Падкрэсьлены мной факт каэкзыстэнцыі ў рамках адной дзяржавы насельніцтва з рознымі культурнымі традыцыямі, безумоўна, палягчаў узаемаўплывы, пагатоў што зь цягам часу пачаўся працэс зьмяшэньня насельніцтва розных нацыянальнасьцяў, рэлігій і культур. Гэта ізноў тычылася перадусім усходніх тэрыторый Рэчы Паспалітай. Радзей заселеныя, яны прыцягвалі людзей са значна гусьцей населеных заходніх прасьцягаў. Але на міграцыю насельніцтва з захаду на ўсход аказвалі ўплыў і іншыя фактары. Для магнатаў і шляхты гэта была лёгчыня ў здабыцьці зямельных надзелаў, якіх там быў лішак у параўнаньні з заходняй часткай краіны. Для сялянаў усходнія землі былі жаданым месцам для пасяленьня на больш лагодных, больш спрыяльных, чымся на захадзе, умовах. Таксама перадусім на ўсход кіраваліся ўцёклыя сяляне, такія шматлікія ў пэрыяд, калі паншчынна-фальваркавая сыстэма ўсё болей вычэрпвала сябе. Шмат зь іх кіравалася таксама ў гарады і мястэчкі на ўсходзе, знаходзячы там больш спрыяльныя ўмовы жыцьця. У выніку мы назіраем усё больш разнастайную нацыянальную мазаіку на ўсходніх, рускіх тэрыторыях колішняй Рэчы Паспалітай. Пэўны ўплыў на яе характар аказвалі і палянізацыйныя працэсы з аднаго, і рутэнізацыйныя з другога боку. Агульная тэндэнцыя гэтых працэсаў добра вядомая. Палянізавалася перадусім руская і літоўская шляхта, а польскія сяляне, што асядалі на ўсходзе, у значнай ступені рутэнізаваліся.
Вынікам гэтага была спэцыфічная грамадзкая структура паасобных нацыянальных групаў. Тымчасам як пераважная бальшыня сельскага насельніцтва захоўвала свой першапачатковы, рускі характар — мала таго: колькасьць рускага сельскага насельніцтва нават расла, дзякуючы зрутэнізаваным польскім сялянам — то, наадварот, шляхта ставалася перадусім польскай, і ня толькі ў выніку наплыву шляхты з заходніх земляў, але і палянізацыі рускай і літоўскай шляхты. У гарадох сытуацыя была найбольш складанай. Тут, на ўсходніх тэрыторыях Рэчы Паспалітай, найбольшую групу, як правіла, складала жыдоўскае насельніцтва. Гэта асабліва тычыцца малых мястэчак. Апрача гэтага, значныя групы ў гарадох складалі палякі і русіны (украінцы і беларусы), у розных, зрэшты, прапорцыях. Таму, калі мы закранём месца народнай культуры, то варта памятаць аб тых нацыянальных адрозьненьнях, якія былі ўласьцівыя для гораду і вёскі, паколькі яны аказвалі ўплыў на характар культуры абодвух гэтых асяродзьдзяў. Варта таксама памятаць, што важным кампанэнтам культуры ўсходніх тэрыторыяў колішняй Рэчы Паспалітай была і шляхецкая культура; безь яе ўліку мы поўніцай не зразумеем культурных працэсаў, якія адбываліся на гэтых прасьцягах.
Нацыянальнасьць адрозьнівала насельніцтва, якое жыхарыла на ўсходніх прасьцягах Рэчы Паспалітай, але я мяркую, што прынамсі пачынаючы з XIV стагодзьдзя ў яшчэ большай ступені адрозную ролю выконвала рэлігія. На бальшыні рускіх тэрыторыяў Рэчы Паспалітай ня толькі падчас яе існаваньня, але і пасьля яе падзелаў нацыянальнасьць ідэнтыфікавалі з рэлігіяй. Рыма-каталік — гэта паляк, праваслаўны або грэка-каталік — гэта ўкраінец або беларус. Зрэшты, гэты стэрэатып функцыянуе да сёньняшняга дня.
Дыхатамічны падзел на каталікоў і праваслаўных быў на тэрыторыях Рэчы Паспалітай парушаны напрыканцы XVI стагодзьдзя ў выніку берасьцейскай уніі. Ацэнкі уніі і яе значэньня для ўкраінскай або беларускай нацыі зьмешчаны ў багатай літататуры, а выдадзеныя сёлета матэрыялы сэсіі, якая адбылася ў мінулым годзе ў Ягелонскім унівэрсытэце [114], яшчэ больш узбагацілі нашую веду ў гэтым абсягу. Гэта звальняе мяне ад больш дэталёвага разгляду гэтай праблемы. Я хацеў бы толькі зазначыць, што калі мы цікавімся пытаньнем узаемапранікненьня культураў, то унія тут мела вельмі істотнае значэньне. Але дагэтуль недаацэнена значэньне уніі для нацыяўтваральных працэсаў. Некалькі стагодзьдзяў існаваньня шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай прывялі да таго, што выразьлівы ў сярэднявеччы падзел на Польшчу — зьвязаную з заходнім культурным узорам, і Русь — якая прэзэнтуе ўсходні ўзор, у вялікай ступені страціў сваю вастрыню. У выніку ўзаемнага пранікненьня культур на прасьцягу адной дзяржавы адбылося збліжэньне, якое сьцірала выразьлівыя ўперад падзелы. Не падлягае сумлеву, што як і ў маштабе ўсёй Эўропы, так і ў выпадку нацыяў, што жылі ў Рэчы Паспалітай, уплыў заходняга культурнага ўзору быў больш магутны і спрычыніўся да выразьлівага набліжэньня рускіх земляў Рэчы Паспалітай да Захаду.
Читать дальше