Чакаць давялося нядоўта - як толькі практыкант заўважыў за сваёй сьпіною цень несумненна ўзбуджанага мужчыны, то кінуўся на таго. На лямант прыбеглі качагары й адразу ж пазналі ў гвалтаўніку зьніклага нябожчыка. Нягледзячы на пратэсты практыканта з аддзелу крымінальнага вышуку, справядліва разьюшаныя качагары закінулі пачвару ў печ і спалілі на попел.
Гэтае здарэньне яшчэ раз даводзіць, што не дасьледаваўшы шкодных наступстваў новых формаў рытуальнага абслугоўваньня насельніцтва, нельга іх неабдумана ўводзіць ва ўжытак.
Трупныя прэпараты
Гэта - таксама нядаўняя зьява ў пачварным могілкавым сьвеце. У ранейшыя часы, калі людзей хавалі без абавязковага паталягаанатамічнага дасьледваньня, яе папросту не магло існаваць. Зьяву гэтую спарадзіла несумленнасьць медыкаў, якія, карыстаючыся службовым становішчам, аддаюць сваякам для пахаваньня не ўсяго нябожчыка, а адразаючы некаторыя часткі целаў мерцьвякоў, пакідаюць іх сабе для навуковых гульняў і дурных жартаў.
Крывавая трагедыя адбылася ў адным гарадзенскім шпіталі: малады спэцыяліст, супрацоўнік трупярні, адрэзаў і ўзяў на выходныя дні пагуляць дзецям руку нядаўна памёрлага піяніста. Лекар вярнуўся дахаты позна ўвечары і, загарнуўшы руку ў сьвежы нумар «Пагоні», паклаў яе на гаўбец, але забыўся зашпіліць дзьверы на шпінгалет. Уначы суседзяў пабудзіў дзікі лямант, але неўзабаве ўсё сьціхла. Калі раніцою пасьля шматлікіх званкоў у дзьверы суседзі не змаглі патрапіць у кватэру да медыка, яны высадзілі дзьверы ды ўбачылі жудасную карціну: уся сям'я лекара загінула, крывя заліла шпалеры, фіранкі й нават столь, а вантробы членаў сям'і зьвісалі з жырандоляў. Ніхто ня мог даць рацыянальнага вытлумачэньня гэтае трагедыі, але калегі загінулага бажыліся, што рука піяніста празь некаторы час зноў аказалася на сваім мейсцы - каля трупа. Падобныя выпадкі здараліся ў многіх гарадох і мястэчках, але кожнага разу забойцамі выступалі розныя, часамі самыя нечаканыя, органы.
Гэтыя гісторыі сьведчаць, што зьнявага мерцьвяка часам каштуе крыўдзіцелю значна даражэй, чым зьнявага жывога.
Калі раней мы разглядалі могілкавых зданяў і пачвараў з іх досыць спэцыфічным арэалам існаваньня, то, як ведае дасьведчаны чытач, Беларусь - гэта ня толькі цьвінтары, капцы, Курапаты, калюмбарыі ды іншыя мейсцы пахаваньня нябожчыкаў. Значную тэрыторыю нашае Бацькаўшчыны займае водная прастора. І калі для паспалітага люду, пісаў той, гэта - проста мейсца адпачынку й зьняцьця нэрвовых стрэсаў, то для пачваразнаўцаў вада перш за ўсё - асяродак існаваньня злыдухаў. У 60-70-я гады водныя істоты, праўда, моцна пацярпелі ад самых страшных ворагаў беларускага й паляшуцкага народаў - меліяратараў, якія пад выглядам пашырэньня пасеваў і пашаў праводзілі сапраўдны генацыд нячысьцікаў - пазбаўленыя шчырае веры, марыянетачныя БССРаўскія ўлады рукамі сваіх янычараў-меліяратараў змагаліся ня толькі з Богам, але і з Д'яблам. Да таго ж дадалося сістэматычнае забруджваньне рэкаў і вазёраў выкідамі вытворчасьці. Але цяпер, у сувязі з заняпадам прамысловасьці экалягічнае становішча значна палепшаецца, і пачвары-эмігранты нават вяртаюцца на сваю гістарычную радзіму. А таму аматарам воднага турызму варта азнаёміцца з найбольш распаўсюджанымі істотамі гэтае клясы.
Тапелец
Самая, бадай, распаўсюджаная водная пачвара ў Беларусі. Кожны вадаём мае свайго Тапельца, але паколькі той зьяўляецца на паверхні зрэдку й толькі па начох, зьвестак пра яго няшмат. Нават наконт яго паходжаньня не існуе агульнапрынятае вэрсыі. Напрыклад, расейскія навукоўцы, згодна з расейскім мэнталітэтам, беспадстаўна мяркуюць, што Тапелец - бесьцялесная істота, душа якогасьці пьяніцы, які патануўшы ў стане алкагольнага атручэньня, так і не зразумеў, што сыйшоў з жыцьця, а таму і дагэтуль блукае ў пошуках дармавое шклянкі. Вядомыя сваёй артадаксальнасьцю нашыя заходнія суседзі тлумачаць існаваньне тапельца такім жа антынавуковым чынам: нібыта Бог, стварыўшы сьвет, пашнураваў усіх анёлаў і загадаў ім кланяцца. Тых жа, хто адмовіўся, ён скінуў зь неба. Анёлы, якія трапілі ў ваду, зрабіліся Тапельцамі. На нашую думку, ані тыя, ані другія ня маюць рацыі: з аднаго боку, па разважнасьці паводзінаў тапельцаў цяжка меркаваць, каб яны былі ў перманентна пьяным стане, а з друтога боку - усе, нават зацятыя атэісты ведаюць: у анёлаў ёсьць крылы, а Тапельцы, як сьцьвярджаюць сьведкі, іх ня маюць. Апроч таго, анёлы - істоты бясполыя, тапелец жа абавязкова мужчына. Што ж тычыцца айчыннае вэрсыі этнагенэзу Тапельцаў, нам падаецца мэтазгодным меркаваньне сэктара паранармальных зьяваў і замагільнага сьвету Акадэміі навук Беларусі, паводле якога Тапельцы - рэшткі ўшчэнт зьдзічэлага яцьвяскага народу.
Читать дальше