Францішак Хлус, Марцін Юр
Здані і пачвары Беларусі
«Калі ў мове ёсьць слова, значыцца, існуе й зьява, азначаная гэтым словам» - такога філязофскага прынцыпу няўхільна прытрымліваюцца аўтары гэтае кнігі - першага ў Беларусі навуковага дасьледваньня арэалаў і ладу існаваньня звышнатуральных ды замагільных істотаў. Бадай што кожны ў сваім жыцьці сутыкаўся з такімі, але лягчэй перахрысьціцца, працерці вочы й не паверыць. А між тым шмат якія таямнічыя здарэньні, жахлівыя злачынствы, дый проста паталягічны ідыятызм учынкаў знаходзяць тлумачэньне, калі зірнуць на сьвет зьлёгку прымружаным вокам, так, як глядзяць годныя веры сьведкі, чые праўдзіва распаведзеныя гісторыі сабраныя й клясыфікаваныя ў гэтае кнізе.
Ну, скажыце, чаму дагэтуль несправядліва не даюць веры тым, хто найчасьцей кантактуе са зданямі й пачварамі: наркаманам, таксікаманам, закаханым, нацыяналістам, алкаголікам ды рабаўнікам магілаў? Вам трэба займець сьведчаньні больш сур'ёзных людзей? А дзе ж іх возьмеш, калі законапаслухмяные грамадзяне, ды яшчэ цьвярозыя й неачмурэлыя, ніколі без дайпрычыны не пацягнуцца поначы на закінутыя могілкі, у трупярню, на скрыжаваньне дарог, у разбураны й запаскуджаны касьцёл... Цяпер жа, дзякуючы намаганьням патрыётаў ды іншых антыграмадзкіх элемэнтаў, нарэшце аднаўляецца вера ў надзвычайнае.
Таму прымружце вочы і вы, як станеце чытаць гэтую кнігу. Для вашае зручнасьці як і ў акадэмічнай біялёгіі, здані й пачвары маюць сваю клясыфікацыю: віды, падвіды, атрады, клясы...
Вупар
Гэтая пачвара вядзецца па ўсёй тэрыторыі краіны, і паўсюль мае аднолькавы выгляд. Праўда, апошнім часам некаторыя відавочцы сьцьвярджаюць, што сутыкаліся ў Чарнобыльскае зоне з Вупарамі-мутантамі. Калі не зважаць на гэтую акалічнасьць, а да яе мы вернемся пазьней, Вупар Звычайны мае наступныя выгляд і характар:
Выглядае нармалёвым мерцьвяком трох-чатырохтыднёвае даўніны - зь зялёнымі плямамі па ўсім целе, калі гэта мужчына - глядзіцца няголеным. Іклы прыкладна ўдвая даўжэйшыя за разцы; яны насоўваюцца на ніжнюю губу. Адрозьніваюць вупара ад жывога чалавека так: адразаюць яму галаву - чалавек пасьля маўчыць, а вупар адразу пачынае лаяцца. Характар у вупараў вельмі агрэсіўны й непрадказальны, што відаць з пратаколя, складзенага малодшым сяржантам Ж. сталічнага пастарунка міліцыі са словаў аднаго пацярпелага. У ім падавалася наступнае:
«Дзяжурны сантэхнік Хведар Т. вяртаўся з другой зьмены. На вуліцы Міколы Гусоўскага ў раёне Кальварыйскіх могілак яго пераняў нейкі дзіўнаваты фацэт з пустым эмалёвым вядром у руцэ й прапанаваў выпіць. Хведар, натуральна, пагадзіўся. Незнаёмец запэўніў, нібыта ведае хату, дзе можна ўзяць сьпіртнога. З думкаю, што яны кіруюцца да звычайнай самагоншчыцы па бімбэр, рабочы падаўся сьледам за незнаёмцам. Фацэт старанна абмінаў сядзібы, на брамах якіх былі прыбітыя крыжы. Нарэшце ён спыніўся перад домам з чырвонай пяціканцовай зоркай і, папрасіўшы Хведара счакаць, зайшоў. Празь нейкі час фацэт вярнуўся, згінаючыся пад цяжарам поўнага вядра. Хаўрусьнікі прыпыніліся каля аўтаматаў з газіраванаю вадою, і фацэт разьліў прынесенае пітво зь вядра па шклянках. У сьвятле поўні Хведар заўважыў - ў ягонае шклянцы цёплая кроў і катэгарычна адмовіўся піць. Фацэт спачатку спрабаваў запэўніць Хведара Т, што гэта проста вельмі сьвежае, яшчэ неастылае піва, а потым, угневаўшыся, надзеў яму вядро на галаву. Непрытомнага акрываўленага сантэхніка зь вядром на галаве падабраў на патрульнае машыне пастарунковы міліцыянт. Спэцыяльнае падразьдзяленьне, пасланае ў дом пад чырвонай зоркай, знайшло там абяскроўлены труп гаспадара - вэтэрана ўзброеных сілаў. Па сьвежых сьлядох міліцыянты злавілі й фацэта-вупара: ім аказалася асоба каўкаскай нацыянальнасьці, як высьветлілася на допыце - гомасэксуаліст. Каўказец занядужыў на вупарызм даволі нячастым для гэтай хваробы полавым шляхам - разрыў сьвежую магілу й згвалціў хлопчыка-нябожчыка».
Калі тэхналёгія абароны ад Вупара Зьвычайнага мае даўнія традыцыі й выдатна распрацаваная, то чарнобыльскага Вупара-Мутанта не стрымаюць ані часнычны дух, ані сьвятая вада, ані срэбная куля, пазначаная крыжом. Гэтая пачвара падлягае хіба што дэзактывацыі.
Найбольшую небясьпеку ўяўляюць зь сябе Вупары-жанчыны, якія нахабна дзейнічаюць па рэстарацыях, барах і гатэлях пад выглядам прастытутак. За невялікую плату яны згаджаюцца заняцца аральным сэксам, пасьля чаго разьмілаванаму й страціўшаму пільнасьць кліэнту адкусваюць геніталіі - так зручней высмоктваць кроў. Але адрозьніць іх ад сапраўдных прастытутак няцяжка - яны вельмі халодныя на дотык. Калі якая надзвычай халодная паненка кажа вам, што проста зьмерзла, стоячы на вуліцы, прымусьце яе змыць касьметыку, і пад ёю абавязкова праявяцца зялёныя трупныя плямы.
Читать дальше