* * *
Нiцшэ, паддаючы аснаватворнай крытыцы мысьленьне Захаду, мусiць зьмясьцiць «абмыл» у под сваёй фiлязофii. Гэтта ня йдзецца аб тых цi iншых «абмыльных» думальных мерапрыемствах, якiя могуць быць вэрыфiкаваныя i «заклiканыя да парадку» пры дапамозе нязьменна абавязваючай праўды. У Нiцшэ нават «праўда» — толькi адмысловая выява «абмылу» . Тое, што ў раньняй працы «Радзiны трагедыi» называецца «дыянiсiйскай стыхiяй» i характэрнай рысай чаго ёсьць «упаеньне» [126](Rausch), у пазьнейшых зацемах набудзе выгляд «дыянiсiйскага iдэалу» , абапёртага на поймах «магуты» (Macht) i «абмылу» (Irrtum): «Мой дыянiсiйскi iдэал... Оптыка ўсiх арганiчных функцыяў, усiх наймагутнейшых жыцьцёвых iнстынктаў: магута, што прагне абмылу ва ўсiм жыцьцi; абмыл як перадумова нават мысьленьня (der Irrtum ist die Voraussetzung des Erkennens)» [127].
У «Вясёлай навуцы» гiсторыя чалавецтва зводзiцца да чатырох абмылаў, што замыкаюцца ў «недасканалым бачаньнi» (er sah sich nur unvollstandig) чалавечага суб’екта, якi ў сувязi з гэтым прыпiсаў сабе «выдуманыя свомасьцi» (erdichtete Eigenschaften) i зьмясьцiў сябе ў незаслужана прывiлеяваную пазыцыю (in einer falscher Rangordnung) да прыроды, а створаныя сабой i зьменлiвыя гiстарычныя законы (Guttertafeln) ён уважаў за вечныя [128]. Такiя фармулёўкi справядлiвыя i для думкi самога Нiцшэ, якi сваю фiлязофiю трактуе як аб’яўленьне ня «праўды» , а «магуты» , сьмерць жа Бога, абвешчаная ў 125 афарызьме «Вясёлай навукi» , трактуецца як стварэньне месца, на якiм бы магла весьцiся несупынная барацьба iнтэрпрэтацыяў. У гэтым значэньнi сьмерць Бога ёсьць найвышэйшай формай абмылу, паколькi (1) ён даводзiць, што Бог ня быў тым, за каго мы яго ўважалi, i таму (2) паказвае на Бога як на «абмыльнае» быцьцё, магута якога (3) замыкаецца якраз на ўвыразьненьнi собскай «абмыльнасьцi» дзякуючы немiнучай, не выпакутаванай Уваскрошаньнем сьмерцi. Сьмерць Бога не адмаўляе, зрэшты, магчымасьцi веры, якраз наадварот, яна робiць гэтую веру праўдзiвай або «абмыльнай» вартасьцяй, паколькi — як пытаецца Нiцшэ ў сваiх запiсах — хiба ў Бога вераць не таму, што ён непраўдзiвы, а таму, што ён фальшывы? [129]Памерлы Бог або Бог як адмысловая выява абмылу не перастае быць iнстанцыяй, што фармуе жыцьцё? Хоць Нiцшэ ня згадвае Бога спасярод тых поймаў, безь якiх нiхто цяпер ня змог бы жыць [130], але паколькi ён зьмяшчае спасярод iх целы, лiнii, плашчынi, прычыны i насьледкi, а таксама iншыя артыкулы веры, то можна прыпушчаць, што Бог — трактаваны як Стваральнік усяго бытуючага i ўладарных над iм законаў — ёсьць як бы «зборным» паймом, вышэйпаложаным да ўсiх iншых i таму тым больш належным да рэестру рэчаў, што робяць жыцьцё «зносным» . I калi Нiцшэ канчае свой афарызм сьцьвярджэньнем, што яны (вышменаваныя поймы. — Т.С.) дзякуючы гэтаму яшчэ не даведзеныя; жыцьцё — гэта не аргумэнт; ува ўмовах жыцьця можа быць абмыл (Unter den Bedingungen des Lebens konnte der Irrtum sein), то мы маглi б дакiнуць, што ў iсьце Бог ёсьць формай такога абмылу, што становiць сабой умову iснаваньня. Адначасна трэба памятаць, што боскасьць гэтай выявы абмылу замыкаецца ў тым, што ён не дазваляе сябе прасачыць да канца i адначасна вылучыць як «абмыл» , а застаецца як бы ў завiсаньнi памiж рознымi формамi быцьця, даючы сфармуляваць сябе адно ў форме прыпушчэньня (konnte der Irrtum sein). Бог — гэта тая сiла, якая, надаючы абрысы спакмянём, адначасна падцiнае, (дэ)канструюе iхную працягласьць i нязьменнасьць; Бог/абмыл — гэта ўзмагутненая моц «быць можа» , што мажджэрыць кожны спакмень i кожнае паймо.
Гэта таксама азначае, што ў поймах, будучых «абмыльнымi» ў назначаным вышэй сэнсе, функцыянуюць адначасна розныя магчымасьцi значэньня (паколькi ва ўсiх iх дзеяла сiла «быць можа» ), i таму немагчыма адмедаваць iх аднэй дэфiнiцыяй, якая б стварыла «праўдзiвы» вобраз. Загэтым абмыл ёсьць спасылкай да дысэмiнацыйнага характару значэньня, якое нiколi не было гамагенным i ў сувязi з тым выступала супраць рутынных моўных i пазнавальных навыкаў. Нiцшэ асэнсоўвае гэтае пытаньне на пачатку кнiгi «Па той бок дабра i лiха» , пiшучы: «Фальшывасьць нейкага меркаваньня для нас ня ёсьць яшчэ закiдам супраць гэтага меркаваньня; у гэтым навiзна нашай мовы гучыць найбольш нязвычна. Гаворка iдзе аб тым, наколькi яно ўплывае на ўзмагутненьне жыцьця (...), i мы прынцыпова схiляемся да цьверджаньня, што найбольш фальшывыя меркаваньнi найбольш неабходныя для нас (...). Прызнаць няпраўду ўмовай жыцьця азначае небясьпечным чынам выступiць супраць звычных што да вартасьцяў пачуцьцяў...» [131].
Читать дальше