Вядома ж, ніякая машына нас не чакала, і мяне падганялі, каб я хутчэй падпісала дакумэнты, практычна іх не чытаючы. У камэры РУУС мы прасядзелі даволі доўга. Потым павезьлі ў ЦІП на Акрэсьціна, дзе на першым паверсе паставілі тварам да сьцяны.
Галава балела ад паездкі і стомленасьці. Калі глядзіш доўга ў сьцяну перад тварам, галава пачынае кружыцца, цяжка арыентавацца. Я расьсяродзілася, гледзячы на поўзаньне маленькай молі. Мы чакалі супрацоўніцу-жанчыну, якая кожную з нас мела агледзець. За гэты час зноў пераправяралі нашы асабістыя рэчы, і калі глядзелі маю сумку, я папрасіла аддаць мне яблык, які мог так папросту згнісьці.
Неўзабаве прыйшла вельмі прыгожая дзяўчына ў форме, але з абсалютна жалезным тварам, мэханічная, і мы па чарзе заходзілі ў пакой, дзе разьдзяваліся дагала, толькі пакідалі майткі, яна ўсё адзеньне правярала, забірала бялізну з „косткамі“, мы адзяваліся і вярталіся да сьценкі.
Пакуль супрацоўнік адчыняў дзьверы камэры, хтосьці з нас у яго спытаў: „А вошы ёсьць?“ — „Не, але калі добра пашукаць, можна знайсьці што заўгодна“. — „І справядлівасьць?“ — „Не, справядлівасьць — не“.
На судзе я расказала судзьдзі, што лёзунгі проста не пасьпела пракрычаць. Яна ўсьміхнулася і працягвала. У канцы яна спытала, ці ведала я, што мітынг несанкцыянаваны? Я адказала, што ведала. Яна спытала, чаму я пайшла. Я сказала — каб выказаць сваю грамадзянскую пазыцыю, бо іншымі законнымі спосабамі зрабіць гэта цяпер немагчыма.
Я ведала, калі прымала рашэньне ісьці на мітынг, ведала, калі ішла, што магу атрымаць і 15 сутак. І таму ў мяне было поўнае прыняцьце сытуацыі. А яшчэ я адчувала сілу ўнутры. Сілу і яснасьць, а таксама мір і цішыню. Яны былі са мной практычна ўвесь тэрмін.
Пасьля сьняданку быў шмон. „Прадольная“ спытала: „Вас тут шесть же?“. Мы потым варажылі — што яна мела на ўвазе? „6 ж.“ Мо жалудоў?
У аўторак раніцай мы даведаліся, што нас сёньня перавядуць у Жодзіна. Там да супрацоўніка, каля якога я стаяла, зьвярнуліся, ён нешта адказаў, і мяне зьдзівілі два моманты: 1) нармальная мова (увогуле тыя, хто з другога боку, вельмі рэдка гавораць правільна, выкарыстоўваючы складаназалежныя сказы); 2) ён падмацаваў усё словам „фэрштэйн“.
У Жодзіне з рэчамі ў руках мы спусьціліся ўніз і апынуліся ў калідоры, дзе пахла цыгарэтамі і капустай. Сталі перад дзьвярыма пакоя.Пасьля прыглушанага сьвятла галерэяў і калідораў пакой здаўся напоўненым зьзяньнем белага сьвятла. Першае, што я ўбачыла, — стол. За сталом супрацоўнік у форме і з мэдычнай маскай на твары. Адной рукой ён падпёр галаву. Я скіравалася да яго. Раптам на мяне закрычаў чалавек справа: „Ану зрабіла два крокі назад, я сказаў!“
На канапе сядзеў худы, тонкі супрацоўнік, увесь у чорным. На галаве ў яго была балаклава, якая сьмешна заканчвалася на ўзроўні грудзей, як каўпак у кáта. Ён паўсядзеў-паўляжаў, адной рукой падтрымліваў дубінку, другой пісаў у журнале. Я паглядзела яму ў вочы, калі ён крычаў. Яны былі спалоханыя.
„Фамилия, имя, отчество. Громко и четко!“ — Я назвала, ён махнуў рукой, ня стаў пісаць: „Жалобы есть?“ У гэты момант я адчула, што нешта датыкнулася да маёй шыі справа. Тэрмомэтар.
„Не“, — прабубнела я ў маску. Блін, нават калі і былі скаргі, дык калі такім тонам пытаюцца, ты імгненна вылечваесься.
„36,1“, — паведаміў маю тэмпэратуру супрацоўнік у блакітнай кашулі. — „Распишись!“.
Пасьля мэдычнага агляду нас пашыхтавалі каля іншай сьцяны. Усімі сіламі ў нас стараліся ўсяліць страх і трымценьне, але мне было нястрашна. Там руліў усім маёр, як потым мы даведаліся, начальнік ІЧУ Жодзінскага ГАУС.
Нехта зь дзяўчат збоку ад мяне нешта сказаў. Маёр падышоў да яе ззаду і стаў раўсьці: „Зараз сьпіна ўся будзе сіняя!“. Я падумала, што вось ён самасьцьвярджаецца, упіваецца сваёй уладай, запалохвае. Бедны, дробны чалавек. Ня верылася, што ён можа свае пагрозы ажыцьцявіць. Дзяўчаты адна за адной падыходзілі і перашэптваліся. Маёр зноў падышоў і стаў раўсьці: „Я што, няясна папярэдзіў?! Ану змоўклі! Я навучу вас паважаць, сядаеце на шыю! Апошняе кітайскае папярэджаньне!“. Я стрымала сьмяшок.
Ён ведае, што такое кітайскае папярэджаньне? Гэта тонкі тролінг ці як?
Голы шмон. І словы, прыдуманыя намі: калі нас везьлі, прыдумалі, што „аўтазэкі“ едуць. Хтосьці прыдумаў слова „ашмонавец“.
Супрацоўніца ўсё правярала, шкарпэткі і бялізну расьцягвала ў руках, мацала, чытала цыдулкі, ламала мыла. У мяне заваліўся рубель у кішэні, яго паклалі ў пакецік і апісалі.
Читать дальше