Гэта было маё другое затрыманьне, мусіла схлусіць, бо адназначна пайшла б на суткі. Астатніх 60 чалавек, відаць па ўсім, адправілі ў Жодзіна, на Акрэсьціна іх няма.
Пакуль на мяне складалі пратакол, трымалі 4 гадзіны. А сьледчы нават не чытае ніякіх пратаколаў, усё пад капірку. Пры гэтым ім хапае часу сядзець у тэлеграм-чатах, сачыць за дваровымі актыўнасьцямі і высылаць у месцы збору „групы захопу“. Гэта я зразумела зь перамоваў апэратыўнікаў у аддзяленьні міліцыі.
Самае страшнае, калі затрымлівае амон. Калі ў пастарунку мянты проста замучаныя, то гэтыя — цалкам у неадэкваце, не зьдзіўлюся, калі пад наркатой. Шалёныя вочы, суцэльны мат і асалода, калі іншым балюча.
Раптам гвалт зьмяняецца гульлівасьцю, непрыстойнасьцямі. Толькі што білі, і вось ужо адзін з ахоўнікаў прапануе з тэрмасу „хлябнуць гарбаткі“. Загадаў разблякаваць тэлефон — кажа, зараз сэлфі будзем рабіць. То дзіка крычаць, то раптам лагодныя, рагочуць. Абсалютна замбаваныя, хоць на выгляд не старэйшыя за 30 гадоў кожны.
Неўзабаве нас перагрузілі ў іншы аўтобус. Там ужо былі не амонаўцы, а звычайныя міліцыянты. Мужчына-раварыст тым часам сьцякаў крывёй, прасіў выклікаць „хуткую“. На назе быў толькі адзін чаравік, іншы страціў пры затрыманьні. Праваахоўнікі абы як пераматалі галаву, хоць кроў не спынялася. Адзін міліцыянт пры гэтым так і сказаў: капец, прабітая галава. Да моманту прыезду ў пастарунак раварыст ужо нават ня енчыў, проста ляжаў на падлозе і ледзь дыхаў. Пачалі пхаць нагамі, каб пераканацца, ці жывы хоць. Яго ўжо зусім абмяклым выцягвалі з буса, сам падняцца ня мог.
Пакуль быў у прытомнасьці, ён увесь час прасіў вярнуць ровар ці, прынамсі, прымацаваць замком, бо ён яму вельмі дарагі.
Я думаю, што менавіта Мікітаў чаравік бачыла каля піцэрыі ў пачатку Зыбіцкай, дзе і адбыліся жорсткія затрыманьні.
А яшчэ хачу сказаць, якія ў нас неймаверныя людзі. Калі пачаўся хапун, я кінула свой заплечнік да сьметніцы — у ім быў трохмэтровы сьцяг нашага раёну, гаманец, пашпарт. А позна ўначы знайшла заплечнік у піцэрыі побач. І ўсе мае рэчы былі на месцы! Калі б сьцяг знайшлі ў міліцыі, так хутка пэўна ня выйшла б.
„Мяне паклалі ў маю ж лужыну крыві“
Максім Харошын:
— Я ня помсьлівы і ніколі не жадаю людзям зла, але я яшчэ раз хачу паглядзець ім у вочы, толькі калі яны будуць за кратамі.
Мяне завуць Максім Харошын, я той самы ўладальнік „Первого цветного“ і той самы вясёлы хлопец, які раздаваў на жаночых акцыях кветкі.
13 кастрычніка мяне затрымалі невядомыя. Я вельмі доўга баяўся гэтыя кадры глядзець. І толькі нядаўна пачаў іх праглядаць… І я сам у жаху, я сам не пазнаю сябе. Бо я заўсёды вясёлы, адкрыты, жыцьцярадасны. А тут увесь проста кабачок якісьці. Для мяне гэта нейкі сон. Я гэтага ня памятаю.
Мы з жонкай выйшлі ў 8:30 раніцы ў двор, селі ў машыну, не пасьпелі дзьверы зачыніць. Адразу гэтыя дзьверы адчынілі, пачалі крычаць матам. І мы не зразумелі, хто гэта, людзі былі бяз масак. Першая думка ў мяне: „Можа быць, гэта нейкі пранк“. Адразу пачалі біць мяне ў твар. Тры ўдары ў твар — і я ўжо проста ня бачу. У мяне ацякло вока, разарвалі губы. Столькі крыві, што я ўжо проста ня бачу. Пасьля мяне паклалі ў маю ж лужыну крыві. Я там яшчэ ляжаў пяць хвілін, а яны рабілі ператрус машыны. Потым яны надзелі мне балаклаву і завялі ў свой мікрааўтобус.
У мікрааўтобусе яны ўжо былі ў масках. Мне сказалі сядзець на карачках, не падымаць галавы. І ўсю дарогу, пакуль мяне везьлі ў пастарунак (хвілін сорак), я быў на каленях.
Калі мяне прывезьлі ў Першамайскі РУУС, то там было больш жорстка. Там завялі мяне ў кабінэт, дзе было чалавек дзесяць, зь іх недзе тры дзяўчыны. Там адразу пачалі біць. Калі мяне білі, усе дзяўчаты і ўсе супрацоўнікі, акрамя двух, пры гэтым казалі: „Як мы ад гэтага стаміліся, хопіць іх ужо біць“. І сыходзілі з кабінэта.
Мяне білі дубінкамі, білі ў твар і казалі: „Чаго табе яшчэ не хапае ў гэтай краіне? Мы навучым любіць міліцыю. Мы вас усіх вышчамім, усіх зловім“. Яны мне казалі: „Мы дакажам, што ты кідаўся шумавымі гранатамі, што ты разабраў вадамёт, мы дакажам, што ты спаліў лецішча начальніка амону“. То бок усё, што адбывалася ў Беларусі, яны імкнуліся на мяне перапісаць.
Мы жывём у цэнтры гораду, мы ўвесь час езьдзілі са сьцягам. Мы былі заўважныя ў цэнтры гораду. Такіх, як мы, ня тое што няшмат, але мы ім прымільгаліся. Яны мне пра гэта сказалі, што пастаянна бачылі маю машыну, што „ты нейкі бясстрашны“.
Яны мяне зьбілі да страты прытомнасьці, далі нашатыр, каб прывесьці ў парадак. Празь пяць хвілін пачалі зноў біць. І потым у мяне пачаўся астматычны прыпадак, мне не хапала паветра. Я пачаў задыхацца, і гэта іх вельмі моцна напалохала. Яны пачалі адзін на аднаго раўсьці, што ж вы нарабілі. Усе выбеглі з кабінэта і выклікалі „хуткую“.
Читать дальше