Мяжа сьвятая
Чалавек, які ўстаўляе мяжу, вельмі часта вызначае лінію прыналежнасьці да сфэры сакральнага. Парушэньне такой мяжы раўназначнае зьнявазе Бога. У «Законах» Плятона мы знаходзім якраз такую думку, укладзеную ў вусны самога Зэўса, апекуна межаў, якога грэкі называлі Геркоёс — Памежны: «Хай ніхто ня зрушыць каменя, які аддзяляе яго маёмасьць ад маёмасьці суседа...» . Ганна Арэнт, інтэрпрэтуючы гэты фрагмэнт у «The Human Condition» , падкрэсьлівае, што тым, што змушала грэкаў бараніць незачэпнасьць межаў, была «не пашана да прыватнай уласнасьці, так як мы разумеем яе сёньня, але факт, што без валоданьня домам чалавек ня ў стане ўзяць удзел у справах гэтага сьвету, бо ён не заняў у ім свайго ўласнага месца» . Славяне садзілі на межах дрэвы ігрушы, сьцяць якія — як верылі паўсюль — азначала няшчасьце. Мы баранілі сваё месца, сваю адметнасьць, і таму тое, што — як кажа Дамэнак — нас акрэсьлівае, што стварае нам магчымасьць асабістага ўдзелу ў справах гэтага сьвету. Адкрытым застаецца пытаньне аб прасторавым абсягу гэтага месца. Некалі гэта было найбліжэйшае абкружэньне, сямейная маёмасьць, наша малая радзіма, муры нашага гораду... Сёньня ў нас нацыянальныя дзяржавы са сваімі ахоўванымі межамі і пачуцьцё, што мы страцілі ўласнае месца.
Мяжа адносная
Яна паходзіць з той часткі Эўропы, у якой цяжка знайсьці што-небудзь больш няпэўнае, чымся дзяржаўныя межы. Тут можна сустрэць людзей, якія, не зьмяняючы на працягу ўсяго жыцьця месца свайго жыхарства, былі грамадзянамі трох, а нават і чатырох дзяржаваў. Межы маёй краіны пасьля другой сусьветнай вайны былі перанесены на сто, а часам і больш кілямэтраў на Захад.
Адноснасьць межаў яшчэ больш падкрэсьлівае факт іх часта абсурднага разьмяшчэньня, якое пагарджае ўсялякімі нормамі рацыянальнага мысьленьня і належнага ўспрыманьня сапраўднасьці. Здараецца, што мяжа тут праходзіць праз цэнтар мясцовасьці, падзяляючы зь незразумелых прычынаў сем’і ці людзей, што гавораць на адной і той мове. Пасля першай сусьветнай вайны ў Цэнтральнай Эўропе ўзьнікла — заміж сямёх — чатырнаццаць дзяржаваў, і цяпер у ёй няма дзяржавы, якая б уважала свае межы за справядлівыя — і гэта спадчына мірных трактатаў, заключаных у выніку абедзьвюх войнаў. «Гэтыя межы вызначала алоўкам на стале, на якім сьвяткаваліся іх ваенныя перамогі, група палітычных і вайсковых псыхапатаў» , — сьцьвярджае прафэсар Кучэра з Прагі.
Я сам жыву паблізу т.зв. «патройнага стыку» , месца, нязвычнага ў гэтай частцы Эўропы, у якім, пачынаючы ад XV стагодзьдзя, нязьменна сыходзяцца межы трох дзяржаваў — былога Каралеўства Польскага, Вялікага Княства Літоўскага і Крыжацкага Ордэна; сёньня Польшчы, Летувы і Калінінградзкай вобласьці Расіі.
Я падаю гэты прыклад як выключэньне, што пацьвярджае правіла.
Гэтаму спрыяе зьява нязвычнай міграцыйнай дынамікі жыхароў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, выкліканай ці то эканамічнымі прычынамі (у апошні час напрыклад, вандроўкі румынскіх цыганоў у Польшчу і Нямеччыну ці вяртаньне трансыльванскіх вугорцаў у Вугоршчыну), ці то прымусовымі дэпартацыямі, што праводзіліся камуністычным рэжымам (перасяленьне ўкраінскага насельніцтва з усходу на захад Польшчы, дэпартацыя судэцкіх немцаў з Чэхаславаччыны ў Нямеччыну). Прыклады можна множыць. На Захадзе падобныя зьявы ня мелі месца, ці, прынамсі, былі не ў такой ступені. Тым ня менш, якраз там, наўперад з прычыны прагрэсуючага працэсу адкрыцьця і сьціраньня дзяржаўных межаў, узьнікла ўзрастаючае пачуцьцё адноснасьці і часовасьці межаў. У выніку жыхары абедзьвюх, яшчэ нядаўна падзеленых, частак Эўропы сёньня ў аднолькавай ступені тужаць па месцы, межавы камень якога ня быў бы парушаны і якое б спрыяла нашаму ўкараненьню.
Таксама ўсё больш відавочным становіцца перакананьне, што памежная лінія гэтага месца ўжо ня будзе памежнай лініяй нацыянальнай дзяржавы, а хутчэй нашага бацькоўскага, роднага рэгіёну, зь якім нам лягчэй поўніцай сябе атаясаміць.
Мяжа парушана
Эўрапейскі дух так жа моцна, як да ўкараненьня, імкнецца і да адчужэньня, выбаўленьня ад лякальных прыналежнасьцяў. Несупыннае перасяганьне межаў ёсьць выклікам, які эўрапеец намагаецца з радасьцю агораць.
За гэтым стаіць неспатольная цікавасьць да сьвету, адкрытасьць для адметнасьці, спасьцераганьне багацьця ў разнароднасьці. За гэтым стаіць і прагненьне стварыць надлякальную структуру, цывілізацыю з унівэрсальным характарам, якая б абымала і асвойвала па магчымасьці больш розных прастораў. Якраз такой была лацінская цывілізацыя. Такой была і «Republique des Letters» , што была зыніцыявана гугенотамі, выгнанымі Людовікам XIV напрыканцы XVII стагодзьдзя. Спасярод элітаў розных краінаў яны распаўсюджвалі кнігі, што друкавалі самі, дзякуючы чаму француская мова стала мовай супольнага, эўрапейскага паразуменьня. Прыналежнасьць да гэтай рэспублікі атаесамлялася з абсалютным і поўным адмаўленьнем ад усялякай рэлігійнай, нацыянальнай і нават сямейнай прыналежнасьці. Такім чынам, гэта крайні прыклад супрацьстаўленьня сябе лякальнасьці і дыскрэдытацыі ўсялякай адметнасьці.
Читать дальше