Я яму сказала: „Паколькі гэта ня экстраная сытуацыя, то я вымушана вам адмовіць адпаведна сваім перакананьням. Зьвяртайцеся да іншага лекара“.
Твар у гэтага амонаўца скамянеў, а вочы, як мне здаецца, пачырванелі. Ён з самага пачатку зразумеў, што за перакананьні — у мяне ж бел-чырвона-белы бранзалет на руцэ. Сказаў: „Разумееце, у мяне праца такая...“ Я адказала, што разумею, але раз аб’ектыўна ніякай мэдычнай дапамогі не было патрэбна, я параіла запісацца да іншага лекара.
Пацыент не крычаў, не пагражаў, проста бразнуў дзьвярыма і пайшоў, а я працягвала свой прыём. Сэрца калацілася, думала, што зараз наляцяць на працу.
Натуральна, на наступны дзень пацыент з амону пайшоў да галоўнага лекара са сваёй вэрсіяй: ён паміраў, а я, бессардэчная, дапамогі не аказала. У нас заўсёды, калі ёсьць скарга, вінаваты лекар, нават калі пацыент ня мае рацыі. Я спрабавала запярэчыць, але сэнсу гэта ня мела, як і ўсюды ў нас. Мяне пазбавілі месячнай прэміі, а гэта істотная частка зарплаты.
Калегам я асабліва не расказвала, але ў цэлым яны паставіліся нармальна. Большасьць людзей супраць гэтай улады, але адкрыта гэтага ніхто не гаворыць.
Разумееце, проста я не магу аказваць дапамогу тым людзям, якія б’юць свой жа народ, якому яны прысягу давалі. Нават не ўяўляю, як яны могуць прыходзіць дадому, абдымаць сваіх дзяцей, гатаваць ежу... Проста жывуць звычайным жыцьцём, а на працы такое вытвараюць?!
Мне пасьля гэтага страшна стала. Я і так шарахаюся ад кожнага бусіка, а цяпер — падыходжу да пад’езда, а там мікрааўтобус, якога раней не было. Думаеш: на мне адны шкарпэткі і адны майткі... Што калі забяруць на 15 сутак?.. Я чакаю, што можа быць помста. У нас цяпер толькі законы фізыкі дзейнічаюць.
А я проста не хацела дапамагаць таму чалавеку, які ўдзельнічаў у катаваньнях — ускосна альбо непасрэдна... Улічваючы, што ў мяне таксама суткі былі на Акрэсьціна.
Білі ўсіх. Дзяўчат, мужчын, дарослых жанчын. Пагражалі на бутэлькі саджаць. Размовы мацюкамі, „чэлядзь паднявольная“ — гэта самае мінімальнае. У параўнаньні зь іншымі людзьмі я не пацярпела. Пару сінякоў было. Там пры затрыманьні білі без разбору. Павыскоквалі з рэйсавага аўтобуса і сталі хапаць... Хто не пасьпеў уцячы, той я. Білі ў бусе. Гэта ў жніўні ўсё было.
У камэры было два ложкі безь нічога і нас чалавек дваццаць. Тры дні не кармілі, не паілі. З крана цякло нешта накшталт вады. У некаторых дзяўчат месячныя: ірвалі на сабе футболкі, каб неяк прыбіраць кроў. Сукамэрніцы ўсе былі пабітыя. Нам яшчэ пашанцавала, што нікога з нас не згвалтавалі, але зь іншых камэр дзяўчат — так. Сэксуальны гвалт быў з ужываньнем дубінак, мне пра гэта расказалі людзі, якім няма падстаў ня верыць.
Хацелася б асобна прывітаньне мэдыкам перадаць, якія працуюць на Акрэсьціна. Як можна не аказваць дапамогу людзям, асабліва тады?! Гэта ж горш за Асьвенцім было! Пераламаюць рукі, ногі, хрыбетнікі, крывацёкі... У мяне ёсьць знаёмыя, якія ў тыя дні на „хуткай“ працавалі. Яны гавораць, што іх проста не пускалі, якіх толькі падстаў яны не прыдумлялі, каб людзей забраць. Гэтых лекараў потым знайшлі і пакаралі суткамі. Цяпер жа прычын для затрыманьня ня трэба.
Я хадзіла на пратэсты дапамагаць людзям. Сяджу ўвечары 9 жніўня, інтэрнэту няма, загадзя падпісалася на SMS-рассылку з навінамі. Я іх чытаю і не магу сядзець дома. Сабрала торбу зь бінтамі, перакісам вадароду, нашатыром — усё, што першае на розум прыйшло. І пайшла адна да стэлы. На жаль, мая торба спатрэбілася. Там і сьвятлашумавыя былі, і раненьні ад гумовых куляў. Бачу, на траве чалавек курчыцца. „Што з табой?“ Ён паказвае кроў на назе; хутка перавязала, таблетку абязбольвальнага ў рот. „Можаш ісьці?“ Панюхаў нашатыру і пайшоў. Чалавек дваццаць за вечар перавязаць атрымлівалася. Такіх лекараў вельмі шмат было. Ня трэба рабіць зь мяне героя... Я хадзіла 9, 10 і 11 жніўня. І ў апошні дзень мяне затрымалі.
Як спраўляюся? Акрамя палітычнай сытуацыі, у жыцьці ёсьць шмат іншых сфэр. А так — у чаканьні вясны. Я ўпэўнена, што мы пераможам. Ну вось як інакш жыць?! Цяпер у мяне стадыя ня тое каб бясьсільля... На гэтай сынусоідзе „Нас расстраляюць — мы пераможам“ я цяпер у ямцы. Настолькі абурае гэтае ўсё беззаконьне, невыкананьне правоў чалавека, правоў грамадзян. У мяне ёсьць блізкія, зь якімі можна падзяліцца, зьняць стрэс.
Так, мы паздымалі шторы правільных колераў, ну а як цяпер? Вось гавораць, што пратэст зьдзьмуўся. Нічога ня зьдзьмулася. Разумееце, раней гэта быў бурлівы паток, а цяпер суп, што кіпіць пад вечкам у рондлі. Яно бамбане. Людзі ўжо ня змогуць зьмірыцца, пункт невяртаньня пройдзены.
Читать дальше