Найбуйнейшая незалежная нацыянальная газэта “Ліетувос рытас”, якая цягам некалькіх гадоў мела рэнамэ найбольш аб’ектыўнага выданьня й якую ўхвалялі за ейнае змаганьне супраць карумпаваных палітычных дзеячоў, два гады таму аказалася ў цэнтры вялікага скандалу, калі выявілася, што ейны галоўны рэдактар і прэм’ер-міністар праводзілі разам ўікэнды за мяжой, і, прытым, абодва зацята адмаўлялі гэты факт да таго моманту, пакуль не зьявіліся дакумэнтаваныя пацьверджаньні.
Многія чытачы газэты ўрэшце рэшт зразумелі, што адмаўленьне існаваньня блізкіх стасункаў паміж габінэтам прэм’ер-міністра й штодзённай газэтай ёсьць ні чым іншым, як спробай маніпуляваньня чытачамі — ні чым іншым, як спосабам завуяляваць некаторыя надрукаваныя ў газэце артыкулы-расьсьледаваньні, якія аніяк не супадалі з мэтамі кіроўнай улады. Канечне, пазьней адбываліся й шмат якія іншыя скандалы, зьвязаныя з мэдыямі, аднак я абраў менавіта гэты з прычыны ягонае сымбалічнасьці.
Даведаўшыся пра прыхаваныя сувязі паміж галоўнай нацыянальнай газэтай і галавой дзяржаўнай улады, многія людзі, якія раней шчыра верылі ў аб’ектыўную й праўдзівую журналістыку, змушаны былі пазбыцца спадзеву на тое, быццам нешта накшталт “аб’ектыўнасьці” й “праўдзівасьці” мажліва ў посткамуністычным грамадзтве, якое яшчэ раз прадэманстравала, што яно нясьпелае, непасьлядоўнае й карумпаванае. Было б, аднак, вялікай памылкай перабольшваць уплыў гэтай гісторыі на мэнтальнасьць літоўскага грамадзтва. Шмат якія ранейшыя альбо пазьнейшыя публічныя адкрыцьці падобнага кшталту не прывялі да ўзмацненьня посткамуністычнай сьвядомасьці, як і сур’ёзна не паспрыялі адмаўленьню ад мэнтальнасьці, базаванай на папулярных мітах і вераваньнях, да ўзмацненьня якіх спрычыніліся мэдыі. Як і ў іншых пераходных грамадзтвах, дзе адсутнічае працяглы досьвед дэмакратыі, літоўская публіка хутка даравала выданьню, якое — выявілася — падманвала чытачоў. І пасьля выбуху грамадзкага абурэньня чытачы зноў вярнуліся ў абдымкі сваёй любімай газэты.
Мэтай майго выступу ня ёсьць дэталёва распавядаць пра той ці іншы скандал, зьвязаны з публікацыямі. Нашмат больш важна абмеркаваць агульны стан прэсы й іншых мэдыяў у краіне, якая, як падаецца, пачынае ўваходзіць у прастору супольнай Эўропы з адносна большай хуткасьцю, чым некаторыя найбліжэйшыя ейныя суседзі. Ёсьць шмат фактаў, зьвязаных зь дзейнасьцю мэдыяў, якія патрабуюць далейшага абмеркаваньня. І гэтыя факты, безумоўна, ня могуць быць абмеркаваны ў межах толькі аднаго выступу. Некаторыя тэндэнцыі, аднак, мусяць быць больш уважліва прааналізаваны.
Відавочным і неаспрэчным фактам зьяўляецца тое, што сёньняшнія літоўскія штодзённыя газэты ахопліваюць значна меншую чытацкую аўдыторыю, чым пяць ці дзесяць гадоў таму. У красавіку сярэдні наклад “Ліетувос рытас” — газэты, якая мае найбольшую колькасьць чытачоў, складаў 42.000—43.000 асобнікаў. Ейны найбліжэйшы канкурэнт — “Рэспубліка” — мела наклад 36.000—37.000 асобнікаў. А трэцяя па велічыні нацыянальная газэта “Ліетувос айдас”, некалі заснаваная правымі палітычнымі сіламі, нават не падае інфармацыі пра свой наклад, імкнучыся, найверагодней, схаваць факт нікчэмнага распаўсюду.
Дзесяць гадоў таму першыя два выданьні штодзённа прадавалі па 100.000 асобнікаў — кожная. Калі мы параўнаем гэтыя лічбы з тымі, што ёсьць у заходніх краінах, дык робіцца відавочна: нават гэтая тэндэнцыя памяншэньня накладаў шмат што кажа пра стан літоўскіх мэдыяў. Хоць некаторыя аналітыкі й думаюць, што за гэткімі нізкімі лічбамі палягаюць эканамічныя прычыны, я ўсё ж такі паставіў бы такую аргумэнтацыю пад сумнеў. Найбольш верагодным тлумачэньнем зьяўляецца паступовае зьніжэньне якасьці друкаваных матэрыялаў у гэтых газэтах.
Хоць у краіне й маецца вялікая разнастайнасьць бульварных выданьняў, галоўныя нацыянальныя газэты апошнім часам імкнуцца імітаваць іхную стылістыку — замест таго, каб распрацоўваць уласныя стратэгіі заваёвы публічнай увагі. Адсутнасьць журналісцкіх матэрыялаў, якія можна было б назваць аналітычнымі, заснаванымі на шырокай інфармаванасьці, ці нават проста добра напісанымі, сьведчыць пра інтэлектуальны заняпад гэтых выданьняў. Няздольнасьць “дайсьці” да аўдыторыі, якую складае сярэдняя кляса, кампэнсуецца арыентацыяй на гістэрычную публіку ніжэйшай клясы, падатную да маніпуляваньняў.
Відавочнымі сталіся таксама структурныя зьмены ў падачы матэрыялу. Колькі год таму агульнай практыкай амаль усіх нацыянальных газэт было прапаноўваць месца аглядальнікам. Штодзённыя газэты давалі магчымасьць выступаць на сваіх старонках дзейным палітыкам, былым дзяржаўным асобам, нарэшце, пісьменьнікам. Насёньня большасьць калёнак зьнікла. Засталіся толькі тыя, што вядуць штатныя журналісты штодзённых газэт. Больш прафэсійныя экспэртныя камэнтары замянілі на простыя й, часьцей за ўсё, павярхоўныя выклады пункту гледжаньня таго ці іншага журналіста.
Читать дальше