У гараж пэрыядычна прыяжджаў амон і біў тых хлопцаў, якія былі пазначаныя чырвонай фарбай. Раўлі: „Чаго вам не хапае?“ Білі іх галавой аб мэталічны плот.
У мяне былі вільготныя сурвэткі, я перадала іх хлопцам, у якіх на руках былі чырвоныя пазнакі. Аднаму атрымалася сьцерці, другому — не.
Супрацоўнік, які складаў пратаколы проста ў гаражы, быў больш-менш адэкватны. Не абражаў. Калі ў яго зазваніў тэлефон, ён сказаў: „Я буду сёньня позна, бо «невероятных» афармляю“.
У жодзінскім ІЧУ я атрымала дубінкай па нырках. Мы ішлі калідорам. Першы канваір задаў тэмп, усе за ім ішлі падскокам, а там катакомбы, я спатыкнулася, ледзь ня ўпала і для раўнавагі дастала рукі з-за сьпіны — за гэта тут жа ўдарылі...
У ІЧУ ўсе супрацоўнікі размаўлялі матам, замахваючыся дубінкай. Абражалі. Называлі нас прастытуткамі і тэрарыстамі.
Двое сутак, якія я правяла ў ізалятары, стаўленьне было на такім самым узроўні, і толькі калі выклікалі на допыт, я пачула: „Добры дзень! Я сьледчы з Барысава. Не хвалюйцеся, я вас біць ня буду“.
Не было ацяпленьня, наўмысна адчынілі вакно. У камэры я зразумела, як людзі замярзаюць у сьнезе. Было жудасна холадна. Не далі нічога: ні матраца, ні коўдры.
Стол быў самым цёплым месцам. Калі я на яго клалася, і гэта бачылі канваіры, яны білі нагамі па дзьвярах, пагражалі, крычалі, каб зьлезла са стала. Калі я націснула на кнопку і папрасіла зачыніць вакно, пасыпаліся мацюкі і пагрозы.
Спачатку ў чатырохмясцовай камэры было дзевяць дзяўчат, на наступную раніцу я засталася адна. Суд адбыўся 20 кастрычніка. Мне далі штраф — 20 базавых.
У справах усіх маіх сяброў быў адзін сьведка — засакрэчаны сілавік, які заявіў на судзе, што мы ішлі ў натоўпе і выкрыквалі лёзунгі. У чацьвярых з кампаніі ў пратаколах былі пазначаныя розныя месцы затрыманьня, але адзін час.
У канцы лістапада мы з калегамі — супрацоўнікі „Белавія“ і Нацыянальнага аэрапорту „Менск“ — запісалі відэазварот, у якім заявілі: „Мы не наркаманы, не алькаголікі і ня польская фальшыўка. Мы грамадзяне Беларусі і жадаем жыць у свабоднай і прававой дзяржаве, у якой выконваюцца закон і правы чалавека, дзе праводзяцца раўнапраўныя перадвыбарчыя кампаніі і сумленныя празрыстыя выбары“.
Мы падтрымалі беларусаў, якіх звольнілі за іх грамадзянскую пазыцыю, і асудзілі затрыманьні мэдыкаў і пэнсіянэраў.
„Хочам у будынку нашага аэравакзалу сустракаць гасьцей, а не праводзіць суайчыньнікаў, вымушаных пакідаць межы нашай краіны, баючыся за сваё жыцьцё толькі таму, што выказвалі свой пункт гледжаньня. Мы бачым будучыню нашай краіны без рэпрэсій, перасьледаў, палітычных зьняволеных“.
Пасьля таго, як наша відэа зьявілася ў сетцы, з кожным з дванаццаці чалавек, якія выказаліся ў звароце, правялі ідэалягічную гутарку.У аэрапорт прыехалі начальнік аддзелу кадраў „Белавія“ і намесьнік генэральнага дырэктара ў ідэалягічных пытаньнях. Акрамя іх, на сустрэчы прысутнічалі некалькі маіх кіраўнікоў.
Пыталіся, чаму мы запісалі зварот у форме „Белавія“. Я патлумачыла, што бяз формы мы безаблічныя. Кажу, таму, што ў кастрычніку мяне называлі прастытуткай у Жодзіне. Быў момант, калі ў мяне пацяклі сьлёзы ад успамінаў пра перажытае ў ІЧУ.Сказала: гэты відэазварот павінны былі запісваць вы як кіраўнікі. У нас шмат супрацоўнікаў пацярпелі ў жніўні-верасьні. Яны проста вярталіся з працы і ня ўдзельнічалі ў акцыях.
Працоўны транспарт праходзіць праз станцыі мэтро „Магілёўская“ і „Ўручча“. Аўтобус спыняецца, мэтро зачыненае, людзі ідуць пешшу. Тады хапалі ўсіх без разбору. Жанчыны, якім за 60 гадоў, уцякалі ад амону, і ня ўсім удалося.
Мне сказалі: „Вы працуеце на дзяржпрадпрыемстве, вы ж разумееце, у каго большая частка акцый. На што вы ўвогуле разьлічвалі?“ Быў і такі аргумэнт: „Мы плацім вам заробак“. Я адказала, што грошы мне не даюць проста так, я працую.Яшчэ спасылаліся на тое, што шмат каму цяпер заробак затрымліваюць, а мне нават далі 13-ы. Я ня вытрымала і сказала, што гэта плявок у твар — 13-ы заробак — 400 рублёў.
На разьвітаньне начальнік аддзелу кадраў сказаў: „Не хачу сустрэць вас праз год і каб вы мяне ненавідзелі“. Намесьнік генэральнага дырэктара па ідэалёгіі дадаў, што, можа быць, калі б ён быў у маім узросьце, зрабіў бы сапраўды гэтаксама, але ня ўпэўнены.
Падзеі разьвіваліся імкліва: празь дзень мяне выклікалі ў офіс „Белавія“ да начальніка наземнага комплексу і прапанавалі два варыянты: альбо я дапрацоўваю да заканчэньня кантракту ў студзені 2021-га і на гэты час пераходжу на працу ў офіс, альбо пішу заяву „пры згодзе бакоў“.Я ўзяла паўзу, каб падумаць.
Читать дальше