РАДА БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ (РАДА БНР)
Урад на выгнаньні, адзін з цэнтраў беларускай палітычнай эміграцыі. Утвораная выканаўчым камітэтам 1-га Ўсебеларускага кангрэса, Рада БНР абвесьціла 25 сакавіка 1918 г. незалежнасьць Беларусі. З 1919 г. — на эміграцыі. У сакавіку 1943 г. паўнамоцтвы прэзыдэнта й старшыні ўрада БНР атрымаў Мікола Абрамчык.
У першыя пасьляваенныя гады Рада БНР дзейнічала нелегальна. У сакавіку 1946 г. у Рэгензбургу (Зах. Нямеччына) М.Абрамчык правёў сход беларускіх дзеячоў, на якім прад'явіў свае паўнамоцтвы. Рада была папоўнена новымі сябрамі й быў выбраны ўрад БНР на чале з Абрамчыкам. 28 сьнежня 1947 г. на 2-й сэсыі Рады БНР у Остэргофэне было афіцыйна абвешчана пра яе аднаўленьне. Быў адзінагалосна прыняты статут Рады, у якім яе асноўнай палітычнай задачай абвяшчалася «адбудова незалежнай беларускай дзяржаўнасьці на ўсіх землях, якія ў 1917–1918 гадах належалі да беларускага этнаграфічнага абшару». Рада БНР была аб'яўлена адзіным законным прадстаўніцтвам беларускага народу. Абавязкі старшыні Рады выконваў прэзыдэнт БНР.
Ці не першым выступам Рады БНР на міжнароднай арэне ў пасьляваенны час быў мэмарандум, накіраваны ад імя Рады ў 1946 г. на мірную канфэрэнцыю ў Парыжы. Ён быў падпісаны й «упаўнаважаным прадстаўніцтвам ураду БНР», якое нібыта ў той час нелегальна дзейнічала ў Беларусі й кіравала «змаганьнем беларускага народу супраць расейска-бальшавіцкай акупацыі». Ёсьць зьвесткі, што трэцяя частка сябраў Рады БНР жыла ў БССР. Аднак наколькі рэальным было «прадстаўніцтва Рады БНР» і ці мела яно ўплыў на партызанскі рух — невядома.
У 1951-52 гг. амэрыканскімі сьпецслужбамі былі перакінутыя ў Беларусь шэраг сябраў Рады БНР, якія, аднак, былі арыштаваныя дзяржбясьпекай. Актыўныя захады па падтрыманьню сувязі з антысавецкім Супрацівам у БССР Рада БНР рабіла да сярэдзіны 1950-х гг. У апошнія гады Раду БНР, якая папоўнілася маладымі палітыкамі, ачольвае Івонка Сурвілла. З 1997 г. дзейнічае Эўрапейскі сэктар Рады БНР.
РАМАНЧУК Іван (? — травень 1987)
Беларускі нацыяналіст-рэвалюцыянер. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Беларускай Народнай Самапомачы ў Нясьвіжы. Пасьля вайны — на нелегальным становішчы. Камандзір беларускага партызанскага аддзела, кіраўнік падпольнага Саюзу змаганьня за незалежнасьць Беларусі (псеўда «Ястраб»). У 1949 г. паранены ў баю трапіў у палон. Атрымаў 25 гадоў канцлягераў. Зьняволеньне адбываў на Варкуце. У Беларусь вярнуўся ў 70-х гадах. Памёр падчас нескладанай апэрацыі ў бальніцы. Пахаваны ў Барысаве.
РАМАНЧУК Сымон (1916–1951?)
Беларускі вайсковы дзеяч, кіраўнік паўстаньня палітзьняволеных у «Мінлагу». У 1930-я гг. закончыў Нясьвіжскую настаўніцкую сэмінарыю, паступіў у польскую школу падхарунжых. Аднак пачатак нямецка-савецкай вайны перашкодзіў яе скончыць. З 1940 г. у родных мясьцінах хаваўся ад НКВД, езьдзіў у Львоў. Падчас нямецкай акупацыі Раманчук працуе ў грамадзянскай адміністрацыі ў Нясьвіжы. З сакавіка 1944 г. ён, старэйшы лейтэнант, узначальвае пэрсанальнае бюро пры Галоўным кіраўніцтве Беларускае Краёвае Абароны. З 1944 г. — у Нямеччыне. У Беларусь вярнуўся ў 1945 г. з дэсантам батальёна «Дальвіц», быў арыштаваны. Па іншай вэрсіі, зь Беларусі Раманчук летам 1944-га не выязджаў. Афіцэр БКА Уладзімір Сіўко ўспамінае, што ў лютым 1946 г. Раманчук спрабаваў уцякчы зь менскае «амэрыканкі», але няўдала. Раманчука пасьля гэтага страшна катавалі й ён спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам. Яго засудзілі на 10 гадоў канцлягераў. Спачатку ён знаходзіўся ў «бытавых» лягерах, а пасьля трапіў да палітычных, у «Мінлаг». Там пазнаёміўся з паэткай Ларысай Геніюш, якая пазьней напіша пра яго ў «Споведзі»: «Наш сьветлы герой, які ведаў адно толькі — сваю Радзіму й жыў толькі для яе і ёю». У «Мінлагу» Раманчук рыхтаваў паўстаньне, кантактаваў у гэтай справе з расейцамі й палякамі. Аднак яго здрадзілі. Пасьля суду быў расстраляны на Інце.
РОДЗЬКА Ўсевалад (1920–1946?)
Беларускі палітычны й вайсковы дзеяч, старшыня ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі, арганізатар антыбальшавіцкай партызанскай барацьбы. Скончыў Наваградзкую польскую гімназыю імя А.Міцкевіча ў 1938 г., а пасьля — падафіцэрскую школу ў Замброве. У верасьні 1939 г. трапіў у нямецкі палон, адкуль вызваліўся ў 1940 г. Родзька ўзначальвае Кракаўскую філію Варшаўскага беларускага камітэта. Уваходзіць у групу а. В.Гадлеўскага, якая арганізоўвала падпольную Беларускую Незалежніцкую Партыю. Зь вясны 1941 г. супрацоўнічаў з абвэрам.
Читать дальше