5. Да такіх збораў трэба аднесці фонды Цэнтральнага Камітэта КПСС, якія захоўваюцца ў Расійскім Дзяржаўным Архіве Навейшай Гісторыі (РГАНИ)[19]. Фонд 5 аб'ядноўвае матэрыялы Апарату ЦК КПСС за перыяд 1935–1991 гадоў. Вывучэнне гэтых матэрыялаў беларускімі даследчыкамі толькі распачынаецца, расійскія аўтары ўжо ўводзяць ва ўжытак некаторыя звесткі па Беларусі[20]. Але гэты фонд даступны для даследчыкаў толькі часткова[21].
6. Фонды ЦК КПБ знаходзяцца ў Нацыянальным Архіве Рэспублікі Беларусь (Фонд 4). Матэрыялы фонду для даследавання гісторыі беларускай культуры вывучаў Уладзімір І. Навіцкі, які выявіў і апублікаваў цікавыя звесткі і па гісторыі нонканфармізму[22].
7. Матэрыялы пра літаратараў і дзеячоў культуры знаходзяцца ў архіве Саюзу Беларускіх Пісьменнікаў і Беларускім Дзяржаўным Архіве-Музеі Літаратуры і Мастацтва. Дзякуючы спецыфіцы фондаўтварэння гэтых архіваў пошук у іх можна весці па персаналіях — у асабістых фондах і справах.
8. На нейкім этапе, а менавіта ў сярэдзіне — другой палове 1990-х гадоў, крыніцы “вуснай гісторыі” заставаліся аднымі з галоўных у даследаванні нонканфармізму ў Беларусі паслясталінскай эпохі. Удзельнікі і сведкі тых падзей сапраўды могуць распавесці пра дэталі, якія немагчыма знайсці ў самых патаемных архівах. Суб’ектывізм гэтых сведчанняў праз свае вартасці мае і заганы, і атрыманыя звесткі ў нейкай базавай сваёй частцы трэба імкнуцца верыфікаваць дакументамі. Цяпер ужо маскоўскія зборы дасягнулі сваёй пазітыўнай ступені выкарыстання і сапраўды, многія вусныя звесткі атрымалі пацвярджэнне, але таксама і ўдакладненне ў дакументальных крыніцах — гэтыя выпадкі можна адцеміць у пераліку выкарыстаных крыніц. Што важна — гэтыя ўспаміны сведчаць пра традыцыю і фіксуюць памяць.
У рамках праграмы “Архіў Найноўшае Гісторыі” ў 1998–1999 ажыццяўляўся запіс успамінаў сведкаў эпохі з выкананнем методык і запаўненнем анкет. Гэтыя матэрыялы ў значнай ступені паўплывалі на фармаванне структуры і падбор персаналій папярэдніх Даведнікаў[23]. Паспяхова прынцыпы “вуснай гісторыі” выкарыстоўваюць таксама аўтары нашага Даведніка — Міхась М. Чарняўскі, Пётра Васілеўскі, Таццяна Снітко, Севярын Квяткоўскі.
9. Толькі напрыканцы 1990-х гадоў пачалі з’яўляцца ў друку ўспаміны (у іх класічным разуменні) прадстаўнікоў незалежнай грамадскай актыўнасці 1950-х — 1980-х гадоў. Асобныя сюжэты асвятляліся і раней[24], але патрэбны быў надлом сярэдзіны 1990-х, каб звярнуцца да здавалася б яшчэ 2–3 гады таму ўжо не настолькі актуальных праблем, як свабода творчасці і праблема выбару[25]. Стаяла за гэтым толькі хада часу, ці спроба зразумець — дзе адбыўся злом, што не было даведзена да канца?[26] Васіль Быкаў, як заўжды, прапаноўваў пакутлівае мінулае і змрочнае будучае[27], Сямён Букчын апраўдана іранізуе над беларусамі і заклікае да прыўнясення скептыцызму ў нашыя ацэнкі[28].
Ёсць яшчэ адна, “пазітывісцкая” форма адказу на выклікі сітуацыі — калі ўдзельнікі тых падзей пішуць тэксты, часам для энцыклапедый, грунтуючыся на ўласных успамінах і ведах, але надаючы ім выгляд сістэматызаваных артыкулаў[29]. Тут ужо гаворыць разуменне важнасці гістарыяграфіі для самасвядомасці грамадства.
Уважлівы чытач можа зрабіць мне заўвагу, што ў сваім аглядзе крыніц я пазначыў не ўсе кірункі пошуку. Асэнсаванне шляху грамадства Беларусі 1950-х — 1980-х гадоў з выкарыстаннем гістарыяграфічных і сацыякультурных методык распачалося зусім нядаўна. Але ўжо засвоеныя масівы крыніц дапамагаюць пазбавіцца ад стэрэатыпаў, якія дазваляюць глядзець на блізкую гісторыю Беларусі толькі з пазіцыі суперідэалогіі альбо гісторыі дзяржавы. Ці чакаюць нас новыя знаходкі? Прага да іх у грамадстве ёсць. Але простыя адказы могуць яшчэ больш заблытаць карціну. Ці хопіць у нас разважлівасці пазбавіцца самапрыніжэння і не спакусіцца на неадэкватнасць маштабу?
Алег Дзярновіч
Некаторыя прынцыпы падачы інфармацыі ў Даведніку:
1. Беларускія тапонімы перадаюцца ў іх традыцыйным напісанні;
2. У афіцыйных назвах устаноў усе словы пішуцца з вялікай літары;
3. Цытаванне тэкстаў робіцца ў арыгінальным правапісе.
Падкрэсленне ў слоўнікавых артыкулах прозвішчаў, назваў арганізацый ці выданняў азначае, што на гэтае слова маецца самастойны артыкул (адпаведна рубрыкацыі — персаналіі, арганізацыі, выданні).
[1] Боффа, Джузеппе. От СССР к России. История неоконченного кризиса. 1964–1994. М.: Международные отношения, 1996. С. 27.
Читать дальше