Тэкст перакладзены паводле аўтарскага рукапісу.
* Рэфэрат, прачытаны падчас міжнароднай канфэрэнцыі «Горад і народная культура ў гісторыі Беларусі, Летувы, Польшчы і Ўкраіны», праведзенай 7–9 кастрычніка 1994 г. Міжнародным Цэнтрам культуры ў Кракаве.
*Анатоні Падраза— вядомы польскі гісторык і культурны дзеяч. Прафэсар, доктар габілітаваны. Працуе ў Інстытуце гісторыі Ягелонскага ўнівэрсытэту (Кракаў). Намесьнік старшыні «Усходнеэўрапейскай камісіі» пры Польскай акадэміі навук. Гэтая камісія ўлучае каля 40 дасьледнікаў, што займаюцца рознымі аспэктамі гісторыі і культуры Ўсходняй Эўропы. Ёй падрыхтаваны энцыкляпэдычны даведнік па Ўкраіне. Чалец Грамадзкага камітэту аднаўленьня помнікаў архітэктуры Кракава.
Удзельнічаў у стварэньні нядаўна выдадзенай калектыўнай манаграфіі «Królowie elekcyjni. Leksykon biograficzny. Praca zbiorowa pod redakcjа Ireny Kaniewskiej (Wydawnictwo Literackie)» — навукова-папулярнай біяграфіі ўсіх выбраных каралёў Рэчы Паспалітай.
У 1999/2000 навучальным годзе прачытаў курс лекцыяў на гістарычным факультэце Ягелонскага ўнівэрсытэту пад назвай «Europa jedna i podzielona w czasach nowożytnych (XVI–XVIII w.) — rozważania o wielkich regionach historycznych» .
Здабыў вядомасьць ува ўсёй Польшчы сваімі дасьледаваньнямі на тэму «Польска-ўкраінскія дачыненьні эпохі Новага часу» .
Пераклад зьдзейсьнены з ласкавай згоды аўтара.
*Рышард Радзік
Беларусь і Сярэдне-Ўсходняя Эўропа
Культурныя перадумовы палітычна-эканамічных ператварэньняў
Сярэдне-Ўсходняя Эўропа ніколі не была эканамічным, палітычным або культурным маналітам. Пасьля другой сусьветнай вайны накінутая сыстэма ў шматлікіх аспэктах прыпадобіла да сябе ахопленыя ёй краіны. Падавалася, што зьмяншаюцца адрозьненьні, якія падзяляюць іх. Гэтая тэндэнцыя была рашуча адкінута пасьля 1989 году, калі ў аўтарытарнай Масквы больш ня стала сілы навязваць іншым собскія палітычна-эканамічныя рашэньні. Аказалася, што некаторыя краіны значна лепш даюць сабе рады, пакладаючыся на саміх сябе, іншыя — прынамсі дагэтуль — ня ў стане ў адэкватнай ступені спраўна кіраваць сваю эканоміку, эфэктыўна мадэрнізаваць свой палітычны лад. Падзел Сярэдне-Ўсходняй Эўропы паводле эканамічнага крытэру: узроўню эканамічнай эфэктыўнасьці, і палітычнага: ступені палітычнай дэмакратызацыі, стаўся досыць выразьлівым. Безумоўныя эканамічныя і палітычныя лідэры тут — краіны Вышаградзкай Групы (абмінем у гэтых разважаньнях колішнюю Югаславію, ГДР або Альбанію). Спасярод чатырох краін гэтай групы Польшча, Славаччына і Чэхія вырозьніваюцца на фоне ўсяго рэгіёну шпаркім тэмпам эканамічнага ўзросту. Польшча як першая краіна ўва ўсім сярэдне-ўсходнім рэгіёне перасягла ўзровень нацыянальнага даходу да перакрышу камунізму. Таму яна нагнала страчанае на пачатку 90-х гадоў. Усе сябры Вышаградзкай Групы таксама лідэры ў працэсе прытарнаваньня собскіх эканомік і палітычнай сфэры, дзяржаўнага ўладкаваньня і права да заходнеэўрапейскіх узораў (у гэтым пляне апошнім часам шмат крытыкі выклікае ступень палітычнай трансфармацыі ў Славаччыне). Гэтыя краіны маюць, безумоўна, найвялікшыя шанцы на ўваход першымі ў Эўрапейскі Зьвяз і NATO (у гэтым апошнім выпадку няясная пазыцыя Славаччыны).
