* * *
Восень 1989 году закончыла пэўны разьдзел у падыходзе да праблемы Цэнтральнай Эўропы. І хаця гэта быў цікавы разьдзел, багаты на цудоўныя эсэ, бліскучыя гістарычна-культурныя аналізы, аднак выявіліся ўсе ягоныя слабасьці: пэўны акадэмізм, адсутнасьць увасабленьня і ўмацаваньня ў рэаліях бягучага жыцьця. Паступова ставалася ясна, што Цэнтральную Эўропу пачынае заступаць Цэнтральна-Ўсходняя Эўропа, і побач з Вугоршчынай, Чэхіяй, Славаччынай і Польшчай ёсьць таксама Летува, Беларусь, Румынія і іншыя краіны; што тут зводзяцца на нішто любыя гістарычныя стэрэатыпы, паколькі мы маем дачыненьні з новым выклікам і нанова мусім уфармаваць прасьцяг паміж Расіяй і Нямеччынай. І перадусім няшмат даюць ужо дыспуты, канфэрэнцыі і навуковыя сэсіі.
Разам з дэмакратыяй, дэцэнтралізацыяй, рэгіяналізацыяй трэба сысьці да людзей, да малых бацькаўшчынаў і там распачаць дзеяньні.
Такім чынам адкрыецца абсяг арганічнай працы, якую нам належыць выканаць. Цяжка ўявіць сабе які-небудзь род ідэалёгіі, хаця б найбольш высакароднай, які б у гэтай сытуацыі быў пажаданы і выніковы. Патрэбны хутчэй мэханізм, які б прыстасоўваў людзей да жыцьця на паўзьмежжы ў сытуацыі адкрытасьці і шанцаў на годнае суіснаваньне.
Таму наша місія павінна палягаць якраз у стварэньні такога мэханізму. Можна сказаць, што тое, чым мы займаемся ў Сэйнах, — гэта пэўнага кшталту лябараторыя, у якой мы шукаем новыя формы дзеяньня, культурнай і адукацыйнай актыўнасьці, новыя спосабы анімацыі жыцьця ў малых бацькаўшчынах, якія б адпавядалі выклікам часу.
Гэта нялёгка. Супраціў матэрыі вялізны.
Перадусім мы непадрыхтаваныя да адэкватнага ўспрыманьня сапраўднасьці, якая раптоўна перад намі ўзьнікла.
Каб нешта тут пабудаваць, трэба ведаць сваіх суседзяў, разумець іх пункт гледжаньня, захоўваць дыстанцыю што да ўласнай мэгаляманіі. Такім жа парадкам трэба і паглыбляць пазнаньне самога сябе. Бо адным з самых драматычных пытаньняў, якія ўзьніклі гэтым часам, ёсьць пытаньне аб уласнай тоеснасьці.
Аднак калі паспрабаваць вызначыць нашу ступень дасьведчанасьці ў гэтых галінах, сьмела можна сказаць, што яна дылетанцкая. І працяглы час не відаць якой-небудзь істотнай зьмены ў падыходзе да гэтых праблем у школах, парафіях ці ў сродках масавай інфармацыі. Безумоўна, існуюць розныя адзінкавыя ініцыятывы, у тым ліку і выдавецкія. У «падпольныя» часы зьявілася кніга Багдана Скарадзіньскага «Беларусы, летувісы, украінцы» , а таксама першыя нумары «Lithuanii» . І твая «Polska Sztuka Ludowa. Konteksty» паклала далёка не адну цаглінку ў гэты будынак. Гэтага, аднак, сёньня замала, і я мяркую, што ты разумееш, чаму так патрэбны гэты мэханізм.
Я мяркую цяпер так, што гэты пэрыяд — ужо амаль мітычны — нязвычнага суіснаваньня нацыяў і культур, які быў апісаны Вінчэнзам і Стэпоўскім, быў дзіцячым, прад-рэфлексіўным пэрыядам, пэрыядам пэўнай натуральнасьці і празрыстасьці існуючага парадку. Да гэтай эпохі няма вяртаньня, як няма вяртаньня да маленства. Цяпер настаў пэрыяд сьпеласьці, абуджанай рэфлексіі, і без разьвіцьця сьвядомасьці, яе несупыннага паглыбленьня, мы не дамо сабе тут рады. Гэта датычыць ня толькі эліт, але і ўсіх нас. І таму я яшчэ раз паўтараю — патрэбны мэханізм, паколькі сьвядомасьць для нас зьяўляецца пытаньнем жыцьцёвага праксысу.
Ты скажаш, што сёньня вельмі шмат запушчаных мэханізмаў: курсы замежных моваў (наўперад заходніх), кампутарныя курсы, курсы мэнэджмэнту, маркетынгу і г.д. Згода. Усе яны патрэбны. Але выходзячы з гэтага самага прынцыпу, патрэбны цэнтральнаэўрапейскі мэханізм, што б суадносіў нас з нашым месцам жыхарства. І таксама простая і відавочная была б яго мэта: знаходзіцца ў пульсе жыцьця, ня стаць анахранізмам, узьніклым яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі.
Нягледзячы на тое, што гэтая праца павінна быць разьлічана на доўгія гады, што яна павінна быць грунтоўнай і павольнай, яна, аднак, ужыцьцяўляецца пад вялікім ціскам часу і акалічнасьцяў. Навідавоку непакой і пасьпех. Палаюць Балканы, але гэта мяжа можа ўзгарэцца і ў нас. І што рабіць у такой сытуацыі: арганізоўваць гуманітарны канвой або брацца за працу ў сябе, за падрыхтоўку, напрыклад, сустрэчы польскай і летувіскай моладзі? І першае, і другое ёсьць тым жа самым.
Безумоўна, каб узяцца за гэтую працу, каб закласьці пад ёй сапраўдны падмурак, нельга кіравацца страхам і думаць адно аб прэвэнтыўных дзеяньнях.
Я не ўяўляю сабе гэтага інакш як толькі творчую працу, што паклікаецца на пазытыўныя сілы, на іх духовую энэргію і цьвярозыя пабудовы.
Читать дальше