А дзе шукаць цэнтар у сучаснай Эўропе? Мы ўжо даўно страцілі Рым як цэнтар, што зіхціць на ўсю нашу цывілізацыю. У мінуўшчыну таксама адышоў пэрыяд, падчас якога ролю цэнтру маглі выконваць некаторыя гарады з магутным культурным і палітычным патэнцыялам — такія, як Парыж або Вена. Не ўдаецца гэтай ролі адыгрываць і сучасным цэнтрам эўрапейскай адміністрацыі, Брусэлю ці Страсбургу, за якімі сапраўды стаіць Эўропа адкрытых межаў, але Эўропа ўніфікаваная.
Калі я добра распазнаю імкненьні эўрапейцаў, найзырчэй выражаныя ў існуючай супярэчнасьці паміж выразьлівым устанаўленьнем межаў свайго месца і іх несупынным парушэньнем, то новай Эўропай, якая ўзьнікне ў найбліжэйшым часе, будзе Эўропа рэгіёнаў. Бо мне здаецца, што толькі такая яе форма зробіць магчымым дасягненьне сучасным эўрапейцам цэнтру, што ўкарэньвае і вызначае яго ў сваёй адметнасьці і адначасова забясьпечвае яму ўдзел у справах гэтага сьвету, у тым, што паўсюднае.
Што такое Эўропа рэгіёнаў? Гэта куля, цэнтар якой паўсюль, а межы нідзе. Гэтае адмысловае вызначэньне Бога, сфармуляванае яшчэ гермэтычнай традыцыяй і дзякуючы сярэднявечным містыкам прысабечанае хрысьціянствам, падаецца надзвычай трапным і ў адносінах да нашых разважаньняў. Узьнікненьне малых і вялікшых рэгіёнаў — гэта ўзьнікненьне аўтэнтычных цэнтраў, што знаходзяцца паблізу чалавека і што як мага паўней яго выражаюць. Гэты працэс неабходны ў часе ўзьнікненьня эўрапейскага саюзу, неабходны для раўнавагі. Адкрыцьцё ці скасаваньне межаў выкліча ўзмацненьне разнароднасьці і адметнасьці, якія будуць бараніцца ад уніфікацыі. І гэта натуральная зьява. Так спараджаецца далёка не чужое эўрапейскаму досьведу адзінства ў разнароднасьці. Узьнікненьне рэгіёнаў — гэта імкненьне да пошуку цэнтру, рух унутро. Адначасна ўзмоцнены цэнтар адчыніць межы, прыцішыць нашы страхі перад адкрытасьцю і зьмяшэньнем, і тым самым спрычыніцца да павелічэньня шанцаў рэалізацыі ідэі эўрапейскай супольнасьці.
Фальшывым зьяўляецца цьверджаньне, што ў імкненьні эўрапейцаў да ўкараненьня ў сваіх малых рэгіёнах крыецца небясьпека прымату партыкулярных інтарэсаў, ксэнафобіі і нацыяналізму. Нацыяналізм надышоў з пэрыфэрыі. Ён нарадзіўся сярод людзей, аддаленых ад цэнтру, які жылі з комплексам цэнтру і былі эксплюатаваныя цэнтрам. У гэтым сэнсе нацыяналізм зьяўляецца плодам пэрыяду нарастаючай дыспрапорцыі паміж палітычна-культурным цэнтрам і рэгіянальна-этнічнай правінцыяй. Рэальную процівагу гэтаму можа стварыць Эўропа, якая заснуе цэнтры на пэрыфэрыях і асяродак якой будзе паўсюль.
Эўропа рэгіёнаў, баронячы адметнасьці і разнароднасьці як багацьці, якія яе самавызначаюць, безумоўна, ня будзе імкнуцца да сьціраньня існуючых межаў. Існаваньне магутных рэгіянальных цэнтраў будзе захоўваць і ўмацоўваць гэтыя межы. У гэтым няма супярэчнасьці, паколькі першапачатковае значэньне самога слова «мяжа» , лацінскага «finis» і роднаснага яму «finitimus» — памежны, зьвязана хутчэй з паняцьцем блізкага суседзтва, чымся з поўнай ізаляцыяй. У гэтым спэцыфіка рэгіёну, які можна назваць рэгіёнам паўзьмежжа, і таму такім, у якім межы ідуць унутро, а не навонкі блізкага нам прасьцягу. Існаваньне жывога цэнтру аслабляе адно тыя межы, якія ідуць навонкі, якія ізалююць і замыкаюць, натуральным чынам узмацняючы існаваньне межаў, што ідуць унутро і вызначаюць характар рэгіёну.
Існаваньне і разьвіцьцё рэгіёнаў паўзьмежжа, якіх у сучаснай, шматкультурнай Эўропе будзе ўзьнікаць усё больш, надзвычай важнае ў працэсе ажыцьцяўленьня эўрапейскага задзіночаньня. Бо якраз у гэтых рэгіёнах мае шанцы найхутчэй утварыцца аўтэнтычная супольнасьць, народжаная ў змаганьні магутных адметнасьцяў. Якраз тут выразьліва ўстаноўленыя межы будуць супадаць ува ўнівэрсальным цэнтры. Так будзе ўзьнікаць Эўропа Цэнтру. І тады, можа, нам удасца збудаваць такую страху над нашай галавой, якая ня будзе захінаць неба.
Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
З пэрспэктывы Трансыльваніі
Дарагі Аляксандру*!
На тваю прапанову размовы адказваю — як гэта ўжо некалі было — лістом. Папярэдні я напісаў табе, калі ты падрыхтоўваў бліскучы нумар «Кантэкстаў» , прысьвечаны антрапалёгіі тэатру і альтэрнатыўнай культуры. Я тады быў у «Падарожжы на Ўсход» з калектывам, што якраз у тым — 1990 годзе — стварыў Фонд «Паўзьмежжа» , а пазьней Цэнтар «Паўзьмежжа — мастацтваў, культур, нацыяў» з сядзібай у Сэйнах.
Читать дальше