Мяне асабліва цікавяць культурныя (і таксама вынікаючыя з формы грамадзкай структуры) перадумовы палітычных і эканамічных працэсаў, пошук адказу на пытаньне: ці існуюць і якія гэта дзейнікі, вызначэньне якіх прынамсі часткова парадкавала б часам ілюзорны хаос і ўяўную адвольнасьць рэакцыяў грамадзтваў Сярэдне-Ўсходняй Эўропы.
Культура
Узьнікненьне сваіх культур з традыцыі Рыму або Бізантыі злучана з адметным для паасобных краін гістарычным досьведам, што асабліва мадыфікуе іхную палітычную культуру. Баўгарыя і Румынія вельмі доўгі час паддаваліся турэцкім уплывам, Расія — мангольскім, а Ўкраіна і Беларусь — польскім, а пасьля расійскім. Значная частка Польшчы ў пэрыядзе акупацыі знаходзілася ў імпэрыі Раманавых.
У адваротнасьць ад хутчэй прагматычнай, рацыяналістычнай — хаця і інтэлектуалісцкай — а з часам і нават і матэрыялістычнай лацінскай Эўропы, праваслаўе ў сваім грамадзкім вымеры хутчэй сузіральнае, падаўкое на «нябеснае валадарства ідэі» (С.Булгакаў), яно напару набывае выгляд канкрэтных — і ўспрынятых вельмі эмацыйна — грамадзкіх канцэпцыяў. Усход, безумоўна, больш як Захад міталягізуе і ідэалізуе абкружаючую яго сапраўднасьць. У Расіі схільнасьць да дасягненьня ідэалу, прагненьне рэалізацыі высакародных мэтаў за любую цану, уважаючы вядучыя да іх сяродкі за нешта другараднае, выявілася ўва ўсталяваным бальшавікамі ладзе.
У Беларусі ўзаеміны паміж Царквой і дзяржавай вынікаюць — на ўзор Расіі — з падпарадкаваньня Царквы афіцыйнай уладзе, а ў апошнія гады — з апірышча дзяржавы на Царкву, вонкавага выкарыстаньня ейнай прысутнасьці, відарысу, атрыбутаў. У сэкулярызаванай Беларусі прэзыдэнт Лукашэнка падчас публічных урачыстасьцяў абкружае сябе высокімі праваслаўнымі дастойнікамі з запалам, роўным таму, зь якім ранейшыя валадары Беларусі кідалі іх у вязьніцы і высылалі на Калыму. Прысутнасьць Царквы ў публічным жыцьці ёсьць перадусім, згодна з традыцыяй, вынікам ейнага інструмэнтальнага трактаваньня чарговымі ўладамі, што адрозьнівае Беларусь ад партнэрска-суперніцкіх узаемінаў абедзьвюх інстытуцыяў у ейнага заходняга суседа.
Праваслаўныя грамадзтвы сфармавалі надзвычай слабыя структуры (пабудовы) сярэдняга ўзроўню, а наймя такія, якія б не былі зыніцыяваныя й кантраляваныя дзяржавай. Яны не стварылі магутных інстытуцыйных і неінстытуцыйных формаў супрацьдзеяньня дзяржаве, дэспатызму. Існую на ўзроўні групы актыўнасьць дзяржава ў ХХ стагодзьдзі была ў стане часткова зьнішчыць і часткова падпарадкаваць сабе. Гэтыя грамадзтвы не заснавалі мэханізмаў дэмакратычнай і аўтаномнай чыннасьці, абапёртай на актыўнасьці, якой сьцьвярджаецца незалежнасьць індывіда. Найчасьцей яна заставалася сам-насам з адміністрацыйным малохам дзяржавы. Грамадзтва й рэлігія былі нагэтулькі дужа злучаныя зь дзяржавай, што пасьля яны былі ня ў стане супрацьдзеяць ёй. У масавым маштабе ня ўзьніклі значэнныя формы абароны, прыклады паводзінаў і катэгорыі мысьленьня, якія б палегчылі перажыцьцё гэтага без блізу поўнай грамадзкай пакоры. Супраціў меў перадусім індывідуальны вымер, абапіраючыся ў гэтым на традыцыі праваслаўнай духовасьці.
