КАРОЛЬ Усевалад (18.10.1919 — кастрычнік 1984)
Беларускі палітычны дзеяч, актыўны дзеяч Беларускай Незалежніцкай Партыі. Паходзіў з в. Старое Сяло на Меншчыне. Закончыў Віленскую беларускую гімназію й мэдыцынскі факультэт Віленскага ўнівэрсытэта. Быў апошнім кіраўніком Беларускага Студэнцкага Саюза. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Баранавічах урачом. Прымаў удзел у падпольным руху. У 1944 г. быў арыштаваны, праходзіў па справе кіраўнікоў БНП. Атрымаў 10 гадоў канцлягераў. Пасьля вяртаньня жыў у Баранавічах.
КІСЕЛЬ Уладзімір (1922 — 24.8.1999)
Удзельнік падпольнай арганізацыі «Саюз Змаганьня за Незалежнасьць Беларусі» (псеўда «Раса»). Паходзіў з Клецка. У час нямецкай акупацыі з сябрамі заснаваў падпольны «Саюз Беларускіх Патрыётаў» у Нясьвіжскай настаўніцкай сэмінарыі. Пасьля вайны настаўнічаў на Нясьвіжчыне, удзельнічаў у падпольлі. Арыштаваны 25 лютага ў Горадні, асуджаны на 25 гадоў канцлягераў. Вызваліўся ў 1960 г. У 90-я гады быў сябрам Дэмакратычнага Аб'яднаньня Ветэранаў.
КАСМОВІЧ Дзімітры (21. 9. 1909 — 23. 4. 1991)
Беларускі вайсковы й палітычны дзеяч, генэрал, кіраўнік вайсковай антыбальшавіцкай арганізацыі «Беларускі Вызвольны Фронт». Паходзіў з Нясьвіжа. Скончыў Радашковіцкую гімназыю (1927). Вучыўся ў вышэйшых навучальных установах Бэльгіі, Польшчы й Югаславіі, актывіст незалежніцкага студэнцкага руху. У 1931-34 гг. служыў у польскім войску. Удзельнік Народнага Сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку ў кастрычніку 1939 г. У 1940-41 гг. К. вучыўся ў Менскай політэхніцы. Улетку 1941 г. арганізаваў беларускую паліцыю ў Менску. У 1942-43 гг. ствараў беларускія вайсковыя й паліцыйныя аддзелы на Браншчыне, Смаленшчыне й Магілеўшчыне. Маёр Беларускай Краёвай Абароны. Сябра ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі. Удзельнік Другога Ўсебеларускага кангрэсу. Зь лета 1944 г. — у Нямеччыне. Супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня вайсковых спраў Беларускай Цэнтральнай Рады. На верасьнёўскай 1944 г. канфэрэнцыі Беларускай Незалежніцкай Партыі быў прызначаны кіраўніком Замежнага сэктару партыі. Падтрымоўваў сувязь з кіраўніцтвам латышскіх нацыяналістычных арганізацый у Нямеччыне. У сакавіку 1945 г. — афіцэр беларускага дэсантнага батальёна «Дальвіц». У красавіку 1945 г. быў накіраваны ЦК БНП на Захад, з мэтай усталяваньня кантакту з саюзьнікамі. Пасьля вайны жыў у Заходняй Нямеччыне, узначальваў Замежны Сэктар БНП (псеўда «Каршун»). Кіраваў Вайсковым аддзелам Беларускай Цэнтральнай Рады. У кастрычніку 1954 г. пачаў арганізацыю Беларускага Вызвольнага Фронту, выдаваў часапіс «Барацьба». Як прадстаўнік БВФ, удзельнічаў у шматлікіх міжнародных антыкамуністычных форумах. Прадстаўляў беларускі вызвольны рух у Антыбальшавіцкім Блёку Народаў і ў Сусьветнай Антыкамуністычнай Лізе.
КЛІМОВІЧ Рыгор (1924–2000)
Адзін з лідэраў руху супраціву ў ГУЛАГу, кіраўнік Нарыльскага паўстаньня 1953 г., аўтар гімну паўстанцаў. Аж да сьмерці знаходзіўся пад наглядам КГБ. Аўтар успамінаў пра лягернае жыцьцё. Актыўны ўдзельнік праваабарончых і грамадзкіх арганізацый.
ЛАПІЦКІ Алег (? - 1950-я)
Беларускі нацыяналіст. У час нямецкай акупацыі быў дзеячом СБМ, сябрам БНП. Летам 1944-га арганізаваў на Вялейшчыне партызанскі аддзел, які дзейнічаў супраць бальшавікоў. Напрыканцы 1944 г. быў арыштаваны. Пасьля канцлягераў жыў у Казахстане, дзе быў забіты пры нявысьветленых абставінах.
ЛАПІЦКІ Расьціслаў (1928–1950?)
Беларускі нацыяналіст, малодшы брат Алега Лапіцкага. Удзельнічаў у Віленскай падпольнай арганізацыі ў 1944 г., пасьля, у 1948 г., стварыў Мядзельска-Смаргонскае антысавецкае моладзевае падпольле. Быў фанатычна адданы сьвятой справе змаганьня за незалежнасьць Бацькаўшчыны. «Калі ты ведаеш, што ў гэтай хаце заначуе маскаль — спалі хату, калі хлеб з гэтай нівы пойдзе маскалю — зьнішчы яе», — гаварыў сябрам Расьціслаў. Прысуджаны бальшавікамі да сьмерці, адмовіўся прасіць памілаваньня. Па адной з вэрсій, быў расстраляны 28 кастрычніка 1950 г. у Маладэчне.
ЛАСТОЎСКІ Вацлаў (27.10 (8.11).1883 — 23.1.1938)
Беларускі палітычны дзеяч, публіцыст, выдавец, гісторык, пісьменьнік. Паходзіў з засьценка Калесьнікі Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Глыбоцкі раён. Працаваў у рэдакцыі газэты «Наша ніва». Выдаў кнігу «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910). З 1915 г. актыўна займаецца палітычнай дзейнасьцю ў Вільні, сябра Рады БНР. Са сьнежня 1919 г. да красавіка 1923 г. — старшыня Рады Міністраў БНР. Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху ў Заходняй Беларусі. У пач. 1920-х жыў у Летуве, быў старшынёй Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызваленьня Беларусі. У красавіку 1926-га пераехаў у БССР, праз чатыры гады быў арыштаваны. Расстраляны бальшавіцкімі катамі.
Читать дальше