Я часта думаю, што будзе, калі гэты дзень надыдзе. Усе будуць хадзіць абдымацца, у Менск прыедуць беларусы з усіх куткоў сьвету, шампанскае будзе ліцца ракой... Ты проста ня будзеш баяцца выйсьці на вуліцу, калі гэта ўсё скончыцца. Хутчэй бы гэты дзень настаў.
„Сорамна, што я нашу форму, а брат пацярпеў ад людзей у форме“
Яўген, вайсковец, Смаргоні:
— Я служыў старшым афіцэрам аддзела ідэалягічнай работы вучэбнага цэнтру інстытуту памежнай службы ў Смаргонях. Восем з паловай гадоў аддаў службе.
Да жніўня мне мая праца прыносіла задавальненьне, я ведаў, што я дапамагаю людзям, быў такім вайсковым івэнт-мэнэджарам: з аднаго боку адказваў за прапаганду, ідэалёгію, інфармаваньне людзей пра службу, краіну і тое, што ад іх патрабуецца; з другога — арганізоўваў сьвяты, культурныя мерапрыемствы, сплавы. Хіба што перад выбарамі адмовіўся расказваць пра Бабарыку і Ціханоўскага — гэта стаў рабіць мой начальнік.
Як „надзейнага“, мяне ўзялі назіральнікам на выбары, дзе я зьвярнуў увагу на завышэньне яўкі. Быў скандал, выклікалі майго начальніка, потым мне трэба было тэрмінова зьезьдзіць у Менск, я вяртаюся — на маім назіральніцкім месцы ўжо сядзіць мясцовы дэпутат. Пры гэтым на рабоце вырашылі, што я езьдзіў кансультавацца з апазыцыяй ці яшчэ зь некім.
Мая сяброўка Вольга Будай — адна з актыўных жыхарак Смаргоняў. Мне начальства пачало гаварыць, што я, маўляў, ня з тымі сябрую, трэба неяк спыняць камунікацыю. Але сяброў не выбіраюць. Дзе работа, а дзе сяброўства.
Чаплялі мяне за падабайкі пад допісамі Радыё Свабода, чыталі мае перапіскі „ВКонтакте“ і Instagram, прынамсі.
Але пасьля жніўня служыць мне ўжо стала некамфортна. У часе гэтых падзей пацярпелі многія сваякі маіх салдат, бацькі.
Напрыклад, на вядомым фота, дзе на газоне ляжыць чалавек, а над ім з выцягнутымі рукамі спэцназавец, дык чалавек на зямлі — дзядзька нашага салдата. Ён наўпрост спытаў у мяне, што я пра гэта думаю. А што мне сказаць, апроч таго, што так быць не павінна, што гэта незаконна, што гэта бясчынства? Людзі ня могуць абараніць свае правы законнымі шляхамі, а на іх кідаюць войскі.
Пра такі мой адказ (адказ ідэоляга!) стала вядома кіраўніцтву.
Але і мае ўласныя сваякі пацярпелі. Мой стрыечны брат быў на Акрэсьціна чатыры дні.Адна справа, калі ты бачыш нейкія відэа, і другая — калі перад табой сіні родны чалавек стогне, ня можа падняцца і кажа, што ён яшчэ лёгка абышоўся. У мяне былі сьлёзы на вачах, што не хапіла мужнасьці выйсьці абараніць яго. Сорамна было сесьці побач зь ім, бо я нашу форму, а брат пацярпеў ад людзей у форме.
Мяне пачалі тузаць да начальства. Начальнік мой сказаў: „У мяне двое дзяцей, яны вучацца на платным, не звальняй мяне, калі ласка“.
Вядома, зь сябрамі я працягваў кантактаваць, на недзяржаўныя мэдыя як быў падпісаны, так і застаўся. І з часам, калі ўсё пачало супакойвацца, пачаліся рэпрэсіі. Ня толькі ў дачыненьні да мяне аднаго, але і да іншых супрацоўнікаў. Я адчуваў, што ідзе да майго звальненьня: пачалі абвяшчаць спагнаньні. За ўсю службу ніводнага не было, толькі заахвочваньні, а тут пачалося.
І вось 6 студзеня выклікалі ў Менск, была жорсткая размова, маўляў, Траяна будзем звальняць, што б ні рабіў, выдалі папярэджаньне аб няпоўнай службовай адпаведнасьці. Ставілі такія задачы, якія я ня мог выканаць; падрыхтаваць загад, які ніколі не рабіў…
Набегла пяць спагнаньняў — склікалі камісію на звальненьне. Падчас яе яшчэ дыялёг такі быў: „Вось прайшло ўжо некалькі месяцаў, ты па-ранейшаму лічыш, што было няправільна зроблена ў жніўні?“ Ды вядома ж, я так лічу!
„Значыць, будзем па розныя бакі барыкад, я буду абараняць свой народ“, — мне адказвае адзін афіцэр. Я ў шоку: „А што гэта, у нас ужо два нейкія народы зьявілася? Нязгодная большасьць — гэта не беларусы?“
У выніку мяне звольнілі; налічаць, відаць, 39 тысяч штрафу за навучаньне ў інстытуце, рахунак яшчэ не прыходзіў. Буду выплочваць, будзе цяжка, нават калі па тысячы ў месяц аддаваць — гэта тры гады.
Сыходзіў я са сьлязьмі на вачах; хтосьці мяне падтрымліваў: і салдаты, і афіцэры. Мае назіраньні — большасьці абыякава, хто ва ўладзе; ёсьць невялікая частка тых, хто спачувае, і яшчэ меншая частка тых, хто гэта ўсё падтрымлівае.
Пра курсантаў нічога не магу сказаць. Яны жывуць у закрытым калектыве, мала што ведаюць. У той час, як нехта зь іх галасаваў за Ціханоўскую, іншыя ўдзельнічалі ў падзеях на вуліцах — адзін злавіў у твар цагліну і страціў зубы. Гэта таксама няправільна, я лічу; я супраць усякага гвалту.
Читать дальше