У апошнія гады выйшлі таксама кнігі Мілаша «Inne abecadło» , «Widzenia nad Zatoką San Francisco» , «Wyprawa w dwudziestolecie» , «Abecadło Miłosza» .
Шмат цікавай інфармацыі пра жыцьцё і творчасьць Мілаша можна знайсьці ў выданьнях: Aleksander Fiut, Czesław Miłosz: Rozmowy z Czesławem Miłoszem (Kraków, Wydawnictwo Literackie, 1981); Ewa Czarnecka, Czesław Miłosz: Podrуэny świata: rozmowy z Czesławem Miłoszem: komentarze (New York, Bicentential Publ. Corporation, 1983); Czesław Miłosz, Renata Gorczynska, Aleksander Fiut: Conversations With Czesław Miłosz / by Ewa Czarnecka and Aleksander Fiut; transl. by Richard Lourie (San Diego; London [etc.]: Harcourt Brace Jovanovich, 1987).
Поўную бібліяграфію твораў Чэслава Мілаша (паэзія, проза, эсэістыка, пераклады на асноўныя эўрапейскія мовы) можна знайсьці на інтэрнэтавай старонцы http://www.wbp.krakow.pl/bibliografie/milosz/
У колах польскай багемы лічыцца найлепшым сярод жывых польскіх пісьменьнікаў.
Беларускі пераклад кнігі роздумаў Мілаша над дэвальвацыяй этыка-маральных вартасьцяў у сучасным сьвеце — «Скуты розум» — выйшаў сёлета ў бібліятэцы «Фрагмэнтаў» .
Антоні Падраза*
Гістарычныя перадумовы разьвіцьця культуры на землях колішняй Рэчы Паспалітай*
Каб правільна аналізаваць асобныя зьявы з абсягу культуры для пэўнай тэрыторыі, трэба вызначыцца, ці была гэтая тэрыторыя рэальнай структурай і ці можна яе акрэсьліць як рэгіён, што характарызуецца супольнай гісторыяй ужо працяглы пэрыяд часу. Толькі ў такім выпадку можна будзе ажыцьцявіць правільны аналіз і зрабіць пэўныя абагульненьні, што датычаць асобных культурных зьяваў у іх узаемасувязях, акрэсьліць іх месца ў характэрнай для дадзенага прасьцягу культурнай мадэлі.
Ці прасьцяг, які ёсьць прадметам зацікаўленьняў нашай канфэрэнцыі і які складаецца з чатырох краін: Польшчы, Летувы, Беларусі і Украіны, адпавядае вышэйзгаданым умовам, ці вызначаецца рэгіён пэўнымі супольнымі ўласьцівасьцямі, уласнай структурай, што адрозьнівае яго ад іншых суседніх прасьцягаў? На маю думку, так. Я пастараюся цягам гэтага спавешчаньня абгрунтаваць гэтае цьверджаньне.
Каб зразумець гістарычныя перадумовы разьвіцьця культуры ў цікавячых нас краінах, трэба скіравацца ў глыбокую мінуўшчыну. На маю думку — а я ў гэтым сэнсе не асабліва арыгінальны — момантам, які аказаў глыбокі і працяглы ўплыў на далейшае разьвіцьцё цікавячых нас тэрыторый, быў канец Х стагодзьдзя і хрысьціянізацыя Польшчы (966 г.) і Русі (988–989 гг.). Прыняцьцё хрысьціянства гэтымі суседнімі дзяржавамі з розных цэнтраў — з Рыму Польшчай, і з Бізантыі Русьсю — прывяло да таго, што дзьве гэтыя краіны пачалі розьніцца ня толькі ў рэлігійным пляне: іх пачаў падзяляць і іншы культурны кшталт, прыняты разам з новай рэлігіяй.
Прытым працэс гэтага падзелу ў наступныя стагодзьдзі пачаў паглыбляцца. Больш таго, існыя ўжо на момант хрысьціянізацыі Польшчы і Русі адрозьненьні паміж усходняй, праваслаўнай Царквой, і заходняй, каталіцкай Царквой, неўзабаве, у 1054 годзе, прывялі да поўнага разрыву сувязяў паміж абедзьвюма часткамі хрысьціянскага сьвету і да выразьлівай варажнечы паміж імі. Вельмі спаважны ўплыў на павелічэньне адрозьненьняў у цікавячым нас прасьцягу мела ХІІІ стагодзьдзе, і асабліва дзьве падзеі. Адна зь іх — гэта нашэсьце манголаў на Ўсходнюю і Цэнтральную Эўропу. Яно закранула як рускія землі, так і Польшчу, але ягоныя насьледкі былі рознымі для абедзьвюх краін. Русь ня толькі патрапіць пад палітычную дамінацыю Залатой Арды, але і — несупынна адчуваючы ўціск з боку татараў — перажыве выразьлівы культурны рэгрэс. Польшча, нягледзячы на зьнішчэньні, выкліканыя нашэсьцем, адносна хутка адновіць свае сілы, да чаго выдатна спрычыніўся працэс, вядомы пад назвай «калянізацыя на нямецкі ўзор» . Гэтая зьява, добра вывучаная ў нашай гістарыяграфіі і часта разгляданая спрошчана, адыграла, на маю думку, вельмі вялікую ролю ў збліжэньні Польшчы з Захадам. Побач з хрысьціянізацыяй гэта быў чарговы інтэграцыйны працэс у межах Польшчы, а таксама Чэхіі і Вугоршчыны — у краінах ускрайку Заходняй Эўропы. Такім чынам, у пэрыяд сярэднявечча мяжа Польшчы і Русі адыгрывала ў тагачаснай падзеленай Эўропе асаблівую ролю. Гэта была ня толькі мяжа дзьвюх суседніх краін, але і мяжа двух вялікіх культурных рэгіёнаў сярэднявечнай Эўропы.
У сыстэме далейшых узаемінаў на цікавячым нас прасьцягу Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы важную ролю адыграла XIV стагодзьдзе. Некалькі падзеяў, галоўным чынам палітычнай прыроды, якія мелі месца ў гэтым стагодзьдзі, паўплывалі на далейшыя лёсы ўсяго рэгіёну, і ня толькі на яго палітычную гісторыю, але і — і можа нават перадусім — на разьвіцьцё культуры.
Читать дальше