Сёньня ты падрыхтоўваеш выданьне «Кантэкстаў» , прысьвечаных Летуве, ты бываў у маім доме на шляху ў Вільню і Коўню, запісваючы адрасы і цяжкія для завучваньня прозьвішчы.
Тое, што тут перацінаюцца нашы шляхі, што такі гэтым разам кантэкст нашай размовы, найбольш яскрава адлюстроўвае эвалюцыю, якую перажылі нашы пошукі. Сёньня мы заангажаваныя ў спасьціжэньне Летувы, у прысутнасьць Летувы. Сёньня мы ўсё лепш паўтараем прозьвішчы, вучымся мэлёдыі словаў, якія ў вуснах паляка не асвоены зусім, нібыта мы чуем голас не з суседзтва, што трывае стагодзьдзі, а з далёкага кантынэнту.
І пры ўсім гэтым ты прапануеш — і гэта яшчэ адзін доказ тваёй д’ябальскай інтуіцыі — назваць нашу размову «З пэрспэктывы Трансыльваніі» , што адразу надае прадмету нашых зацікаўленьняў належныя, шырэйшыя вымеры.
Так, прыгадваючы ў памяці ўсе нашы размовы ў Цімахавізьне, Сэйнах, Варшаве.., усе пастаўленыя табой пытаньні, я пачынаю пісаць.
* * *
Чаму пэрспэктыва Трансыльваніі важная для нашай размовы? Таму што яна зьмяшчае Польшчу і Летуву ў пэўнай сыстэме спалучаных судзінаў, якія ўзаемна абумоўлены і аказваюць адзін на аднаго магутны ўплыў. Гэта сыстэма ўбірае ў сябе, безумоўна, паўзьмежжы Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы з сваёй пячаткай гістарычных сувязяў, зьменлівых межаў, культурных сваяцтваў. На гэта наклалася яшчэ пячатка супольнасьці сацыялістычнага лягеру, аб якой мы цешыліся, што яна будзе неўзабаве пераадолена, а ў сапраўднасьці мы будзем змагацца зь ёй яшчэ дзесяцігодзьдзі.
Само паймо паўзьмежжа ў сучасны момант тут непапулярнае. Зьвязана гэта з тым, што, згаджаючыся на сапраўднасьць паўзьмежжа, ты пагаджаешся на адмаўленьне ад выключнасьці, напрыклад, летувіскасьці або польскасьці на дадзеным прасьцягу. Узяць хаця б Вільню — летувісы столькі змагаліся, каб мець яе за сваю, за сваю сталіцу. А тут цяпер беларусы абвяшчаюць сьвету, што іх духоўнай сталіцай зьяўляецца Вільня і спакойна прапануюць, каб гэты горад стаў сталіцай усіх нас — летувісаў, палякаў, беларусаў, жыдоў... Аднак гэта тут ужо ў нас ёсьць. Тут ніводны народ не зьяўляецца ўласьнікам усяго.
У выніку перад намі заўсёды стаяць два магчымыя сцэнары паводзін: або мы будзем хацець усё мець ва ўласнасьці і тады пачнем пісаць на мурох лёзунгі накшталт «Польшча для палякаў» і старанна будаваць вобраз кожнага іншага як чужніка і ворага, або дом свой збудуем адкрытым, разьвіваючы добрасуседзтва і пашану да іншага.
Істотная праблема ў гэтым выпадку замыкаецца ня ў тым, што будзе прыняты першы сцэнар, бо сьвядомых і актыўных нацыяналістаў у нас няшмат, а праявы ксэнафобіі хоць і распаўсюджаныя, але застаюцца, тым ня менш, у бальшыні месцаў адмоўнай рысай. Праблема палягае ў тым, што вялізная бальшыня нас лічыць, што дастаткова ня быць нацыяналістам, мець дэмакратычныя пагляды, і ўсё будзе ў парадку. Тым часам адкрыты дом трэба будаваць; тут патрэбна выканаць вялікую працу, патрэбна мець вялікае сэрца.
Падобная сытуацыя і з паймом талеранцыі; само лацінскае слова «tolerare» — зносіць, утрымвае ў сабе нешта пасіўнае, і таму мае рацыю Ян Павел ІІ, кажучы: «Талеранцыя — гэта замала...» . Але аб талеранцыі пазьней.
Цяпер я хачу толькі зазначыць, што поле пабудовы, завязваньня ніцяў супольнасьці ў часе нарастаючай хвалі працэсаў дэзынтэграцыі на паўзьмежжах, я б вызначыў як адно з найістатнейшых поляў дзеяньня нашага Цэнтру ў Сэйнах.
Вось жа для мяне асабіста пераломам у поглядах на паўзьмежжа як на сыстэму, што засяроджвае ўсю гэтую нашую частку Эўропы ў адзін арганізм, былі падарожжы ў Трансыльванію. Раней былі толькі інтуіцыі, адзінкавыя здагадкі, чытаньне кніг.
Была, напрыклад, дыскусія аб Цэнтральнай Эўропе ў 80-х гадох, зыніцыяваная слынным эсэ Кундэры «Разарваны Захад, або Трагедыя Цэнтральнай Эўропы» , у якой узялі ўдзел Мілаш, Гавэл, Конрад, Венцлова, Міхнік, Янчар і інш.
Але тады ідэя Цэнтральнай Эўропы была зразумета занадта вузка і знаходзілася ў занадта моцнай залежнасьці. Апрача гэтага, яна ўзьнікала перадусім у апазыцыі да Расіі, да Савецкага Саюзу. У той момант, калі слабла пагроза залежнасьці ад Масквы і зьявіліся шанцы ўвасабленьня ідэі ў жыцьцё, дыскусія прыціхла, інтэлектуалы пачалі рэдка зьвяртацца да гэтай тэмы, на арэну ўступілі партыкулярныя інтарэсы паасобных дзяржаваў, а падпісанае Вышаградзкае пагадненьне, калі — нягледзячы на шматлікія непаразуменьні і супрацівы — і стараецца быць дзе-небудзь рэалізаваным, то адно ў эканамічнай галіне.
Читать дальше