Засталыя дзяржавы трэба падзяліць на тры групы. Адну зь іх складаюць дзьве краіны: Румынія і Баўгарыя. Другую — тры ўзбалтыцкія рэспублікі: Летува, Латвія і Эстонія. Засталыя краіны — гэта эўрапейская частка СНД: Украіна, Беларусь і Малдова. Спасярод гэтых дзяржаваў найменшы спад нацыянальнага даходу меў месца ў Румыніі і Баўгарыі. Больш за тое, у Румыніі ў мінулым (1995) годзе зафіксаваны нават высокі, роўны Польшчы і Славаччыне, узрост нацыянальнага даходу на 7%. Абедзьве, аднак, маюць велізарныя праблемы з трансфармацыяй эканомікі і палітычнай сыстэмы. Яны і цяпер далёкія ад стварэньня асноваў, на якіх магла б быць пабудаваная здаровая капіталістычная эканоміка ды парлямэнтарная дэмакратыя заходняга тыпу. У іх узьнікаюць праблемы, даўно невядомыя ў краінах Вышаградзкай Групы (напрыклад, апошнія цяжкасьці з забесьпячэньнем хлебам у Баўгарыі). Разрыў паміж вышаградзкай чацьверкай і дзьвюма балканскімі рэспублікамі выяўна павялічыўся пасьля заняпаду камунізму.
Яшчэ больш павялічылася дыстанцыя паміж Вышаградзкай Групай і рэспублікамі былога СССР. Апошнія эвалюцыянуюць у двух розных кірунках. Узбалтыцкія краіны, дарма што спад нацыянальнага даходу склаў у сярэднім каля 50% (найбольшы ў Летуве, найменшы ў Эстоніі), апошнім часам пачалі выкарасквацца з крызысу. Гэта асабліва тычыцца Эстоніі, якая ў пляне некаторых эканамічна-палітычных парамэтраў ужо набліжаецца да вышаградзкай чацьверкі. Беручы пад увагу тэмпы эканамічна-палітычнай трансфармацыі, узбалтыцкія рэспублікі маюць значна большыя шанцы, чымся абедзьве балканскія краіны, на выхад з крызысу, збліжэньне з Захадам і сябраўство ў Эўрапейскім Зьвязе. Істотная праблема для іх замыкаецца ў становішчы ў гэтым пытаньні Расіі, а таксама ў палітычнай і эканамічнай пазыцыі вельмі шматлікай (за выняткам Летувы) расійскамоўнай мяншыні, што засталася ў гэтых краінах пасьля савецкага пэрыяду. Як і ўва ўзбалтыцкіх краінах, так і ў трох рэспубліках СНД нацыянальны даход зьнізіўся ў 90-х гадох у сярэднім на 50% (найменш у Беларусі, найбольш у Малдове). Эканамічная сытуацыя ў гэтых краінах, безумоўна, найгоршая спасярод усяго прасьцягу Сярэдне-Ўсходняй Эўропы. У Беларусі і Ўкраіне не прадугледжваецца ўзросту нацыянальнага даходу і ў бягучым (1996) годзе. Асабліва сумнеўныя пэрспэктывы ў Беларусі, дзе не праводзяцца істотныя структурныя рэформы. Беларускую эканоміку характарызуе нізкі ўзровень прыватызацыі, вялікая ступень цэнтралізацыі і нестабільныя праўныя нормы, несупынны і значны спад інвэстыцыяў, ліквідацыя цягам апошняга году валютных рэзэрваў краіны (у Польшчы яны складаюць 18 мільярдаў даляраў, больш як валютныя рэзэрвы Расіі). Калі ў Польшчу замежныя інвэстары ў 90-ыя гады інвэставалі ад 8 да 10 мільярдаў даляраў (розьніца вынікае з адрозных мэтадаў падліку), то для Беларусі гэта лічба ў некалькі дзясяткаў разоў меншая (у 1 паўгодзьдзі бягучага году ў Польшчы — 2 мільярды USD, а ў Беларусі — некалькі дзясяткаў мільёнаў). Паводле апошняга рапарту Сусьветнага Банку (1996), найвышэйшай ступені лібэралізацыі эканомік краін разгляданага рэгіёну Эўропы дасяглі краіны Вышаградзкай Групы і ўзбалтыцкія рэспублікі. Найніжэйшага — Беларусь, у нязначна лепшай пазыцыі знаходзіцца і Ўкраіна (не беручы пад увагу Малдовы). Вышэй сягнулі нават Узбэкістан і Віетнам. Сярэднія пазыцыі ў табэлі занялі Баўгарыя і троху больш за яе эканамічна лібэральная Румынія. Найбольшая таксама — паводле ацэнак заходніх фінансавых інстытуцыяў — рызыка інвэставаньня ў рэспубліках СНД, найменшая — у краінах вышаградзкай чацьверкі.
Читать дальше