Але адначасна цяжка не зацемiць, што дзеяслоў «гаварыць» можа ўжывацца ў кантэксьце «кансэрваторыi» адно часткава, паколькi гэта ўстанова, прызначаная найперш для трансфармацыi голасу ў сьпеў, для «пастаноўкi» голасу. У гэты момант мы закранаем справу, найбольш iстотную для пачаткавай фазы дэканструкцыi (назавем яе граматалягiчнай): калi Дэрыда ў 1967 годзе апублiкаваў сваю кнiгу «De la grammatologie» , ён абапёр яе на крытыцы «фонацэнтрызму» або традыцыйнай для Захаду перавазе прысутнасьцi ( «голасу» ) над «пiсьмом» ( «ecriture» ), што ўводзiць элемэнты нябытнасьцi, аддаленасьцi, сьмерцi. Таму «кансэрваторыя» — гэта месца асаблiва дбайнай культывацыi цэнтральнай мэтафары заходняга фiлязафiчнага дыскурсу, што ня толькi падкрэсьлiвае вартасьць голасу, але i надае яму эстэтычную вартасьць i лякалiзуе ў пэўным грамадзкiм рэестры (опэра як «высокая» форма культуры): таямнiчы той голас, якi сьпявае, у параўнаньнi з голасам, якi гаворыць [152].
Перш як зьвярнуцца да bel canto, скiруемся ў бок батанiкi. Гэта ня надта рызыкоўны рух, i шлях да яе не занадта доўгi: «Музычнае выказваньне ў параўнаньнi з звычным выказваньнем валодае пэўнай здольнасьцяй зiхацець усiмi фарбамi (irisation) ...будучы паказьнiкам пэўнай лучнасьцi памiж тым, што i ёсьць чалавечым голасам, i рытмамi фаўны й флёры...» [153]. Ангельскае conservatory — гэта ня толькi храм музыкi, але й флёры, паколькi гэты тэрмiн азначае «цяплiцу» або «аранжарэю» . Чатыры элемэнты мусяць цяпер прыцягнуць нашу ўвагу. Па-першае, аранжарэя — гэта ня што iншае, як «шкляны дом» , i таму пэўная архiтэктурная канструкцыя, i якраз да архiтэктуры хiнецца думка Дэрыды [154], iмкнучыся як бы «знутра» рэiнтэрпрэтаваць слынную канцэпцыю Гайдэгера, што мова ёсьць домам быцьця. Таму мы ў самым цэнтры важнага поля дэканструктывiсцкай рэфлексii, якое, адылi, мы можам закрануць гэтта толькi ўскосна. Па-другое, цяплiца — гэта месца асаблiва магутнага клопату, клопату нават зьлёгку парадаксальнага, бо ён паклiканы стварыць (штучны) дом расьцiнам, «чужым» у дадзенай клiматычнай сфэры. Таму аранжарэя — гэта своеасаблiвы дом-ня-дом, дом-вонках-дому, дом i адначасна ягоны сурагат так, як differance адначасна ёсьць i ня ёсьць месцам, зь якога «распачынаецца» жыцьцё думкi. Па-трэцяе, у выпадку так зразуметага «дому» парушэньню падлягаюць узаемiны памiж нутраным i вонкавым: заданьне аранжарэi ў стварэньнi ў штучна iзаляванай, «культурнай» нутраной прасторы такiх умоваў, якiя пануюць у натуральнай для пэўнага тыпу расьцiны вонкавай прасторы. Такое перамяшчэньне прыводзiць да падрыву такой iстотнай для фэнамэналягiчнай рэфлексii (Башляр) дыстынкцыi памiж «бясьпечнай» нутраной прасторай i «пагрозьлiвай» вонкавай (цяплiца ўводзiць вонкавую прастору ў нутраную, разрываючы яе як бы зь сярэдзiны), а таксама выразьлiва спараджае адыход ад бiнарнага мысьленьня, такога характэрнага для структуралiзму. Па-чацьвертае, цяплiца, conservatory, як дом з шкла павiнна нас зацiкавiць таксама i з дадатковай прычыны. Выконваючы ролю абароньнiка ў падвойных адносiнах — як флёры, так i голасу — будучы абсягам дзеяньня клопату, яна адначасна прыводзiць да сытуацыi, у якой ейная мiсiя мусiць прывесьцi да здрады собскiх iдэалаў. Выпрацаваны голас, «добра пастаўлены» , магутны голас, ёсьць той сiлай, якая разьбiвае шкло. Тайнiца голасу, аб якой гаворыць зацытаваны Дэрыдом Лейры, замыкаецца ў гэтым, замыкаецца ў парадоксе: будучы дарэшты верным прынцыпам культывацыi, культуры, тварэньня i клопату, голас павiнен дасягчы такога пункту, у якiм ён разьбiвае, зьнiшчае тыя ж самыя прынцыпы, стаючыся сiлай (дэ)канструкцыi. Голас, якi пяе — як i голас, якi гаворыць — настойвае на сваiм значэньнi як на нечым пэўным, але ў адрозьненьне ад гаворачага голасу ведае, што зможа рэалiзаваць сваю «волю да магуты» толькi тады, калi гэнае значэньне будзе падарванае. Кажучы яшчэ iнакш, суб’ект стаецца гаворачым суб’ектам тады, калi ймецца з сыстэмай моўных адрозьненьняў, а таксама значэнным суб’ектам, калi сам сябе ўпiсвае ў сыстэму адрозьненьняў [155]. Таму пяючым суб’ектам ён стаецца тады, калi ўсьведамляе сабе, што лёгiка, якая прывяла да ўзьнiкненьня сыстэмы адрозьненьняў, ня ёсьць абсалютным пачаткам, што ў iсьце яна выходзiць далёка за так устаноўленыя рамы «пачатку» i «канца» , бо яна сама ёсьць вынiкам дзеяньня розьнiцы. Такiм парадкам, мэханiзм differance ёсьць гэным пяючым голасам, якi, дасканала авалодаўшы мастацтвам АПЭРАваньня голасам, увасабляе яго ў найвышэйшай ступенi, падрываючы, рэч ясная, «з нутра» абмежаваньнi навук, значэньняў i iнстытуцыяў, якiя ўмагчымiлi яго ўзьнiкненьне.
Читать дальше