* * *
Фройд займаецца абмылам у сваёй клясычнай, раньняй працы, што датычыць памылковых дзеяньняў. Як i Нiцшэ, Фройд трактуе свае аналiзы як радыкальную спробу зьвярненьня ўвагi на трывiяльныя зь першага пагляду здарэньнi штодзённасьцi (i таму нельга пагарджаць дробнымi праявамi i адзнакамi [132]), у якiх дзеюць стлумленыя, выштурхнутыя, але тым ня менш усьцяж актыўныя iнтэнцыi. Таму абмыл — гэта шлях несьвядомага ў бок сьвядомасьцi, зьява, што функцыянуе на паўзьмежжы дзьвюх сфэраў. I гэтта праглядаецца нiцшэанская думка, асаблiва калi прыгадаць сабе чысьленыя зацемы фiлёзафа, што тычацца неаўтэнтычных узаемiнаў памiж сьвядомым i несьвядомым, узаемiнаў, абапёртых на прывiлеяванай пазыцыi сьвядомасьцi над iнстынктам ( «Жывёльныя функцыi ўсё ж у прынцыпе ў мiльён разоў важнейшыя, чымся ўзьнёслыя станы духу або вяршынi сьвядомасьцi: гэтыя апошнiя ёсьць надмернасьцяй, паколькi яны ня ў стане быць iнструмэнтамi гэтых жывёльных функцыяў [133]. Зазвычай сьвядомасьць бярэцца за ... найвышэйшыя iнстанцыi, тымчасам гэта толькi сяродак прылучэньня...» [134]). Абмыл для Фройда — гэта спосаб вырвацца з дысцыплiны лёгiкi i ладу грамадзкага моўнага абмену, прычым гэны трансгрэсіўны акт зьдзяйсьняецца так, што ён радыкальна ня бурыць зоны парадку, а толькi паказвае, што яна пабудавана на подзе непадпарадкавальных рэакцыяў сьвядомасьцi, якiя што да яе застаюцца ў стане пэўнай нэўтральнасьцi. Дарма што Фройд не гаворыць, як Нiцшэ, аб «жывёльных функцыях» , тым ня менш можна паспрабаваць акрэсьлiць як абмыл зьяву, што выяўляе ў сфэры людзтва тое, што нялюдзкае. Мэханiзм, што генэруе памылкi, працуе, завастраючы паўзьмежжы ўвагi так, што яны могуць пэрфараваць i гмурыць напятую паверхню сьвядомасьцi. Паслугуючыся тэрмiналёгiяй Дэрыды, мы маглi б сказаць, што абмыл ёсьць «столкай» , што зьяўляецца на напружанай матэрыi думкi. У Фройда чытаем:
«Шмат дзейнасьцяў мы ўжыцьцяўляем з усёй дакладнасьцяй, дарма што зусiм ня ёсьць спакмянём нашай пiльнай увагi, абмылкi i недарэчнасьцi здараюцца якраз тады, калi мы адумысьля стараемся, каб усё было ў парадку» [135].
Таму абмыл, асэнсаваны ў кантэксьце «ўвагi» , i ёсьць функцыяй празьмернай стараннасьцi або ўяўляе сабой рэакцыю на ваганьне раўнавагi памiж сьвядомымi i несьвядомымi дзейнiкамi. Iншымi словамi, абмыл як своеасаблiвая «дадатковая вартасьць» , вытвараная ў працэсе мысьленьня, паказвае (1) на нястачу працэдураў, якiя б маглi загарантаваць думцы стварэньне толькi «правiльных» мадэляў, а таксама (2) на факт, што «вытворчасьць» значна выходзiць за рамы, якiя вызначыў ёй сьвядомы i рацыянальны плян дзеяньня.
* * *
Загэтым абмыл азначае радыкальнае стаўляньне пад сумлеў поўнай пазнавальнасьцi сьвету. Факт, што дзеяньне ды рэфлексiя прыносяць вынiкi, адрозныя ад спадзяваных i ўстаноўленых, выклiкае два аснаватворныя насьледкi. Па-першае, галоўным аб’ектам рэфлексii стаецца несупынная прадуктыўнасьць, незамiраючае стварэньне значэньняў, якiя толькi часткова падпарадкаваныя волi i кантролю суб’екта. Па-другое, разам зь зьяўленьнем аб’екта рэфлексii як энiгматычнага аб’екта, як бы «няскончанага» i «негатовага» , нельга пазбыцца высновы, што таксама сам суб’ект застаецца не да канца вызначаным i пазнаным. Жан Мары Гвiо пiша: «З аднаго боку, спасьцераганы аб’ект не ўяўляецца як поўнiцай пранiкальны для веды, для адчуваючага i думаючага суб’екта. З другога боку, суб’ект ня ёсьць цалкам пранiкальным для самога сябе» [136].
Гэты зацем адчыняе як эпiстэмалягiчныя, так i этычныя пэрспэктывы. Пазнаньне не азначае цяпер дасягненьня безадносна вызначанай «праўды» як пэўнага «факту» або «стану рэчаў» , а стаецца пошукам «праўды» як працэсу вытворчасьцi значэньняў. Азначэньне «праўдзiвы» надаецца гэтта меркаваньню, якое найбольш спрыяе ўзьнiкненьню чарговых меркаваньняў, i дзеля гэтага такому, якое працягвае справу стварэньня. Пазычыўшы поймаў у Нiцшэ, мы маглi б сказаць, што «праўда» ня ёсьць, але стаецца, i, робячы так, спабываецца сваiх папярэднiх «увасабленьняў» . Таму, беручы больш дакладна, наша формула павiнна выглядаць наступным чынам: праўда ня ёсьць, а стаецца (абмылам).
«У кожным чалавечым учынку бярэ свой удзел абмыл, аблуда; гэты ўдзел можа ўзрастаць у меры таго, як учынак перасягае межы звычайнага (...). Нельга асудзiць мэтафiзычныя тэорыi на подзе безадноснай праўдзiвасьцi, якую немагчыма спраўдзiць; але адным з спосабаў асуджэньня ёсьць ацэнка iхнай плённасьцi. Мы не жадаем ад iх, каб незалежна ад нас i нашых учынкаў яны былi праўдзiвыя, але каб яны такiмi сталiся. Плённы абмыл у вынiку можа быць у гэтым значэньнi больш плённым, чымся занадта посная i вузкая праўда» [137].
Читать дальше