Нягледзячы на шматлікія праблемы, зьвязаныя з узмацненьнем канкурэнцыі паміж мэдыя-гігантамі й недахопам сродкаў, з чаго відавочная адсутнасьць добрага маркетынгу, прафэсійных камандаў і высокай якасьці перадач, публічны канал, тым ня менш, дастаткова пасьпяховы ў канструяваньні прасторы для публічных дыскусіяў, прысьвечаных найбольш істотным сацыяльным праблемам. Ня дзіва, што гэты СМІ стаўся нядаўна аб’ектам нападак з боку канкурэнтаў, якія, скарыстоўваючы сваіх лябістаў у парляманце, распачалі кампанію, маючы за мэту спыніць рэкляму на публічным нацыянальным тэлеканале. Калі іхныя патрабаваньні будуць задаволены, гэта будзе азначаць, што адзіны публічны канал у Літве пазбавіцца важнай крыніцы фінансаваньня, і ўвесь цяжар яго фінансаваньня ляжа на дзяржаўны бюджэт і падаткаплатнікаў.
Гэтая падступная кампанія, якую з найбольшым імпэтам падтрымлівае сёньняшні старшыня парляманцкага Камітэту па культуры й навуцы, а таксама, што дастаткова дзіўна, некаторыя інтэлектуальныя колы,— адзін са шматлікіх прыкладаў, які паказвае, што свабода прэсы ў посткамуністычным грамадзтве, як і незалежнасьць іншых сацыяльных інстытутаў, ёсьць ілюзіяй. Гэтая свабода заўсёды знаходзіцца пад пагрозай, і таму яе неабходна пільнаваць і бараніць. Далейшае разьвіцьцё гэтай кампаніі пакажа, ці літоўскае грамадзтва за прамінулыя дванаццаць гадоў незалежнага існаваньня дасьпела да свабоды, ці яно па-ранейшаму знаходзіцца ў палоне маніпуляванай сэрвільнай мэнтальнасьці, сфармаванай за часы папярэдняга бясслаўнага рэжыму.
Шмат якія супярэчнасьці, што выявіліся ў посткамуністычным літоўскім грамадзтве, дагэтуль паказваюць, што пераходны пэрыяд ад залежнасьці да заходняй лібэральнай дэмакратыі далёка не завершаны, і гэта, нягледзячы на шмат якія інстытуцыйныя й структурныя зьмены й працэсы, што адбыліся на шляху да эўрапейскай інтэграцыі, якая, у сваю чаргу, стварае аснову для пажаданых зьменаў у сфэры мас-мэдыяў.
Савецкі таталітарызм даў нам шмат урокаў. Мы засвоілі некаторыя зь іх. Перадусім, мы дайшлі да разуменьня таго, што адбываецца, калі дзяржава й партыйная ўлада кантралююць патокі інфармацыі, калі яны маніпулююць грамадзкай апініяй. Свабода дае нам іншыя урокі — якім чынам мэдыі мусяць бараніцца ад ціску рынку. Гэтыя ўрокі нам яшчэ належыць засвоіць.
Масавая аўдыторыя й ідэалягічны ўплыў: беларускі варыянт
Валянцін АКУДОВІЧ, Беларуская асацыяцыя журналістаў, “Беларускі калегіюм”. СМІ ЯК ФАБРЫКА МІФАЎ, АЛЬБО ДОСЛЕД АДНОЙ ЭСТЭТЫЧНАЙ ПАРАЗЫ
У пракаветную пару міф быў адзіным сродкам інфармацыі, прынамсі, што да прэзентацыі агульнай карціны свету. З тае пары прамінулі тысячагоддзі, якія ў згаданай схеме ўсё радыкальна перайначылі: сёння ўжо сама Інфармацыя зрабілася дамінантным міфам сучаснасці, а сродкі масавай камунікацыі выконваюць ролю асноўнага стваральніка, кадыфікатара і абярога безлічы самых разнастайных міфаў — ад глабальных да рэгіянальных. Гэтак атрымалася з таго, што ў сітуацыі камунікатыўнага выбуху менавіта СМІ, а не традыцыйныя інстытуты міфатворчасці (перадусім, рэлігія, культура, ідэалогія) сталіся найлепш прыдатнымі для гуртавання шызоідна разбэрсанай падзейнасці свету ў нешта паранаідальна цэлае, інакш — у міф. Таму я адважуся сцвярджаць, што сёння галоўнай роляй СМІ ёсць не прадукаванне і атабарванне інфармацыі, а менавіта міфатворчасць. І калі такім чынам сфармуляваная версія насамрэч слушная, то мы мусім улічваць гэтую падставовую ролю СМІ ва ўсялякай канкрэтнай аналітыцы іхнай дзейнасці. Тое натуральна і для агляду дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі на Беларусі ў пост-камуністычны перыяд. Бо калі мы забудземся, што ў гэтую пару ўсе нашыя СМІ, перадусім, былі хоцькі-няхоцькі ўцягнутыя ў інтэнсіўны працэс па стварэнні аднаго вялікага міфа з эклектычнай назвай “Беларусь”, то нашыя спробы разрознівання ідэалагічных скажэнняў і аб’ектыўнай інфармацыі застануцца “рэччу ў сабе” й хутчэй заблытаюць агульную сітуацыю што да стану беларускіх мас-медыяў, чым прасветляць яе.
Больш за тое, абмяжоўваючы праблематыку СМІ палітыка-прававымі аспектамі (нават пры тым, што яны сёння надзвычай актуальныя і балючыя для ўсіх нас), мы неабачліва засланяем тое пакліканне, якім былі сакральна абцяжараныя айчынныя мас-медыі пасля таго, як беларуская літаратура (парадзіха нацыі) вычарпала свой міфатворчы патэнцыял.
Як мы ўсе добра ведаем, працэс афармлення паўнавартаснага міфа Беларусі яшчэ далёка не завершаны. Прынамсі, у адрозненне, скажам, ад палякаў, прыбалтаў ці расейцаў, мы нават самі не надта выразна ўяўляем ягоныя абрысы, не кажучы ўжо пра замежнікаў, якім даводзіцца сутыкацца з намі ў рэальнай ці віртуальнай прасторах. Прычына такога стану навідавоку. Раўнуючы з тымі ж палякамі, прыбалтамі ці расейцамі, якія патрапілі ў камуністычную імперыю з ужо сфармаванымі міфамі пра саміх сябе і якім пасля распаду гэтай імперыі трэба было толькі атрэсціся ад камуністычнага хлуду, беларусы, не маючы раней прыдбанай апранахі міфа, у 1991 годзе апынуліся ў стане голай незалежнасці.
Читать дальше