Скарачэньне прасторы, якую раней займалі спэцыялізаваныя агляды, аналітычныя артыкулы й журналісцкія расьсьледаваньні, паказвае на існаваньне шырэйшай праблемы — а менавіта: большасьць агульна-нацыянальных газэт, раней меўшых рэпутацыю сур’ёзных мэдыяў, апошнім часам ператварыліся ў забаўляльныя выданьні. Усе яны маюць цяпер дадаткі, прысьвечаныя розным стылям жыцьця, спорту, вольнаму часу, дадаткі кшталту тэлевізійных шляхаводнікаў і г.д. Большасьць зь іх заклапочана асьвятленьнем уяўных падзеяў, што адбываюцца ў “высокіх сфэрах” грамадзтва, займаецца распаўсюдам чутак пра прыватнае ды інтымнае жыцьцё вядомых публічных асобаў. Яны пасьпешліва-безнадзейна імкнуцца стварыць віртуальны сьвет, у якім спакусьлівы стыль жыцьця квазі-элітаў, што часткова ёсьць ні чым іншым, як прадуктам іхнага ўласнага ўяўленьня, выштурхоўвае са сьвядомасьці рэальныя сацыяльныя праблемы.
Другая тэндэнцыя, прысутная ў літоўскіх мэдыях, таксама відавочная: буйная прэса дэманструе сёньня абыякавае стаўленьне, а часам і адкрытае непрыняцьцё культуры. Адрозна ад паўночных краінаў, дзе дадаткі, прысьвечаныя культуры, зьяўляюцца штодня ў газэтах, а падчас уікэнду іхны аб’ём павялічваецца ўдвая, літоўскія штодзённыя газэты маюць культурніцкія рубрыкі, у найлепшым выпадку, толькі раз на тыдзень. А матэрыялы, што друкуюцца ў іх, сталіся вельмі кароткімі й толькі ў фрагмэнтарна-кліпавым стылі паведамляюць пра падзеі культуры, не адлюстроўваючы рэальнага культурніцкага жыцьця.
У паведамленьнях пра культурніцкія падзеі найчасьцей акцэнтуецца ўвага на нязначных фактах, якія трапляюць у мэдыі ў тым разе, калі ўтрымліваюць у сабе элемэнты мажлівага скандалу. У астатніх выпадках рэпартэры наведваюць культурніцкія імпрэзы, каб зафіксаваць, колькі ежы й напояў было на банкеце… Пяць гадоў таму можна было знайсьці як мінімум чатыры альбо пяць рэцэнзіяў на кнігі ў культурніцкім разьдзеле штодзённай газэты; сёньня толькі “Ліетувос рытас” час ад часу друкуе адну-дзьве рэцэнзіі на кнігі. Іншыя газэты цалкам адмовіліся ад гэткіх публікацыяў.
Я ўжо некалі адзначаў, што літоўскія штодзённыя газэты ўзгадваюць пра інтэлектуалаў і артыстаў толькі з нагоды штогадовай нацыянальнай цырымоніі ўручэньня прэміяў (што асьвятляецца як “падзея”), альбо ў разе нейкіх здарэньняў ці праблем у іхным прыватным інтымным жыцьці. Дзіўна, але больш інфармацыі пра кнігі альбо асобаў культуры можна знайсьці сёньня ў жаночых часопісах, якія, нягледзячы на іхную павярхоўнасьць, усё ж спрабуюць прыцягваць увагу чытачоў да ня надта папулярных тэмаў.
Тым часам варта адзначыць, што тэндэнцыя замоўчваць культурніцкае й інтэлектуальнае жыцьцё неяк кампэнсуецца прафэсіяналізацыяй і колькасным ростам культурніцкіх часопісаў і штотыднёвікаў. Каля тузіну падобных выданьняў ня толькі здолелі выжыць за часы незалежнасьці, але некаторыя зь іх могуць нават канкураваць з эўрапейскімі культурніцкімі часопісамі. Дыскусіі на гэтую тэму, што вядуцца ў мэдыях, звычайна знаходзяць водгук у некалькіх тысяч чытачоў. І ўсё ж яны ствараюць публічную прастору для крытычнага сацыяльнага й культурніцкага дыскурсу, які, нязважна на малую аўдыторыю, застаецца ўплывовым і стымулявальным голасам інтэлектуальнага непрыняцьця сытуацыі. Прынамсі, крытычныя дыскусіі ў культурніцкіх інтэлектуальных выданьнях былі ў некаторых выпадках дастаткова дзейснымі, каб паўплываць на ўладныя структуры й спыніць некаторыя разбуральныя праекты. Хоць буйныя нацыянальныя газэты й дэманструюць абыякавасьць да думкі інтэлектуалаў, культурніцкія выданьні ўсё ж застаюцца адносна дзейснымі інструмэнтамі ўплыву на публічную апінію пасродкам сацыяльнай крытыкі, папросту неабходнай посткамуністычнаму грамадзтву.
І яшчэ адна рэмарка: хоць штодзённыя газэты ў сваім сучасным выглядзе й нельга назваць скалечанымі, аднак пэўныя знакі большай патэнцыі жыцьця й скіраванасьці ў будучынь прасьцей знайсьці ў некаторых штотыднёвіках (напр., “Вейдас” ці “Весло Жыніос”), разьлічаных на больш шырокую аўдыторыю, якія надаюць увагу асьвятленьню разнастайных праблем і тэмаў — улучна з акадэмічна-навуковымі й культурніцкімі. Да гэтага моманту я спасылаўся выключна на друкаваныя мэдыі, паколькі яны лепш дэманструюць усе хібы прэсы пераходнага грамадзтва: перадусім, няздольнасьць стацца крыніцай сапраўды надзейнай інфармацыі й кваліфікаванага сацыяльнага камэнтару.
У некаторых адносінах тэлебачаньне больш інфармацыйны, сэлектыўны й прафэсійны сродак інфармацыі — асабліва, калі гаворка ідзе пра праграмы навінаў. І хоць усе тры камэрцыйныя нацыянальныя тэлеканалы, як і іншыя мэдыі, зацыкліліся на забаўляльных прадуктах, іхныя праграмы навінаў зьяўляюцца важным інструмэнтам публічнага інфармаваньня. А публічны тэлевізійны канал, які субсыдуецца дзяржавай,— найбольш важны ў справе інфармаваньня й адлюстраваньня грамадзкай апініі.
Читать дальше