ШАВЕЛЬ Уладзімір (1910-я —?)
Беларускі нацыяналіст, вайсковы дзеяч. Юрыст па адукацыі. У 1941 г. арганізоўваў беларускую паліцыю ў Менскай акрузе, якая пасьпяхова змагалася супраць бальшавіцкіх дывэрсантаў. Дабіваўся ад немцаў дазволу на стварэньне беларускага войска. Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Народнай Самапомачы. На пачатку 1942 г. арганізаваў беларускую нацыянальную партызанку на Барысаўшчыне, выпускаў падпольны прапагандысцкі часапіс. Па адных зьвестках, быў забіты чэкістамі падчас перамоваў, па іншых — ягоны сьлед губляецца ў 1943 г. на Палесьсі.
ШКЯЛЁНАК Мікалай (1899–1946?)
Беларускі палітычны дзеяч. Адзін з кіраўнікоў Беларускага Рэзыстансу ў гады Другой сусьветнай вайны. Закончыў юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэта (1930). Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускага Студэнцкага Саюзу, рэдагаваў часапіс «Студэнцкая думка». Кіраваў спартыўным аддзелам Аб'яднаньня Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый у Вільні. У другой палове 1930-х гг. уваходзіў у незалежніцкую групу а. Гадлеўскага, быў сябрам рэдкалегіі газэты «Беларускі Фронт». Аўтар дасьледаваньняў па гісторыі Беларусі. Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі. З 1940 г. працуе ў Бэрліне, рэдагуе газэту «Раніца». Удзельнік заснаваньня Беларускага Нацыянальнага Цэнтру (Бэрлін, чэрвень 1941 г.).
З пачатку 1943 г. — у Менску. Першы віцэ-прэзыдэнт Беларускае Цэнтральнае Рады. Кіраваў аддзелам прапаганды і прэсы Рады. Адзін з арганізатараў Другога Ўсебеларускага кангрэсу напрыканцы чэрвеня 1944 г. у Менску, выступаў на ім з дакладам. У 1944-45 гг. знаходзіўся ў Бэрліне, кіраваў Калегіяй БЦР. Выдаў чацьверты нумар падпольнага «Бюлетэня БНП».
Вясной 1945 г. разам з групай беларускіх патрыётаў перабраўся ў Польшчу, каб адтуль трапіць у Беларусь з мэтай удзелу ў антысавецкім Супраціве. Быў арыштаваны й павешаны ў Менску (?).
ШУКАЙЛОВІЧ Міхась
Намесьнік генэрала М.Вітушкі ў кіраўніцтве партызанкай «Чорнага Ката». Рэдактар падпольнай газэты «Душы бальшавіцкую гадзіну!».
ШЧОРС Мікола (1913 — 22.12.1995)
Беларускі палітычны дзеяч. Паходзіў з м. Новы Сьвержань. Скончыў мэдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. У 1935-37 гг. быў старшынёй Беларускага Студэнцкага Саюза, уваходзіў у «Беларускі Фронт» а. В.Гадлеўскага. 19 чэрвеня 1941 г. узначаліў створаны ў Бэрліне Беларускі Нацыянальны Цэнтар. Быў актыўным дзеячом Беларускага Супраціву. Пасьля вайны жыў у ЗША, дзе ўзначальваў шэраг беларускіх грамадзка-палітычных арганізацый. Быў прыхільнікам Беларускай Цэнтральнай Рады.
Каляндар асноўных датаў з гісторыі беларускага нацыяналізму
2 жніўня 1833 г. — у Горадні маскоўскімі акупантамі быў павешаны беларускі рэвалюцыянер, камандзір паўстанцаў, ураджэнец Слонімшчыны Міхал Валовіч (ён нарадзіўся 18 чэрвеня 1806 г. у маёнтку Парэчча Слонімскага павету).
2 лютага 1838 г. — у вёсцы Мастаўляны Ваўкавыскага павету нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, вялікі беларускі нацыяналіст-рэвалюцыянер, адзін з кіраўнікоў антымаскоўскага паўстаньня 1863-64 гг. у Літве-Беларусі. Выдавец беларускай падпольнай газэты «Мужыцкая праўда».
16 лістапада 1888 г. — у мястэчку Поразава Ваўкавыскага павету нарадзіўся Вінцэнт Гадлеўскі, рыма-каталіцкі сьвятар, ідэолаг беларускага нацыяналістычнага руху, заснавальнік шэрагу нацыяналістычных арганізацый у 1930-40-я гады.
5 лістапада 1907 г. — у Нясьвіжы нарадзіўся Міхал Вітушка, беларускі генэрал, адзін з лідэраў Беларускай Незалежніцкай Партыі, кіраўнік Беларускага Супраціву ў другой палове 1940-х — пачатку 50-х гадоў.
1920 г. — у вёсцы Чучэвічы Лунінецкага павету нарадзіўся Ўсевалад Родзька, кіраўнік Беларускай Незалежніцкай Партыі ў часы Другой сусьветнай вайны, арганізатар антыбальшавіцкага партызанскага руху.
20 жніўня 1924 г. — на першым зьездзе беларускіх студэнтаў у Празе ўтворана «Аб'яднаньне Беларускіх Студэнцкіх Арганізацый» (АБСА).
1933 г. — у Заходняй Беларусі запачаткавана Беларуская Нацыянал-Сацыялістычная Партыя.
1936 г. — заснаваньне а. Вінцэнтам Гадлеўскім у Заходняй Беларусі нацыяналістычнай арганізацыі «Беларускі Фронт».
Восень 1939 г. — заснаваньне ў Вільні пад летувіскай акупацыяй падпольнай Беларускай Незалежніцкай Партыі. Ініцыятары — а. Вінцэнт Гадлеўскі, Станіслаў Грынкевіч (старшы), Мікола Шкялёнак ды інш.
Лета 1940 г. — у Варшаве пачынае дзейнічаць паўлегальная нацыяналістычная арганізацыя «Беларускі Нацыянальны Фронт» (БНФ), якім кіраваў а. Вінцэнт Гадлеўскі.
18 чэрвеня 1941 г. — у Беларусі дэсантаваўся Першы Штурмовы Зьвяз, баявы аддзел беларускіх нацыяналістаў.
Читать дальше