Алег Дзярновіч
Нонканфармізм у Беларусі: 1953–1985. Даведнік
ЗНОЎ ПРА МАШТАБ
Замест прадмовы да Даведніка “Нонканфармізм у Беларусі: 1953–1985”
Гэта кніга не з’яўляецца скразным даведнікам па гісторыі БССР. Нашае выданне мае больш лакальныя і тэматычна вызначаныя мэты — а менавіта выклад базавай інфармацыі па гісторыі нонканфармізму ў Беларусі ў другой палове ХХ ст., а таксама дае ўяўленне пра палітру грамадскай думкі краіны. Храналагічныя рамкі даведніка даволі выразныя: 1953–1985 гады. Сама гэта эпоха не аднародная і змяшчае ў сабе перыяд пераходу ад эпохі сталінскага рыгарызму, так званыя “адлігу” і “застой”.
З пункту гледжання стылістыкі паказ гэтай палітры не такая ўжо і простая задача — на агульным фоне пэўнай дынамікі сярэдзіны 1950-х — сярэдзіны 1980-х гадоў, адноснага дабрабыту і самаўпэўненасці жыхароў БССР у паспяховасці іхняга краю, мы знойдзем не так ужо і шмат рэзкіх колераў, якія б дазвалялі рабіць выразныя акцэнты, падзяліўшы савецкае паслясталінскае грамадства БССР на шматколькасныя групы герояў і антыгерояў. Хутчэй тут можна прыкласці метад італьянскага гісторыка Джузэпе Бофа, які, характарызуючы палітычную і культурную панараму СССР 1960-х гадоў, уяўляў сабе відовішча не яўнага супрацьстаяння паміж так званым “афіцыйным” светам і светам “падпольным”, але бачыў хутчэй “размытую карціну”, дзе паміж скрайнімі кропкамі не вельмі выразнага спектра можна знайсці цэлую гаму прамежкавых пазіцый[1]. І гэтыя пазіцыі часам цяжка вызначыць, бо яны даволі размытыя.
Але калі з агульнасацыялагічнага ўзроўню мы “сыходзім” на ўзровень асобаў і ідэй, то бачым ужо разнастайную карціну грамадства БССР — за маскамі, на якіх былі намаляваны аднадушнасць і аднастайнасць, хаваліся асабістыя драмы ды ідэйныя дыскусіі, надломленыя характары і сапсаваныя кар’еры, вымушаныя канфармісцкія крокі і прага пазітыўнай працы.
Хто не гатовы гэтага зразумець, той будзе і надалей тыражаваць акадэмічныя стэрэатыпы пра негістарычнасць грамадства БССР. Перакручаныя да анекдоту ўяўленні адносяцца ўжо да пачатковай даты, адкуль вядзе адлік храналогія нашага Даведніка: «Смерць Сталіна (5 сакавіка 1953 г.) выклікала шчырую роспач мільёнаў жыхароў Беларусі. Па рэспубліцы пракацілася хваля жалобных мітынгаў. Сотні тысяч людзей рушылі ў напрамку Масквы, каб развітацца з чалавекам, які пры жыцці стварыў легенду пра самога сябе. Ад жалю па Сталіне плакалі нават ахвяры ягоных рэпрэсій»[2]. Цяжка ўявіць, каб хаця б сотня чалавек без афіцыйнага прызначэння магла патрапіць у тыя дні ў Маскву, якая на нейкі час стала практычна закрытым горадам, узятым у аблогу войскамі МГБ.
Няма патрэбы ствараць міф пра шырокі антытаталітарны рух ў Савецкай Беларусі 1953–1985 гадоў, але такімі ж неадэкватнымі з’яўляюцца ўяўленні пра суцэльную апатыю беларускага грамадства і, адпаведна, пра адсутнасць унутраных ментальных рэсурсаў для самаразвіцця. Праблема тут у культурных кодах прачытання сітуацыі.
У 1953 годзе паволе артыкула “антысавецая агітацыя і прапаганда” (72-а Крымінальнага Кодэксу БССР) было асуджана 10 чалавек. У 1954 такіх асуджаных было 3, у 1955 — 2, у 1956 — 2 (гл. Графік змены колькасці асуджаных паводле артыкула “антысавецкая прапаганда і агітацыя” ў БССР і беларусаў у СССР). Частка з асуджаных у 1953 годзе панеслі пакаранне за выказванне задавальнення з нагоды канца тырана. Вольга Лапаціна казала на вясковай вечарынцы: “Сталін наш вораг, ён памёр”. Алена Скрабель пасля вясковага мітынгу жалобы па Сталіну запыталася: “Што ён мне зрабіў добрага, ён жа мне не родны бацька”. Аршанскі чыгуначнік В. Кузняцоў заявіў: “Нарэшце, дачакаўся!” У 1956 годзе у рэстарацыі станцыі Магілёў Я. Дзямідаў называў Леніна “шалёным дурнем”, Сталіна — злодзеем.
Фенаменальным па колькасці асуджаных быў 1957 год — 48 чалавек. Некаторыя сталі палітычнымі вязнямі, бо сапраўды мелі прасталінскія сімпатыі і не ўхвалялі антыкультаўскай рыторыкі Мікіты Хрушчова (напрыклад, П. П. Гарын, асуджаны ў 1956). Але Першага сакратара ЦК КПСС сяляне крытыкавалі ў тыя гады найперш за палітыку абмежавання прыватнага сектару на вёсцы. І. Пятроў заявіў: “Хрушчоў па радыё вучыць адбіраць у калгаснікаў кароў, але мы кароў не аддамо!”
Усе гэтыя выказванні прагучалі ў побытавых сітуацыях, калі мелася нейкае кола слухачоў — на чыгуначнай станцыі, у вясковым клубе, нават у лазні. Агучваліся думкі, якія былі ўласцівыя многім людзям, злачынства ж заключалася ў тым, што той ці іншы канкрэтны чалавек іх прамовіў.
Читать дальше