САРОКА Сяргей (25.4.1902 — 1.12.1941)
Беларускі палітычны й рэлігійны дзеяч. Паходзіў з Вільні. Скончыў Віленскую Беларускую Гімназію, вучыўся на факультэце права Віленскага ўнівэрсытэта. Быў вядомым дзеячом беларускага студэнцкага руху, а таксама царкоўна-рэлігійнага жыцьця (быў прыхільнікам беларусізацыі праваслаўнай царквы й яе аўтакефаліі). У сярэдзіне 30-х гадоў ачоліў арганізацыю «Беларуская Нацыяналістычная Сябрына», выдаваў газэту «Беларусь працы». Падчас Другой сусьветнай вайны дзейнічаў у Варшаве й на Белападляшшы. Памёр, пасьля цяжкай хваробы, у Янаве-Падляскім.
САЮЗ БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ (СБМ)
Беларуская нацыяналістычная арганізацыя. Заснавана ў чэрвені 1943 г. Дзейнічала легальна, з дазволу нямецкіх акупантаў, на тэрыторыі генэральнага камісарыяту «Беларусь». Займалася выхаваньнем беларускай моладзі ў духу беларускага патрыятызму, любові да сваёй Бацькаўшчыны. Шэфам-правадніком Галоўнага Штабу СБМ быў Міхась Ганько. Галоўным друкаваным ворганам арганізацыі быў часапіс «Жыве Беларусь!». Да чэрвеня 1944 г. СБМ налічваў у сваіх шэрагах некалькі дзесяткаў тысяч маладых людзей. У 1944 годзе невялікая частка сяброў СБМ эмігравала на Захад. Частка эсбээмаўцаў, у тым ліку й М.Ганько, прыняла ўдзел у антыбальшавіцкай партызанскай і падпольнай барацьбе.
САЮЗ ВЫЗВАЛЕНЬНЯ БЕЛАРУСІ (СВБ)
Падпольная моладзевая арганізацыя ў Наваградку ў 1946-47 гг. СВБ створаны ў лістападзе 1946 г. па ініцыятыве сябры Беларускай Незалежніцкай Партыі Генадзя Казака. Быў створаны аргкамітэт, падрыхтавана праграма, былі прызначаныя ўпаўнаважаныя прадстаўнікі ў раёнах. Арганізацыйны аддзел узначаліў Міхась Кожыч («Дубовы»), а фінансавы — Кастусь Рамановіч («Сокал»). Галоўнай мэтай СВБ было «аддзяленьне Беларусі ад СССР і стварэньне самастойнай беларускай дзяржавы». Асноўным метадам барацьбы СВБ была антысавецкая агітацыя, але й не выключаўся ўзброены супраціў.
СВБ быў разьбіты на «тройкі». Аднак сыстэма кансьпірацыі была ненадзейная. Напрыклад, вяліся пратаколы пасяджэньняў кіраўніцтва арганізацыі, якія пасьля трапілі ў рукі дзяржбясьпекі.
У канцы траўня 1947 г. сьледчым аддзелам УМГБ Баранавіцкай вобласьці было арыштавана 18 сябраў СВБ, выдадзеных правакатарам. 30 жніўня 1947 г. Вайсковы трыбунал войскаў МВД Баранавіцкай вобласьці прысудзіў удзельнікаў СВБ да зьняволеньня на тэрмін ад 8 да 25 гадоў канцлягераў.
САЮЗ ЗМАГАНЬНЯ за НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ БЕЛАРУСІ (СЗНБ)
Падпольная арганізацыя ў Заходняй Беларусі ў 1946-49 гг. Заснавана ў 1946 г., з ініцыятывы камандзіра беларускага партызанскага атрада Івана Раманчука («Ястраб»). Дзейнічала ў некаторых раёнах Заходняй Беларусі, у тым ліку, у Горадне, Нясьвіжскім, Клецкім і Стоўбцаўскім раёнах. Устаноўчы сход прайшоў у 1946 г. на хутары Сацкая Ліпа (Нясьвіжскі раён) і на ім прысутнічала 6 чалавек, а сярод іх студэнты Гарадзенскага педінстытута. Праграма СЗНБ прадугледжвала падрыхтоўку патрыятычных сілаў, якія ў выпадку вайны павінны былі выступіць у абарону беларускага народа і незалежнасьці Бацькаўшчыны. Арганізацыя павінна была сваімі структурамі ахапіць усю Беларусь і чакаць адпаведнага часу, каб дзейнічаць. У адпаведнасьці з праграмай СЗНБ, павінны былі быць распушчаны калгасы, а зямля перадавалася сялянам. Была выпушчана й распаўсюджана антысавецкая ўлётка. СЗНБ будаваўся з «пяцёрак», склад кожнай зь іх ведаў толькі кіраўнік гэтага зьвяна. Дзякуючы кансьпірацыі, частка структур СЗНБ не была раскрытая. Некаторыя сябры арганізацыі знаходзіліся на нелегальным становішчы (І.Раманчук, Міхась Кожыч). Спроба арганізацыі суполкі СЗНБ у Менску скончылася правалам. На пачатку 1949 г. ворганамі савецкай дзяржбясьпекі было арыштаванае кіраўніцтва арганізацыі. У траўні (або летам) 1949 г. быў захоплены чэкістамі паранены ў баю Іван Раманчук, кіраўнік СЗНБ. Ваенным трыбуналам войск МВД Беларускай ваеннай акругі ад 15–17 чэрвеня 1949 г. за «здраду Радзіме, ускосны тэрор і антысавецкую прапаганду» 17 сябраў СЗНБ былі засуджаны на розныя тэрміны зьняволеньня.
СЕНЬКА Ўладзімір (21.7.1918 — 2.2.1997)
Беларускі вайсковы дзеяч. Нарадзіўся ў м. Новы Сьвержань. Скончыў Стаўпецкую гімназыю й Віленскі ўнівэрсытэт, быў сябрам Беларускага Студэнцкага Саюзу. Выпускнік польскай школы афіцэрскага рэзерва ў Замброве (Польшча). У 1940-41 гг. працаваў настаўнікам у Заходняй Беларусі. Падчас нямецкай акупацыі Сенька быў начальнікам паліцыі Нясьвіжскага павету, сябра Беларускай Незалежніцкай Партыі. З 1944 г. — на эміграцыі. Пасьля вайны працаваў у разьведцы нямецкага бундэсвэра, меў рангу маёра. Рэдагаваў па нямецку бюлетэні-штоквартальнікі пра становішча ў Беларусі для нямецкага навукова-дасьледчага інстытута, а па-беларуску — газэту «Жыве Беларусь!». Сябра Беларускага Вызвольнага Руху, Замежнага Сэктара БНП, а пасьля — Беларускага Вызвольнага Фронту. Магчыма, удзельнічаў у падтрыманьні нелегальных каналаў сувязі з партызанамі на Бацькаўшчыне. У студзені 1963 г. Міністэрства замежных спраў СССР бязпасьпяхова дамагалася ў нямецкага ўраду выдачы Сенькі, як «ваеннага злачынцы». Памёр у Нямеччыне.
Читать дальше