Як у выпадку Чэхаславаччыны, так і Ўзбалтыкі, грамадзкія масы ўплывалі на радыкалізацыю праграмы ды хуткую інстытуталізацыю новаўзьніклых рухаў. У гэтых грамадзтвах былі досыць моцна ўкарэненыя ідэі дэмакратыі, свабоды й незалежнасьці, дарма што ў выніку нястачы ў пэрыяд набыцьця нацыянальнага аблічча ў гэтых грамадзтвах — і, такім чынам, у вельмі істотны пэрыяд фармаваньня іхнай культуры: собскіх вышэйшых слаёў і зьвязаных з гэтым традыцыяў актыўных грамадзянскіх акцыяў — масавае, дзейснае падтрыманьне гэтых ідэяў грамадзтвам патрабавала ў тагачасных умовах наагул ініцыяцыі або санкцыі «згары» .
Таму можна сьцьвердзіць, што ідэі дэмакратыі й свабоды былі жывыя ў некаторых грамадзтвах і абумоўлівалі іх несупынную актыўнасьць (Польшча, Вугоршчына), у іншых яны таксама былі прысутныя, але актыўна артыкуляваліся толькі часам, як бы з дазволу ўладнай эліты (Чэхаславаччына, а ў апошнія гады Савецкага Саюзу — Эстонія, Латвія й Летува). У праваслаўных грамадзтвах гэтыя ідэі не былі такімі блізкімі масам або, магчыма, не ўкарэньваліся так лёгка. Пасьля 1989 году аказалася, што для палітычнай і эканамічнай перамогі не патрэбныя паўстанцкія шляхотна-інтэлігенцкія традыцыі, а дастаткова буржуазнага этасу дбайнасьці й працавітасьці. Якраз таму палітычным лідэрам (у пляне палітычнай стабільнасьці), а можа і эканамічным, у апошнія часы ў Сярэдне-Ўсходняй Эўропе стаюцца чэхі (як гэта й было перад вайной), а не кіраваныя посткамуністамі палякі й вугорцы. І да нядаўнага яшчэ ў бальшыні сялянскай Польшчы гучаць галасы расчараваньня, пратэсту супраць адкрытасьці для сьвету, што складае ўсё большую перашкоду актыўным, элітарысцкім імкненьням хуткага рэфармаваньня краіны. Падобныя зьявы таксама выяўна назіраюцца ў суседняй сялянскай Славаччыне й Летуве. Традыцыі буржуазнага, часта пратэстанцкага этасу добрай працы, відавочна, існуюць у некалі таксама сялянскіх грамадзтвах, якія, аднак, у дужай ступені дазнавалі ўплыў нямецкай культуры: наўперад у каталіцкай, а цяпер дужа сэкулярызаванай Чэхіі, пратэстанцкай Эстоніі й гэткай жа ў значнай частцы Латвіі (дзе латышы, аднак, складаюць троху больш за палавіну насельнікаў краіны). Спасярод праваслаўных дзяржаваў Расія вылучаецца актыўным, інтэлігенцкім этасам сваіх элітаў, што, аднак, значна менш назіраецца па-за вялікімі гарадамі краіны, якія традыцыйна засяроджваюць расійскую інтэлігенцыю і ўладную эліту. Масква й Пецярбург выяўна розьняцца ад Менску й Кіева. У сваю чаргу далёкая, местачковая й селавая расійская правінцыя сваёй інэртнасьцяй нагадвае беларускую і ўкраінскую.
Сярэдне-Ўсходняя Эўропа, стагодзьдзямі надзвычай здыфэрэнцыяваная культурна, перамяшаная этнічна, перажыла гамагенізацыю шляхам утварэньня ў меру аднародных элітаў у рамах двух найвялікшых дзяржаўных арганізмаў: польска-літоўскага ды манархіі Габсбургаў. Падобныя працэсы ўзьнікалі ў былым СССР, асабліва ў яго славянскіх рэспубліках. Супольнасьць элітаў гэтага прасьцягу сёньня асабліва даецца ў знакі Беларусі, кляса дзяржаўнай бюракратыі якой была ў значнай ступені вытворнай у дачыненьні да маскоўскага першаўзору, і спабытай пры гэтым пачуцьця нацыянальнай укарэненасьці ў так моцна саветызаваным грамадзтве, што яно ўяўляе сваю беларушчыну ў рэгіянальна-правінцыйных (у рамах былой імпэрыі), а не ў нацыянальных катэгорыях. Узьніклая кляса ўлады складаецца зь людзей недастаткова самастойных, з значным пачуцьцём пакорлівасьці да маскоўскага цэнтру, што і перадаецца ўсяму грамадзтву. Сучасная гарадзкая супольнасьць Беларусі ўзьнікла ў выніку імклівых працэсаў перасяленьня ў гарады жыхароў сяла пасьля першай, і асабліва пасьля другой сусьветнай вайны. Гэтыя людзі стварылі падставы гарадзкой супольнасьці, запаўнялі ўрбанізаваную культурную й палітычную паражнечу, самі фармавалі эліты — бо іншых не было. Яны прынесьлі ў горад сялянскую пакорлівасьць або пакорлівасьць аўтарытэтам, пасіўнасьць, рахманасьць, канфармізм, замкнёнасьць, непрыхільнасьць да ўсякіх плюралізмаў, а таксама сялянскае, этнічнае пачуцьцё часу, настроенае на перабываньне гэтта й цяпер. Падобныя праблемы перажывала ўся Сярэдне-Ўсходняя Эўропа. Аднак у Польшчы, у Вугоршчыне, а пасьлей і ў Чэхіі, сялак у горадзе далучаўся да актыўнага нацыянальнага этасу, сутыкаўся з собскай элітарнай культурай і слаямі, якія былі ейнымі носьбітамі, што беларусам дадзена не было.
У Беларусі ўсьцяж няма грамадзкай клясы, якая б была зацікаўлена ў хуткай эканамічнай і палітычнай мадэрнізацыі краіны і якая б дамагалася вяршэнства закону, а не асабістай улады (накшталт добрага цара). Надзвычай востра адчуваецца адсутнасьць клясы, якая была б у стане пабудаваць незалежнае ад улады грамадзтва. «Палітычная свабода, — піша Яцак Курчэўскі, — патрабуе не таго, каб блізу ўсе працавалі на сваім, а таго, каб блізу ніхто не працаваў на дзяржаўным» [119]. Да так зразуметай свабоды беларусы цяпер не імкнуцца. Няма ў Беларусі буржуазіі — дарма што бальшыня ейных грамадзян — гэта жыхары гарадоў; няма таксама сярэдняй клясы — дарма што тут ёсьць нячысьлены слой заможных людзей. Бо сярэдняя кляса ў сваёй аснове незалежная ад дзяржаўных уладаў. «Сацыёлягі, — як адзначае Эдмунд Макжыцкі, — з вылучнай згодай акрэсьліваюць сярэднюю клясу як фундамэнт эканамічнага, грамадзкага й палітычнага ладу капіталізму» [120]. Паволі і зь велізманымі цяжкасьцямі яна ўтвараецца ў краінах Вышаградзкай Групы. У Беларусі супраць гэтага працэсу скіраваныя як улады, так і значная частка эгалітарна настроенага грамадзтва. Гэта выклікае небясьпеку выцясьненьня слою заможных людзей на пэрыфэрыю эканомікі й права, грамадзкай паталягізацыі й абмежаваньня магчымасьці эканамічнага ўзросту ды гаспадарчай трансфармацыі.
Читать дальше