Такім чынам, мы можам вывучаць не самі следчыя справы КГБ, а матэрыялы пракурорскага нагляду ды судовых разглядаў. Вядома, паводле паходжання гэта другасныя гістарычныя крыніцы, якія складаюцца ў значнай ступені з копіяў. Многія важныя для нас дэталі, напрыклад, змест антысавецкіх выказванняў беларусаў, апісваецца часта толькі шаблоннымі фармулёўкамі, кшталту — “хлусня пра калгасны лад”, “выказванні, якія скажаюць знешнюю палітыку савецкага ўрада”, “варожыя выпады на адрас аднаго з кіраўнікоў КПСС і савецкага ўраду”. Але адначасова пракурорскія і судовыя справы — гэта масавыя кампактныя гістарычныя крыніцы, які адкрываюць нам шматлікія імёны жыхароў Беларусі, у розныя гады абвінавачаных у вядзенні антысавецкай агітацыі і прапаганды. І калі архівы КГБ у большасці сваёй застаюцца закрытымі і ў Расіі, то матэрыялы органаў пракуратуры і юстыцыі ствараюць магчымасць для даследавання антысавецкіх працэсаў у Беларусі.
3. Важны і недаступны на тэрыторыі самой Беларусі від крыніцаў — гэта копіі ўліковых картак палітзняволеных. У 1953 г. ГУЛАГ быў раздроблены, а “ўвосень 1956 г. было прызнана немэтазгодным далейшае існаванне папраўча-працоўных лагераў і ў сувязі з гэтым вырашына рэарганізаваць іх у папраўча-працоўныя калоніі”[15]. І ад 1960 г. палітзняволеныя ў СССР дзеля адбыцця тэрміну пакарання накіроўваліся ў адзін рэгіён — да 1972 г. у Дубраўлаг (Мардовія), афіцыйна вядомы пад шыфрам ЖХ-385; ад 1972 г. і да 1987 г. у Скальнінскія палітычныя лагеры (Пермская вобл.), куды была пераведзена асноўная маса зняволеных Дубраўлагу. Для іншадумцаў існавала таксама Уладзімірская турма і шэраг спецыяльных псіхіятрычных шпіталяў. Псіхтурмы ўваходзілі ў сістэму КГБ, але ў многіх псіхшпіталях Міністэрства Аховы Здароўя меліся камеры ў распараджэнні органаў дзяржбяспекі ці ўнутраных справаў. У Беларусі спецыялізаваных псіхіятрычных аб’ектаў не было.
У канцы 1980-х гадоў Камітэт па правах чалавека Вярхоўнага Савета РСФСР стварыў Камісію экспертаў і накіраваў экспедыцыі ў былы Дубраўлаг. У выніку была даследавана ўліковая картатэка гэтага адзінага ў СССР у 1960–1972 гадах лагера для палітзняволеных. Матэрыялы ўліку зняволеных Скальнінскія (Пермскіх) лагераў былі апрацаваны супрацоўнікамі Музея гісторыі таталітарызму і рэпрэсій (Пермскі «Мемарыял»). Копіі ўліковых картак захоўваюцца ў Архіве Навукова-Даследчага і Асветніцкага Цэнтра «Мемарыял» (НИПЦ «Мемориал», Масква): матэрыялы Дубраўлагу — у Фондзе 167, Вопіс 1; матэрыялы Пермскіх лагераў — у Фондзе 167, Вопіс 2.
Ад чэрвеня 1993 у НИПЦ “Мемарыяле” рэалізуецца праект па падрыхтоўцы даведачнай серыі “Пералік палітычных зняволеных паслясталінскай эпохі (1953–1987)”[16]. Кіраўнік праекта — Аляксандр Даніэль, супрацоўнікі праекта — Г. Кузоўкін, А. Папавян, М. Кастэнка. Супрацоўнікі “Мемарыялу” ласкава дазволілі пазнаёміцца з Фондам 167 і дапамаглі адабраць з яго звесткі пра працэсы ў Беларусі і пра ўраджэнцаў Беларусі — палітзняволеных. Гэтая інфармацыя ўжо друкавалася ў Беларусі[17], але ў найбольш поўным выглядзе прадстаўленая ў нашым Даведніку.
4. Маскоўскі “Мемарыял” валодае ўласна назапашанымі матэрыяламі, якія канцэнтруюцца ў Архіве Таварыства “Мемарыял” па гісторыі дысідэнтаў. Сістэматычнае камплектаванне архіва пачалося з вясны 1991 г. і ў нашыя дні архіў уключае 51 фонд і калекцыю, якія адлюстроўваюць дысідэнцкую і калядысідэнцкую актыўнасць у СССР 1960-х — 1980-х гадоў. Архіў ўвесь час папаўняецца новымі матэрыяламі і цалкам яшчэ не апісаны. У прыватнасці, у 1992 г. Міхась Кукабака перадаў “Мемарыялу” сваю калекцыю за 1970–1992 гады, якая складае Фонд 106 архіва.
На базе гэтага Архіва, а таксама бібліятэчных збораў і электроннай базы “Мемарыялу” рэалізуецца Праграма “Дысідэнцкая актыўнасць 1950—1980-х гадоў” (супрацоўнікі Праграмы — Аляксандра А. Рэзнікава і А. Г. Папавян). Часткай гэтай праграмы з’яўляецца падрыхтоўка “Кароткага анатаванага пераліку”. Трэба адзначыць, што многія імёны, якія звязаны з Беларуссю і фігуруюць у Пераліку, адсутнічаюць у базах дадзеных па асуджаных і зняволеных (матэрыялы Пракуратуры СССР і Вярхоўнага Суда СССР у ГА РФ). Таму інфармацыя з Архіву “Мемарыялу” набывае дадатковую каштоўнасць. На гэты момант апрацаваны і апублікаваны ў Інтэрнэце звесткі пра 1185 чалавек, прозвішчы якіх пачынаюцца на літары А — Е[18]. Выбарка па Беларусі дае нам невядомыя раней імёны.
Іншыя архіўныя зборы менш кампактныя па ўтрыманні важных для нашай тэмы матэрыялаў — гэтыя зборы проста велізарныя, з чаго вынікае тэхнічная складанасць іх апрацоўкі і мэтавага пошуку матэрыялаў. Архіўныя зборы цэнтральных органаў КПСС і КПБ важныя ўжо не столькі для здабыцця статыстычных матэрыялаў і персанальных звестак па рэпрэсаваных у судовым парадку, а для вывучэння нонканфармізму ў больш шырокім кантэксце — у яго праявах у асяродках культуры і навукі.
Читать дальше