведзеная ў дзеяньне дынамiка паўзьмежжа кiруецца сваiмi законамi, што яго голас — гэта ледзь чутнае гучаньне жалейкi.
Читать дальше