Зразумела, што рэформы ў гэткага тыпу грамадзтвах, асабліва ўдалыя рэформы, зазвычай праводзіліся «згары» . Грамадзтва было наагул надзвычай слабое, каб праводзіць собскія прапановы. Ягонае разьвіцьцё ў наступак грамадзкіх выбухаў і рэвалюцыяў, а не паступовай эвалюцыі, часта было вынікам адсутнасьці інстытуцыйных структур, якія б спрыялі распружаньню і былі б у стане рэалізоўваць памкненьні грамадзтва, эфэктыўна ўплываючы на дзейнасьць уладаў. Ажыцьцёўленыя ў Беларусі ў дзевяностых гадох сьціплыя захады, скіраваныя на пабудову гэткага тыпу інстытуцыйных струкгураў, былі зь цягам часу рэзка спыненыя, што часткова адбылося ў выніку рэакцыі на гэткага тыпу палітыку з боку бальшыні грамадзтва. Традыцыйнае для Ўсходу разьмеркаваньне ўлады ў грамадзтве (або таксама ўзглядам грамадзтва), якое ў грамадзкай сьвядомасьці выяўляецца ў тым ліку і ў рэзкім падзеле на «нас» і «іх» , абцяжвае борздае рэагаваньне на грамадзкія пастуляты, а таксама паступовую эвалюцыю сыстэмы. У гэткага тыпу палітычнай сыстэме выбары ў фармальна прадстаўнічыя органы ўлады зазвычай азначаюць імклівае ўмацаваньне плебісцытных мэханізмаў.
Гэтыя залежнасьці, мэханізмы дзейнасьці і ператварэньняў пасьля друтой сусьветнай вайны былі часткова перанесеныя ў краіны Сярэдне-Ўсходняй Эўропы. Ужо ў ХІХ стагодзьдзі быў заўважны іхны ўплыў на польскае грамадзтва ў Расійскай імпэрыі. Ён выяўляўся ў схільнасьці да разьвіцьця шляхам паўстаньняў-рэвалюцыяў, у стаўленьні да дзяржавы, закону. Зьмены ў выніку паступовай эвалюцыі сыстэмы, якія маюць інстытуцыйную форму, саступкі на карысьць грамадзтва, якое ўсё больш і больш стаецца суб’ектам грамадзкіх і палітычных дзеяньняў, — гэта мадэль значна бліжэйшая аўстра-вугорскай манархіі, і нават дзяржаве Гогэнцалернаў, чымся царскай Расіі. Гэтая апошняя, кіруючы сілай, часам ласкай, але ніколі да 1905 году не саступаючы ўлады дэмакратычным інстытуцыям, прынучала народ, які прызвычаіўся да дэмакратычнай улады над сабой (польская шляхта), да несупынных бунтаў і ўрэшце забурэньняў. Таму і галічанскія палякі былі ў многіх адносінах бліжэйшыя сваёй палітычнай культурай некаторым іншым грамадзтвам Габсбурскай дзяржавы, чымся палякам у Расійскай імпэрыі (падобнае было — зважаючы на адпаведныя ўзаеміны — і ў выпадку той часткі Польшчы, якая апынілася ў складзе нямецкай дзяржавы). Пасьля другой сусьветнай вайны разьвіцьцё польскага грамадзтва шляхам частых закалотаў было вынікам несупыннай канфрантацыі нацыі, што валодае магутнымі вызвольнымі традыцыямі і актыўным шляхотна-інтэлігенцкім этасам палітычнай дзейнасьці, з уведзенай дзяржавай сыстэмай вартасьцяў, узьніклай на Ўсходзе і распаўсюджванай у створаных там формах. Таму яно было вынікам заблякаваньня мэханізмаў, што забясьпечваюць разьвіцьцё шляхам эвалюцыі.
Читать дальше