Ч.М.: Свэдэнборг бачыў гэтыя сьветы, як ён сьцьвярджае. Таму гэта не было ўяўлена, але ўбачана. Пад вялiкiм уражаньнем ад твораў Свэдэнборга быў Оскар Мiлаш. Надзвычай цiкавымі зьяўляюцца тыя маргiналii, якiя Оскар Мiлаш рабiў на палёх яго твораў, на некалькiх мовах, па-француску, па-ангельску, па-польску. Ён вельмi шмат браў ад Свэдэнборга. Для яго гэта быў выхад зь цяжкасьцяў, якi палягаў у стварэньнi нематэрыяльнай матэрыi.
Вяртаючыся да Вашага пытаньня: зусiм iншай была справа Дантэ. Касмалёгiя Дантэ была такой, што выправа ў пекла ўяўлялася нечым вельмi рэальным, так што ў выпадку неабходнасьцi сваiх варагоў можна было зьмясьцiць у пекле. Прычым мяне найбольш уразiла, i я ўжо аб гэтым пiсаў, ненатуральнае спалучэньне старавечнай мiталёгii, тагачаснай касмалёгii i хрысьцiянства. Прынята лiчыць, што Дантэ — гэта сярэднявечны паэт. Наколькi ж моцнымi былi гэтыя элемэнты антычнасьці ў сярэднявеччы, калi ў такiм хрысьцiянскiм творы, як «Боская камэдыя» , Адысэй зьяўляецца рэальнай постацьцю! Адысэй быў зьмешчаны ў пекла таму, што Дантэ ганарыўся сваiм рымскiм паходжаньнем, а Адысэй вынайшаў траянскага каня, дзякуючы якому была зьнiшчана Троя, паводле «Энэiды» папярэднiца Рыму. Далекасяжная помста.
П.Л.: Вы, аднак, у сваiх вершах пiшаце аб тагабочных сьветах. Цi рэальныя яны для Вас?
Ч.М.: Найлепш будзе ўстрымацца ад адказу на гэтае пытаньне. Таму што, i я мушу вельмi выразна гэта падкрэсьлiць, фантазiя наша, усiх нас, сучасных людзей, якiя вераць i ня вераць, такая ж самая. У гэтым i палягае ўся цяжкасьць. Таму што ў момант, калi зьнiк верх i нiз, калi зьнiкла неба i пекла, выяўнае, устаноўленае вэртыкальна, у сапраўднасьцi ўсё разбурылася. У гэтым i палягае досьлед, ажыцьцёўлены сёньняшняй паэзiяй. Якраз той атэiстычнай або агнастычнай. Гэты досьлед ажыцьцёўлены ня толькi людзьмi, якiя, як гаворыцца, ня вераць, чужы тым, хто верыць, але гэта супольны досьлед, якi можна падагульнiць у выразе Ружэвiча: «Жыцьцё бяз бога магчыма, жыцьцё бяз Бога немагчыма» . Таму iснуе вымер, скажам так, вымер фантазii, iншы, чымся фармулёўкi explicite нават для чалавека, якi глыбока верыць.
П.Л.: Вы сказалi, што манера Вашага мысьленьня была сфармавана пад уплывам уражлiвасьцi на пакуты, на бязьлітаснасьць у прыродзе. З другога боку, у шмат якiх вашых вершах навiдавоку замiлаваньне. Як гэта спалучаецца: замiлаваньне да сьвету, асуджанага на пакуты?
Ч.М.: Баюся, што ў межах гэтай размовы я ня дам задавальняльнага адказу. Трэба прызнацца ў супярэчнасьцi. Некалькi разоў я нават вызначаў сябе як экстатычнага пэсымiста. Сымона Вайль, якая вельмi глыбока займалася праблемай пакутаў, сказала, што прырода поўнiцца болем i бязьлітаснасьцю, але зьяўляецца вельмi нявiннай. На ўзроўнi якраз гэтага дыскурсу можна сказаць, iдучы за Сымонай Вайль, што перш-наперш iснуе прырода, якая абсалютна нявiнная, вышэй iснуем мы, гэта значыць чалавечыя iстоты, дзе зьмешана жывёльнасьць, прырода, сьвядомасьць i думка, а вышэй iдуць iстоты, якiя зьяўляюцца чыстай думкай, гэта значыць анёлы. Для яе прырода была невымоўна бязьлiтасная i асуджаная на сьляпы дэтэрмiнiзм. Зрэшты, Сымона Вайль iшла ў дэтэрмiнiзьме вельмi далёка, далей, чымся сучасная фiзыка зычыла б сабе. У ёй ёсьць нешта ад Спiнозы. Але тая прырода, якая бязьлiтасная, адначасна невымоўна харошая. Для Сымоны Вайль харашыня была надзвычай важнай катэгорыяй.
Мае заняткi Сымонай Вайль былi данiнай, сплачанай Калiбанам эфэмэрнай iстоце, зь якой бы я, вiдаць, ня вытрымаў нават паўгадзiны. Яна была дэтэрмiнiсткай, гэта значыць, што для яе сьвет падлягаў уладзе Князя гэтага сьвету. Чаму Князь гэтага сьвету ёсьць валадаром неабходнасьці, валадаром ланцуга прычын i наступстваў? Гэта пытаньне надзвычай манiхейскае. Але гэта, безумоўна, вынiкае са спачуваньня. Для Сымоны Вайль адным вызваленьнем з гэтага ланцуга, у якiм адны жывёлы жаруць iншых, была ласка. Або гарчычнае зерне дабра ў гэтым сьляпым свеце. Паняцьце д’ябла, або Князя гэтага сьвету, тут, аднак, вельмi iстотнае.
Я тут паслугуюся, як вы бачыце, ня вельмi шляхотным прыёмам. Бо замест таго, каб гаварыць аб сабе, я спасылаюся на прачытанае. Так часта здараецца, што мы адыходзiм ад адказу i спасылаемся на нейкага фiлёзафа.
П.Л.: Але хто тады Бог, калi ён ня можа быць Празорнасьцю, бо прырода не была ахоплена яго ўладай?
Ч.М.: У Вайль няма пераадоленьня гэтай супярэчнасьцi, i яна сама гэта падкрэсьлiвае. Таму што трэба думаць аб сьвеце як аб асуджаным на сьляпую неабходнасьць i адначасна бачыць у iм Празорнасьць. На плятонаўскi капыл яна iнтэрпрэтавала яе як iнтэрвэнцыю той сiлы, якая незразумелым чынам патрапляе дзейнiчаць са свайго трону. Так што, у яе выпадку, неабходнасьць i iнтэрвэнцыя Празорнасьцi стаяць не як супярэчнасьцi, а вэртыкальна, адначасна. Яны не ўзаемадзейнiчаюць.
Читать дальше